Беларуская прырода адметная. Яе захаванне важнае не толькі ў маштабах краіны, але і ўсёй Еўропы, і нават цэлага свету.
Палессе – самы вялікі рэгіён Еўропы з амаль некранутымі водна-балотнымі ўгоддзямі. Яго называюць еўрапейскай Амазоніяй. Беларускае Палессе займае амаль траціну плошчы краіны.
У Беларусі былі адкрыты новыя для навукі расліны: казлабарод беларускі і шальнік ранні. Яны сфарміраваліся ва ўнікальных прыродных умовах Палесся, якія мала змяніліся за апошнія тысячагоддзі.
Даведацца больш пра гэтыя і многія іншыя цікавыя расліны ты можаш на экспазіцыі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча, прысвечанай 100-годдзю беларускага гербарыю*.
Прыпяцкія дубровы – найбольш захаваныя ў натуральным стане поймавыя лясы ва ўсёй Еўропе. Вясной, калі іх залівае паводка, можна літаральна плаваць на лодцы паміж дрэвамі!
Дзякуючы прасторы поймавыя дубы шырокія і разгалістыя, некаторыя маюць больш за метр у дыяметры ствала. На гэтых дубах шмат ран і дуплаў, у якіх любяць сяліцца многія жывёлы, у тым ліку рэдкія пугач, сіваграк, белая сініца, соня-палчок і розныя віды кажаноў.
Пад Нясвіжам знаходзіцца самая вялікая калонія рабых суслікаў у Еўропе – і адна з апошніх у нашай краіне. Яна ахоўваецца дзяржавай. Яе плошча складае больш за 90 га, тут пражывае больш за 5000 суслікаў!
У Беларусі гняздуецца другая ў свеце па памерах папуляцыя вялікіх арляцоў (больших подорликов), якім пагражае глабальнае знікненне. Большасць іх родам з Палесся.
Зараз пачынаецца іх міграцыя з месцаў зімоўкі. Сачыць за іх вяртаннем можна тут.
У нашай краіне гняздуецца самая вялікая ў свеце папуляцыя вяртлявай чаротаўкі (вертлявой камышовки). Гэта самая рэдкая пеўчая птушка кантынентальнай Еўропы.
Частку птушак перасялілі з рэспубліканскага заказніка “Званец” у літоўскі рэзерват “Жувінтас”, дзе яны амаль зніклі. Гэта быў першы ў свеце паспяховы эксперымент з транслакацыяй вераб’іных птушак – дальніх мігрантаў.
Палескі заказнік “Званец” – гэта найвялікшае ў Еўропе асаковае балота і найбуйнейшае ў свеце месца гнездаванне вяртлявай чаротаўкі: тут гняздуе 27% глабальнай колькасці віду.
На палескіх балотах жыве самы рэдкі і самы вялікі кажан Еўропы – гіганцкая вячэрніца. Яна важыць 80 грамаў і можа паляваць нават на дробных птушак!
Гэты від пераадкрыў для Беларусі ў 2015 годзе заолаг Валер Дамброўскі ў палескім заказніку “Стары Жадзен”, які разам з заказнікам “Альманскія балоты” ўтварае адзін з найвялікшых у Еўропе леса-балотных комплексаў.
Дагэтуль у краіне гэты від назіралі толькі аднойчы ў 1930 годзе. Найбліжэйшыя месцы, дзе размнажаюцца гэтыя кажаны, — Венгрыя на захадзе і Уральскія горы на ўсходзе.
* Навукоўцы гатовыя правесці па экскурсію па экспазіцыі, прысвечанай 100-годдзю беларускага гербарыю. Запісвайся ў сакавіку, пакуль у іх не пачаўся палявы сезон: +375296164347. Адрас: Мінск, вул. Акадэмічная, 27. Час працы 9.00-17.00.