Конь Пржавальскага ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі

ад 30 сакавіка 2023 года

Пастановай Мінпрыроды Беларусі №9 ад 3 сакавіка 2023 года від атрымаў новы ўзровень абароны. Беларуская папуляцыя мае высокую значнасць для выжывання віду.

Коні Пржавальскага – жарабец і дзве кабылы – упершыню былі зарэгістраваны ў Беларусі ў 2007 годзе. Яны пераплылі Прыпяць з Украіны і апынуліся ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку ў Беларусі.

Коні Пржавальскага.

Коні Пржавальскага ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Фота Валера Дамброўскага

Пасля адкрыцця віду менавіта заснавальнік і ўладальнік украінскага заказніка “Асканія-Нова” Ф. Э. Фальц-Фейн быў першым арганізатарам экспедыцый па адлове коней Пржавальскага ў Джунгарыі. Дарэчы, Фрыдрых Фальц-Фейн адначасова валодаў Налібоцкай пушчай на тэрыторыі Беларусі.

У запаведніку “Асканія-Нова” больш за сто гадоў жывуць коні Пржавальскага, адсюль яны трапілі ў розныя заапаркі Еўропы, адсюль у 1998 годзе 31 асобіна была завезена ва ўкраінскую частку Чарнобыльскай зоны адчужэння. У наступныя гады іх папуляцыя павялічвалася і дзякуючы мерапрыемствам па абароне ад браканьераў дасягнула да 2018 года 150 асобін.

Паступова беларуская групоўка таксама павялічвала сваю колькасць. У 2022 годзе яна складала ўжо 35 асобін у чатырох групах. Паказчыкі генетычнай разнастайнасці кажуць пра добры патэнцыял для доўгачасовага існавання папуляцыі каня Пржавальскага ў натуральных умовах зоны адчужэння ЧАЭС.

Конь Пржавальскага паходзіць з Цэнтральнай Азіі. Від быў апісаны ў 1881 годзе, і ўжо тады колькасць яго была невялікай. У 1969 бачылі апошняга дзікага каня ў Манголіі. Від захаваўся толькі дзякуючы развядзенню ў заапарках і рэзерватах.

З 1992 года каня Пржавальскага пачалі вяртаць у дзікую прыроду. Створаны дзікія папуляцыі ў Расіі, Украіне, Кітаі, Манголіі, Казахстане.

Сучасная сусветная папуляцыя вядзе пачатак ад 11 жывёл-заснавальнікаў і 1 аднаго свойскага каня. Гэта нагадвае гісторыю з зубрам, які таксама быў знік з дзікай прыроды, і папуляцыю атрымалася аднавіць дзякуючы ўсяго дзевяці асобінам з няволі.

Конь Пржавальскага ўключаны ў Чырвоныя кнігі Украіны і Расіі, а таксама ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды (МСАП) са статусам “пагражальны від”.

План дзеянняў па захаванні дзікіх коней, прапанаваны МСАП, уключае:

  • пошук дадатковых месцаў рэінтрадукцыі (перасялення) віду;
  • падрабязны маніторынг стану пагалоўя;
  • папярэджанне гібрыдызацыі са свойскімі коньмі;
  • генетычны кантроль для ўсіх асобін для мінімізацыі эфектаў інбрындынгу.

Улічваючы рэдкасць віду ў свеце, высокую ступень пагрозы яго існаванню ў дзікай прыродзе і значнасць беларускай групоўкі для выжывання віду ў цэлым, каня Пржавальскага ўключылі ў Чырвоную кнігу Беларусі. Хаця мэтазгоднасць уключэння ў нацыянальную Чырвоную кнігу інтрадукаванага віду можа і аспрэчвацца некаторымі заалогамі і прыродаахоўнікамі.

Віду надалі найвышэйшую катэгорыю нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці. Гэта значыць, што выратаванне віду немагчыма без спецыяльных мер і краіна нясе адказнасць за захаванне значнай долі ад глабальнай папуляцыі.

Дзікія коні былі амаль ніяк не абаронены да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 верасня 2020 г. № 345, які ўнёс змены ў Правілы палявання. Па прапанове АПБ у Дадатак 12 да Указа быў унесены новы атрад і асобна конь Пржавальскага. Заадно сур’ёзную абарону атрымаў і польскі конік, выпушчаны на волю ў Налібоцкай пушчы. Калі раней іх здабыча абышлася б браканьеру, зыходзячы са стаўкі ў 35 базавых велічынь, то цяпер стаўкі сур’ёзна ўзраслі, адпаведна 400 і 120 базавых велічынь. Незаконнае паляванне на каня Пржавальскага пасля ўключэння ў Чырвоную кнігу абыдзецца мінімум у 1200 базавых.

У 2019 годзе ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Налібоцкі” з Нідэрландаў перасялілі 150 тарпанападобных коней пароды конік польскі. Тады ў заказніку вырашылі апрабаваць вопыт кіравання экасістэмамі шляхам натуральнага выпасу коней, які актыўна прымяняецца ў Заходняй Еўропе.

Цяпер можна сказаць, што эксперымент быў паспяховы і яго плануецца распаўсюдзіць далей па краіне, бо шмат паплавоў, якія раней гудзелі ўвесну ад качак, гусей і кулікоў, зарастае хмызнякамі і бур’яном. Але цяпер канкурэнцыю коніку (адзічэлай форме свойскага каня) як інструменту для кіравання лугавымі экасістэмамі складае дзікі конь Пржавальскага, які мае пагражальны статус і няшмат месцаў у свеце, дзе можа вольна пасвіцца.

Крыніцы: Биологическое разнообразие животного мира Полесского государственного радиационно-экологического заповедника : [коллективная монография] / М. Е. Никифоров [и др.] ; под ред. М. Е. Никифорова ; фот.: В. Ч. Домбровский [и др.] ; Национальная академия наук Беларуси, Научно-практический центр по биоресурсам, Полесский государственный радиационно-экологический заповедник. – Минск : Беларуская навука, 2022. – 407 с., Gaddy, L. L. Biodiversity: Przewalski’s Horse, Edna’s Trillium, the Giant Squid, and Over 1.5 Million Other Species (англ.). — 2005. — P. 6.


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: