Фотарэпартаж: заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 30 верасня 2019 года
Змяненне клімату моцна ўплывае на папуляцыі птушак па ўсім свеце. Даведайся, за якіх птушак BirdLife International змагалася на Сусветным кліматычным страйку ў верасні 2019 года і чаму так важна выступаць у абарону дзікай прыроды і людзей.
У верасні 2019 года моладзевы страйк супраць змянення клімату, які ініцыявала сваім выступам 16-гадовая экалагічная актывістка Грэта Тунберг, дасягнуў свайго піку. Дзеці і дарослыя з усяго свету аб’ядналіся дзеля таго, каб патрабаваць рэальных дзеянняў ад сусветных лідараў. У пятніцу, 20 верасня 2019 года, BirdLife з партнёрамі з самых розных краін выйшлі на вуліцы, каб выступіць у абарону дзікай прыроды і людзей і звярнуць увагу на крызіс, у якім мы апынуліся.
Птушкі – гэта індыкатары, якія сведчаць аб здароўі дзікай прыроды на планеце, а яно катастрафічна пагаршаецца з прычыны змянення клімату. Акрамя таго, птушкі граюць важную ролю ў харчовых ланцужках і функцыянаванні экасістэм. Знікненне птушак стане непапраўным не толькі для прыроды, але і для чалавецтва. Супрацоўнікі кембрыджскага офіса BirdLife у Вялікабрытаніі вырашылі адлюстраваць становішча на прыкладзе чатырох відаў птушак, на якіх змяненне клімату ўплывае найбольш. Мы наведалі страйк разам з Каралеўскім таварыствам аховы птушак (RSPB), нашым партнёрам у Вялікабрытаніі.
Супрацоўнікі RSPB цягам трох дзён працавалі над гэтым прыгожым палатном з выявай атлантычнага тупіка Fratercula arctica (пад пагрозай знікнення) – адной з тых птушак, плакаты з якімі найчасцей сустракаліся на страйку ў пятніцу. Нездарма гэты від паказваецца ў СМІ як адна з найбольш шырока вядомых ахвяр змянення клімату. Праз змяненне клімату значна скарацілася колькасць птушанят, якія штогод дажываюць да перыяду апервання. Тэмпературныя змены выклікаюць несупадзенні ў часе цвіцення планктону і з’яўлення вялікай колькасці рыбы з перыядам вывядзення птушанят тупіка. Павышэнне тэмпературы мора таксама выклікае рэзкае змяншэнне папуляцыі пясчанак, асноўнай ежы тупікаў. Як наступства, птушанятам не хапае ежы.
Яшчэ больш пагаршаюць сітуацыю прыродныя катаклізмы і штормы, якія зрабіліся больш частымі і моцнымі праз змяненне клімату. Гэтыя экстрэмальныя прыродныя з’явы прыводзяць да таго, што ў моры гінуць тысячы дарослых птушак, а ў гнёздах – тысячы птушанят.
Стэф Прынс (справа), менеджар марскіх праектаў, выбрала для свайго плаката альбатроса. З усіх марскіх птушак альбатросы знаходзяцца ў групе найвялікшай рызыкі, таму Стэф вывучае іх у першую чаргу. Штогод сотні тысяч птушак заблытваюцца ў прамысловых рыбалоўных снасцях і тонуць. Для цёмнаспіннага альбатроса Phoebastria immutabilis і чарнаногага альбатроса Phoebastria nigripes (абодва знаходзяцца ў групе патэнцыйна ўразлівых відаў) змяненне клімату дадае пагрозу, якую яны не могуць адолець. Гэтыя віды кормяцца на невысокіх ціхаакіянскіх атолах і выспах, якія могуць быць цалкам затопленыя пры павышэнні ўзроўню мора.
Ана Ўітлі (у цэнтры) адзначае, што пінгвіны ўключаныя ў Чырвоны спіс відаў пад пагрозай знікнення, складзены Міжнародным саюзам аховы прыроды (МСАП). У гэта цяжка паверыць, але 10 з 18-ці відаў пінгвінаў знаходзяцца пад пагрозай знікнення, а 88 % відаў пінгвінаў ужо трапілі пад уплыў змянення клімату. Для некаторых відаў пагрозай становіцца недахоп ежы. Найбольш рэдкі від – галапагоскі пінгвін Spheniscus mendiculus (пад пагрозай знікнення) – харчуецца рыбай, таму залежыць ад акіянскіх плыняў. Працяглыя перыяды высокай тэмпературы вады прыводзяць да голаду, які раней ужо быў прычынай катастрафічнага змяншэння папуляцыі, для аднаўлення якой спатрэбяцца гады.
Змяненне клімату наўпрост пазбаўляе жытла пінгвінаў, якія жывуць на лёдзе, напрыклад, імператарскага пінгвіна Aptenodytes forsteri (блізкі да пагрозы знікнення). Паводле прагнозаў, гэты колькасць гэтага віду скароціцца на 20-29 % за тры наступныя пакаленні, бо пасля памяншэння таўшчыні лёду ім будзе цяжка знайсці месцы, прыдатныя для пражывання.
Сітуацыя не абмяжоўваецца толькі раставаннем лёду і затапленнем: змены тэмпературы могуць прывесці да знікнення цэлых экасістэм. Нядзіўна, што таўстадзюбая ванга Euryceros prevostii (пад пагрозай знікнення) выглядае такой раз’юшанай: праз 50 гадоў месцы яе пражывання могуць знікнуць назаўжды. У гэтага прыгожага прадстаўніка грычуновых, які жыве на паўночным усходзе Мадагаскара, засталіся толькі некалькі лапікаў некранутага нізіннага трапічнага лесу. На жаль, месцы яго пражывання хутка выцясняюцца сельскай гаспадаркай і дрэванарыхтоўкай, але гэтыя пагрозы блякнуць перад нашмат большай праблемай. Згодна з мадэляваннем навукоўцамі будучыні Мадагаскара, калі прагнозы змянення клімату спраўдзяцца, экалагічная ніша, якую займае гэты від, можа проста знікнуць.
Такія дадзеныя могуць выклікаць адчай, але ёсць і надзея. Сам маштаб пратэстаў, што адбыліся на гэтым тыдні, у якіх узялі ўдзел мільёны людзей ад Дакара да Сіднэя, ад Нью-Ёрка да Лондана, сведчыць аб тым, што свет нарэшце абуджаецца і пачынае патрабаваць рэальных дзеянняў. Сусветныя лідары больш не могуць ігнараваць голасу людзей: цяпер іх чарга прыслухацца і пачаць дзейнічаць.
Ці ўплывае пацяпленне клімату на беларускіх птушак? Так, уплывае. 100 гадоў назад пардва (белая курапатка) жыла на ўскрайку Белавежскай пушчы. Гэта від арктычнага комплексу. Цяпер яна сустракаецца толькі на некалькіх балотах Віцебскай вобласці і, магчыма, знікне на працягу наступных 10 гадоў. Другі від – глушэц – з таёжнага комплексу відаў- імкліва знікае з мапы Беларусі. Найбольш буйныя яго групоўкі засталіся на мяжы з Расіяй на поўначы і ўсходзе нашай краіны.
Джэсіка Лоў, birdlife.org
Пераклад Алены Раманоўскай
Падзяліся артыкулам у сацсетках: