Жураўліная сям’я “пасялілася” ў цэнтры Мёраў

ад 4 мая 2022 года

Цяпер круглы год у Мёрах (Міёрах) можна пабачыць жураўліную сям’ю: на набярэжнай усталявалі скульптурную кампазіцыю з птушкамі, якія сталі адметнасцю Мёрскага раёна.

Тут, на поўначы Беларусі, падчас міграцыі можна пабачыць тысячы шэрых жураўлёў. Удзень яны кормяцца на палях, а ўвечары адлятаюць на балоты. У верасні турысты з’язджаюцца паназіраць за гэтымі “чырванакніжнымі” птушкамі. Падчас экалагічнага мясцовага свята “Жураўлі і журавіны” арнітолагі ладзяць спецыяльную пляцоўку з назіральнымі трубамі: жураўлі вельмі асцярожныя і не падпускаюць чалавека блізка, нават калі гуртуюцца ў вялікія чароды на палях. А зараз, калі птушкі гняздуюцца ў недаступных кутках мясцовых балот, іх можна часам пабачыць, калі яны пралятаюць у небе.

Скульптурная кампазіцыя з жураўлямі ў Мёрах. Фота Алены Шокель

Скульптурная кампазіцыя з жураўлямі ў Мёрах. Фота Алены Шокель

Цяпер жа паказаць славутую птушку і расказаць пра яе дзецям, зрабіць здымкі на памяць з грыцыёзнымі жураўлямі можна ў любую пару года. Два дарослыя жураўлі і двое іх птушанят упрыгожылі Мёры дзякуючы праекту “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”. Скульптурную кампазіцыю стварыў вядомы беларускі скульптар Валянцін Борзды.

Я даўно ўцягнуты ў прыродаахоўную дзейнасць, шмат удзельнічаў у валанцёрскіх летніках, таму з радасцю адгукаюся на прапановы, звязаныя з гэтай тэмай, – расказаў Валянцін. Раней я рабіў скульптуру ласосяў у Астравецкім раёне, дзе нерастуюць гэтыя рыбы. І зараз, калі прапанавалі зрабіць жураўлёў, з задавальненнем узяўся за справу. Узнікла ідэя зрабіць каркасных, каб была меншая паруснасць. Я рабіў эскізы з дроту, арнітолагі давалі праўкі па анатоміі, каб форма цела нагадвала менавіта жураўля, а не бусла або чаплю. У выніку атрымалася пазнавальна.

Скульптурная кампазіцыя з жураўлямі ў Мёрах. Фота Алены Шокель

Скульптурная кампазіцыя з жураўлямі ў Мёрах. Фота Алены Шокель

Канцэпцыю скульптуры і яе размяшчэння распрацоўвалі разам супрацоўнікі праекта і мясцовыя жыхары. У выніку птушкі “пасяліліся” на пляцоўцы насупраць ЗАГСа і натхняюць людзей сваім прыкладам дружнай сям’і. У Мёрах вельмі прыгожая, маляўнічая набярэжная каля возера, дзе вельмі прыемна гуляць. Завітай туды і ты! Прагуляйся па горадзе, схадзі на экскурсію на балота (выбірай свайго гіда тут) – у другой палове траўня тут пачне пладаносіць падвей, і балота нібыта засцелецца белым пухнатым дываном; адпачні ў аграсядзібе, спампуй на тэлефон дадатак “Миоры Go!” і наведай славутасці раёна, якому ёсць чым здзівіць.

Телеграм АПБ

 

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: