Дзікае жыццё гарадскога парку: прагулкі ў Драздах
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 18 снежня 2020 года
Сустрэць у адзін час і ў адным месцы некалькі цікавых відаў, так што не ведаеш, каго фатаграфаваць? Такое можа здарыцца нават у гарадскім парку, нават у снежні.
Мы пагутарылі з бёрдвочаркай Аксанай Суботка пра яе прагулкі ў мінскім парку Дразды.
За лістапад-снежань я налічыла 31 від птушак, але ў асноўным я назірала ў снежні. У мяне быў адпачынак, і я на прагулку ў парк хадзіла штодня або праз дзень. Я была ўражаная, наколькі ў буднія дні там больш можна пабачыць, чым у выходныя! Звычайна мы гуляем у выходныя і сустракаем звычайныя віды. А за два тыдні адпачынку я пабачыла парк зусім з іншага боку. Калі мала людзей, ён нібыта насяляецца дзікімі звярамі і птушкамі. Я нават не думала знайсці там свайго “лайфера” – вераб’інага сычыка!
Цікава ведаць: лайфер – від птушкі, пабачаны ўпершыню.
Першы раз я яго ўбачыла выпадкова. Кажуць, што птушкі выдаюць яго крыкамі, і так яго можна заўважыць. Але тады ніхто не крычаў. Я проста паглядзела, што нейкая птушка ўдалечыні сядзіць, а ўжо на фотаапараце, калі наблізіла, зразумела, што гэта сычык.
Таксама ў снежні мяне ўразіла сустрэча з чорнай жаўной у гэтым парку. Я нават не падазравала, што яе тут можна сустрэць. Але я яе бачыла мелькам, здымкаў добрых не атрымалася.
Любіш назіраць за птушкамі? Далучайся да Тэлеграм-чату “Ціў-ціў!”
У адзін дзень, калі я ўбачыла і сычыка, мы сустрэлі яшчэ малых коўраў, зімародка і амерыканскую норку – прычым гэта ўсё за дзве гадзіны і літаральна ў адным месцы. На куст прыляцеў і сеў зімародак, а пад ім норка прабягала. І тут жа плавала малая коўра. Я настолькі разгубілася, каго фатаграфаваць, бо ўвогуле не чакала такога! Я проста гуляла па звыклых мясцінах і нават не чакала пабачыць такія рэдкасці. Дарэчы, норка зусім нас не баялася, ва ўпор паглядзела і доўга бегла ўздоўж берагу з другога боку ракі: мабыць, ацаніла, што там бяспечна.
Цікава ведаць: амерыканская норка – інтрадуцэнт, чужародны від, упершыню завезены ў Беларусь у 1953. З 1953 па 1958 год у розныя вадаёмы краіны выпусцілі 895 звяркоў. Цяпер амерыканскую норку можна сустрэць практычна паўсюль у Беларусі. Гэты від практычна выцесніў мясцовую еўрапейскую норку, якая знаходзіцца на мяжы вымірання.
Малая коўра. Фота Аксаны Суботка
Я пачала назіраць за птушкамі амаль два гады таму падчас курсаў бёрдвочынгу, у мяне выкладаў Максім Нямчынаў. Потым мы пасябравалі з дзяўчатамі з гэтых курсаў, пачалі ўдзельнічаць у чэмпіянатах па фотабёрдынгу, адзін раз удзельнічалі ў чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі. Усё гэта зацягнула, і назіранне за птушкамі ператварылася ў любімае хобі. Перыядычна з сябрамі выбіраемся на прыроду па выходных або я проста гуляю з сям’ёй ці адна па парках. А паколькі побач Дразды, то гэты парк мы наведваем часцей за ўсё.
Я часта сустракаю тут жоўтагаловых каралькоў, мне падабаюцца гэтыя птушкі: яны міленькія і шпаркія, іх вельмі цяжка фатаграфаваць. У мяне мара зрабіць добрыя кадры з імі, але пакуль не атрымалася.
Вакол лесапарку часта сустракаем шэрых курапатак. Для нас гэта ўжо звычайны від, які ходзіць там на палях, пад кусточкамі хаваецца. Часам сустракаецца цэлая чарада, а не адзінкавыя асобіны. Сярод дзятлавых, акрамя чорнай жаўны, бачылі сівую жаўну, сярэдняга і вялікага дзятлаў.
Вавёрак часта бачым, зайца аднойчы бачылі там. Яшчэ там ёсць сляды баброў, шмат свежапагрызеных дрэваў. Але саміх звяркоў мы не бачылі. Вельмі хочацца, вядома, сустрэць ужывую і хаця б здалёк сфатаграфаваць. Вельмі багаты на жыўнасць парк!
Cваімі здымкамі ў добрым памеры, відэа і ўражаннямі ад птушак і іншых жывёл можна дзяліцца на сайце “Птушкі штодня” самастойна (пасля рэгістрацыі) у двух раздзелах: “Нашы назіранні” і “Фотагалерэя”.
Гутарыла Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: