Бёрдвочынг: што, дзе, і з чаго пачаць?
Ці ведаеш ты, што людзі гатовыя плаціць больш за тысячу еўра, каб прыехаць да нас і паглядзець на птушак? Далучайся да захапляльнага занятку і назірай бясплатна!
Бёрдвочынг, ці птушкаванне, дасяжны чалавеку незалежна ад месца жыхарства. Нават у вялікім горадзе можна сустрэць шмат розных птушак. Гэта далёка не толькі галубы, вароны, шпакі ды вераб’і.
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
А ўсяго па краіне можна назіраць больш за 300 відаў! Бёрдвочынг – занятак настолькі цікавы, што можа ператварыцца ў сталае хобі, бо азарт натхняе ехаць за тысячы кіламетраў, каб пабачыць пэўны від.
Такі занятак дазволіць табе больш рухацца, бываць на вольным паветры, развіваць уважлівасць і канцэнтрацыю. А яшчэ гэта сувязь з чароўным светам прыроды і выдатнае сямейнае хобі.
У Мінску ёсць некалькі самых папулярных месцаў для назірання за птушкамі. Так, толькі ў Батанічным садзе і Парку Чалюскінцаў можна ў розныя сезоны пабачыць больш за 60 відаў. У Лебядзіным сустракаюцца чырвонакніжнікі, а ў Драздах добра назіраць за вадаплаўнымі птушкамі.\
Дзікае жыццё гарадскога парку: прагулкі ў Драздах
Для тых, хто хоча большага паглыблення ў прыроду, можна параіць пабываць у Бярэзінскім запаведніку і Белавежскай пушчы.
Калі ты пакуль не надта добра разбіраешся ў птушках і можаш хіба што адрозніць сароку ад шэрай вароны, то табе дапаможа палявы вызначальнік у выглядзе невялікай кнігі з рознай інфармацыяй пра птушак або мабільны дадатак Ptushki для Android. Таксама можаш скарыстацца ЭкоГид: Птицы и Голоса ці CollinsBirdGuide.
У тэлеграм-чаце Ціў-ціў ты можаш дзяліцца здымкамі і назіраннямі з іншымі птушкарамі, а таксама задаваць калегам па хобі свае пытанні.
Калі выпраўляешся птушкаваць, надзявай зручны абутак: трэкінгавыя боты – ідэальна, красоўкі – прымальна. Зручней будзе ў адзенні з доўгімі рукавамі, а нагавіцы павінныя хутка сохнуць.
Калі хочаш назіраць за птушкамі з акна – можна ўсталяваць зімой кармушку, а летам – паілку (толькі не забывайся іх папаўняць і чысціць).
Акрамя вызначальніка і бінокля (не трэба вайсковы, пачні з простага) не будзе лішнім нататнік – калі спрабуеш апісаць птушку, разглядаеш яе больш уважліва. Калі атрымаецца зрабіць цікавы здымак, ім можна падзяліцца з Birding Belarus ці на сайце www.florafauna.by. Калі ты хочаш дзяліцца якаснымі здымкамі для выкарыстання ў публікацыях пра дзікую прыроду, далучайся да чату “Птушкі з фотастужкі“.
Яшчэ ў Беларусі ёсць цудоўная асобная інтэрнэт-прастора для аматараў назіранняў за птушкамі “Птушкі штодня”. Тут ты знойдзеш усё: ад парад, дзе і як пачаць займацца птушкаваннем, да таго, дзе знайсці кампанію і куды паехаць паназіраць рэдкім відам, які завітаў у Беларусь. Цікавыя артыкулы з адмысловымі навінамі з усяго свету! Гэтая платформа – выдатная магчымасць атрымаць карысную параду ад дасведчаных бёрдвочараў, арнітолагаў ды знайсці сяброў-аднадумцаў.
На гэтым сайце ты можаш пабачыць цікавыя стрымы, а таксама можаш заносіць свае зімовыя і вясновыя назіранні птушак.
Птушкаваць можна ў розных «рэжымах». Можна проста ўзяць бінокль, вызначальнік і адправіцца на шпацыр.
Больш сталыя назіральнікі вядуць дзённікі, дзеляцца назіраннямі, удзельнічаюць у розных акцыях кшталту Жывая вясна, Салаўіныя вечары. Для тых, каму трэба больш драйву, штогод праходзіць чэмпіянат па фотабёрдынгу і па спартыўнай арніталогіі. Каб больш камунікаваць з аднадумцамі, можна далучыцца да Клуба 200.
Клуб200 у 2020 годзе: сенсацыі і рэдкасці
Калі ты адразу не пабачыш шмат відаў птушак, не варта адчайвацца, бо ўважлівасць прыходзіць з досведам. Для больш інтэнсіўнай вучобы можна завітаць на курсы ці валанцёрскія летнікі.
Хочаш даведвацца пра птушак і дзікую прыроду Беларусі больш? Гартай архіў нумароў часопіса “Птушкі і мы” паглядзець тут.
І напрыканцы, вось фільмы для натхнення заняцца птушкаваннем – Вялікі год і A Birderʼs Guide to Everything.
Пачні – і не зможаш спыніцца!
Тэкст: Алеся Башарымава
Spelling error report
The following text will be sent to our editors: