Правілы Чэмпіянату Беларусі па спартыўнай арніталогіі BirdRace-2026
31 августа 2026
Арганізатарам спаборніцтваў з’яўляецца Клуб200. У спаборніцтвах 5 верасня 2026 года удзельнічаюць каманды з 3 ці 4 чалавек. Кожная каманда да 12.00 напярэдадні спаборніцтваў паведамляе ў аргкамітэт назву каманды, яе склад, месца старту і нумар тэлефона для сувязі. Пра змены ў складзе каманды або новае месца старту трэба паведаміць ў аргкамітэт да пачатку спаборніцтваў. Склад каманды не можа мяняцца пасля пачатку спаборніцтваў.
Разам з чальцамі каманды падчас спаборніцтваў могуць знаходзіцца іншыя людзі: кіроўца, журналіст(ы), назіральнік(і). Аднак ніхто, акрамя чальцоў каманды, не можа браць удзел у пошуку і/або вызначэнні птушак.
Спаборніцтвы адбываюцца з 6.00 да 18.00 на працягу 12 гадзін.
Каманды, якія збіраюцца фінішаваць у Тураве, мусяць не пазней за 19.30 з’явіцца па наступным адрасе: вул. Савецкая, д. 2.
Падчас спаборніцтваў можна карыстацца любымі траспартнымі сродкамі.
Усе чальцы каманды падчас перамяшчэнняў мусяць знаходзіцца ў адным транспартным сродку. Калі гэта немагчыма – напрыклад, для каманды на роварах, чальцы каманды мусяць знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі чальцамі каманды. Падчас пошуку птушак чальцы каманды мусяць знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі чальцамі каманды.
Аб рэгістрацыі дваццатага і кожнага наступнага дзясятага віду каманды паведамляюць праз Telegram на пазначаны нумар у наступным фармаце: назва каманды (можна скарочанная), нумар віду і ягоная назва.
Перамагае каманда, якая з 6.00 да 18.00 набярэ найбольшую колькасць балаў. Улічваюцца толькі жывыя дзікія птушкі ў прыродных умовах. Рэйтынг вiдаў для прызначэння балаў наступны: 1 бал – від быў адзначаны 75-100% камандаў, 2 бала – 26-74% камандаў, 3 бала – ад двух да 25% камандаў, 4 бала – толькi адной камандай.
Падчас спаборніцтваў кожная каманда вядзе спіс зарэгістраваных відаў птушак у спецыяльнай форме. Улічваюцца толькі тыя віды, якіх ўбачылі або пачулі ўсе чальцы каманды. Від, вызначаны па голасе, пазначаецца ў спісе скрыпічным ключом або лацінскай літарай V. Спіс птушак мусіць весціся ў храналагічным парадку на беларускай, рускай або лацінскай мове, з пазнакай вадаёму, населенага пункту або ўрочышча, дзе быў зарэгістраваны кожны від, а таксама колькасці асобін, адзначаных у момант, калі від быў сустрэты ўпершыню.
Забараняецца спецыяльна палохаць птушак ці рабіць іншыя дзеянні, каб ускладніць або зрабіць немагчымым іх назіранне іншай камандай.
Усе чальцы каманды мусяць быць гатовымі даць тлумачэнні членам журы па завяршэнні спаборніцтваў пра абставіны назірання і вызначэння відаў са спісу каманды, а таксама (калі спатрэбіцца) па зноў усталяваных спрэчных момантах.
Нельга выкарыстоўваць запісы галасоў птушак, сеткі або любыя іншыя прыстасаванні, акрамя бінокляў, труб, відэа- і фотакамер, транспарту і вызначальнікаў.
Да 18.00 усе каманды мусяць паведаміць праз Telegram фінішную колькасць зарэгістраваных вiдаў, а да 18.45 – даслаць поўныя спісы відаў у выглядзе сфатаграфаванай запоўненай формы (не чыставік) і спампаваны файл з табліцай (яе можна запоўніць на тэлефоне).
Кожная каманда пасля заканчэння спаборніцтваў высылае ў аргкамітэт фота каманды з оптыкай, якую яна выкарыстоўвала (трубы, біноклі, фотакамеры).
Пасля правядзення спаборніцтваў вызначаецца каманда-пераможца і месцы іншых каманд, пра што аргкамітэт паведамляе падчас святочнай вячэры. У выпадку аднолькавай колькасці набраных балаў вышэйшае месца займае каманда, якая набярэ больш відаў. Калі ў камандаў роўная колькасць і відаў, і балаў, то вышэйшае месца займае тая каманда, што мае больш відаў, якія падчас спаборніцтваў зарэгістравала толькі яна.
Спрэчныя сітуацыі вырашае журы. Яно можа звяртацца да чальцоў камандаў па ўдакладненні. Аргкамітэт мае права на час спаборніцтваў даслаць назіральніка ў любую з каманд.
Апеляцыяй з’яўляецца аргументаваная заява з апісаннем магчымых фактаў парушэнняў правілаў або іншых абставінаў, якія могуць паўплываць на вынік канкурэнтаў. Апеляцыя мусіць быць узгодненая ўсімі ўдзельнікамі каманды.
Арганізатары спаборніцтваў адказваюць за аператыўную працу журы па разглядзе апеляцый і своечасовае інфармаванне пра прынятыя ім рашэнні. Пры разглядзе апеляцыі журы мае права запытаць інфармацыю ў любога ўдзельніка спаборніцтваў, а таксама прыцягнуць незалежных экспертаў для абмеркавання спрэчных момантаў і вынясення канчатковага рашэння.
Адмова або несвоечасовая падача інфармацыі ў адказ на запыт журы ці арганізатараў спаборніцтваў, а таксама парушэнне правілаў іх правядзення можа стаць падставай для налічэння штрафных балаў.
Канчатковае рашэнне журы абскарджанню не падлягае.