Шмат хто дбае пра кармушкі для птушак, аднак мала хто ўзгадвае, наколькі важны для птушак сталы доступ да чыстай вады.
Як і мы, птушкі карыстаюцца вадою як пітвом і для купання. Асабліва важна мець доступ да вады ўзімку, калі прыродныя крыніцы пад ільдом, ці ўлетку – у гарачае, сухое надвор’е, калі знайсці гэтыя крыніцы можа быць даволі складана.
У птушак няма потавых залоз, а таму яны патрабуюць менш вады, чым сысуны (млекакормячыя). Ваду яны страчваюць праз дыханне і з памётам. Каб пакрыць дзённую страту вады, малым птушкам звычайна трэба піць не менш за два разы на дзень.
Птушкі атрымліваюць патрэбную вадкасць з пажывай і пітвом. Большасць насякамаедных птушак атрымлівае большую частку вады з пажывай. Насенняедныя птушкі патрабуюць больш вады (прычынай таго – іх сухая дыета).
Дробныя птушкі знаходзяць ваду на неглыбокіх месцах ручаёў і сажалак каля берагоў. Таксама яны не грэбуюць і кроплямі, што збіраюцца на лістах раслін, асабліва калі гэтыя птушкі жывуць на лясістай мясцовасці. Тыя птушкі, якія большасць часу праводзяць у паветры і кормяцца ў палёце (як ластаўкі і свіргулі), здольныя спікіраваць і набраць поўную дзюбу вады ў палёце. Відовішча ўражвае!
Большасць птушак для таго, каб напіцца, павінны акунаць дзюбу ў ваду і закідваць галаву, каб ваду праглынуць. А вось галубы здольныя піць бесперапынку, апусціўшы дзюбу ў ваду.
Вада для купання – не меней важная для птушак, асабліва зімой. Падтрымліваць пер’е ў добрым стане – жыццёвая неабходнасць, і задавальняецца яна праз купанне. З вільготных пёраў лягчэй сыходзіць бруд і такім чынам палягчаецца апярэнне.
Падчас купання птушкі старанна перабіраюць пёры і раўнамерна пакрываюць іх сакрэтам з хвастцовай залозы. Так яны засцерагаюць пер’е ад намакання, каб яно магло ўтрымліваць пад сабой слой паветра, якое захоўвае цяпло.
Чыстая вада дапамагае птушкам не падчапіць хваробу.
Птушыная ванна патрабуе рэгулярнай чысткі і замены вады. Водарасці, апалыя лісты ці экскрэменты накопліваюцца хутка, таму дбайна чысціць птушыную ванну трэба прыкладна кожны тыдзень. Прашаруй сценкі і дно, каб пазбавіцца водарасцяў і іншага бруду.
Для гэтага можна карыстацца разбаўленым вадой сродкам для дэзінфекцыі, аднак пільнуйся, каб не пакінуць пасля чысткі слядоў хімікатаў. Карыстайся нетаксічнымі сродкамі.
Птушкам патрэбна пітная вада і ў гарачае, і ў халоднае надвор’е. Таксама і купанне неабходна ім нават у самыя халодныя зімы. Менавіта ў маразы, калі большасць прыродных крыніц замярзае, клапаціцца пра месцы для купання птушак найбольш важна. Перадухіліць заледзяненне птушынай купальні можа быць няпроста, але прапануем вам некалькі парад:
Не дадавай ў ваду ніякіх хімічных сродкаў (такіх як гліцэрына, антыфрыз ці соль). Яны могуць парушыць водатрываласць птушынага пер’я ці атруціць іх саміх.
Існуе шмат спосабаў забяспечыць птушак вадой у садзе, але самы просты спосаб – гэта птушыная ванна. Па сутнасці, гэта посуд з вадой – і ўсе яго эстэтычныя аспекты патрэбны для таго, каб радаваць нас, а не птушак!
Добрая птушыная ванна мае простую і трывалую канструкцыю, але пры тым досыць лёгкую, каб яе было лёгка чысціць і напаўняць.
Віды птушак, якія будуць наведваць тваю птушыную лазню, і іх колькасць залежаць ад таго, дзе знаходзіцца твой сад, а таксама ад навакольнай расліннасці.
Важна правільна размясціць ванну: птушкі будуць карыстацца ёй толькі тады, калі будуць адчуваць сябе ў бяспецы.
Упэўніся, што размяшчэнне ванны забяспечвае добрую бачнасць для птушак падчас купання. Разам з тым варта мець паблізу кусты ці дрэвы, дзе яны пры патрэбе могуць схавацца, а таксама досыць месца, на якім птушкі змогуць сядзець падчас купання.
Пераканайся, што каты не змогуць выкарыстаць укрыццё для птушак як засаду. Для гэтага пад кустамі ці дрэвамі можна пакласці галіны калючых раслін, напрыклад шыпшыны ці руж. Паспрабуй размясціць ванну ў розных месцах саду, каб убачыць, якому з іх птушкі аддаюць перавагу.
Пры сухім надвор’і птушкі спрабуюць піць з бочак ці паілак для скаціны. На жаль, многія з іх тонуць. Калі накрыць глыбокую ёмістасць немагчыма, у яе трэба пакласці драўляную дошку ці галіну, на якую птушкі змогуць бяспечна прызямліцца, каб напіцца ці нават выкупацца.
Крыніца: rspb.org
Пераклад Ягора Давыдзькі
Spelling error report
The following text will be sent to our editors: