Гасі святло: як начная ілюмінацыя шкодзіць дзікай прыродзе

ад 5 ліпеня 2022 года

Цемра на Зямлі знікае: чалавек ужывае ўсё больш і больш штучнага святла, якое часам разбуральна дзейнічае на іншыя арганізмы. І маштабы праблемы толькі растуць.

Жыхары Мінска мусяць выехаць падалей ад горада, каб нармальна палюбавацца зорным небам

У 2001 годзе астраном П’ерантоніа Чынзана з калегамі стварыў першы глабальны атлас светлавога забруджвання. На той час дзве траціны людзей Зямлі жылі ў раёнах, дзе праз ілюмінацыю ночы былі як мінімум на 10% ярчэйшымі, чым пры натуральнай цемры. У 2016 годзе каманда абнавіла атлас, і на гэты час ужо 83% людзей Зямлі, у тым ліку 99% амерыканцаў і еўрапейцаў, жылі пад небам, уначы забруджаным святлом. Больш як траціна чалавецтва, уключаючы 80% жыхароў Паўночнай Амерыкі, болей не могуць убачыць Птушыны шлях.

Усяго за пару стагоддзяў чалавецтва радыкальна перайначыла гэты свет. Людзі змянілі клімат, закіслілі акіяны, распаўсюдзілі інвазіўныя віды па розных кутках планеты, справакавалі знікненне многіх і многіх відаў – навукоўцы параўноўваюць цяперашнюю эру з пяццю вялікімі масавымі выміраннямі відаў у дагістарычныя часы.

Агні мегаполіса ўночы

Акрамя гэтага, чалавек забрудзіў цішыню шумам, а ноч – святлом. Гэтую з’яву часта называюць сэнсарным забруджваннем. Святло і шум – антрапагенныя раздражняльнікі, якія замінаюць іншым відам адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць.

Як светлавое забруджванне ўплывае на дзікую прыроду?

Святло ўводзіць у зман многіх начных жывёл, дэзарыентуе іх, знясільвае і прыводзіць да гібелі.

Птушкі

Міграцыі вымагаюць ад птушак вельмі шмат энергіі, і адхіленне ад маршруту, якое азначае яшчэ большыя энергазатраты, можа давесці іх да гібелі. Інтэнсіўная ілюмінацыя гарадоў заваблівае і дэзарыентуе птушак, якія гінуць ад страты энергіі або сутыкненняў з будынкамі.

Вучоны-эколаг Трэвіс Лонгкар і яго калегі падлічылі, што каля сямі мільёнаў птушак штогод гінуць у ЗША і Канадзе ад сутыкненняў з вежамі сувязі. Частка птушак гіне ад таго, што дэзарыентуецца і сутыкаецца з правадамі. Агні на вежах сувязі прызначаныя для папярэджвання пілотаў. Калі пастаяннае святло замяніць на такое, якое будзе міргаць, то, паводле навукоўцаў, колькасць гібелі птушак скароціцца. A1, Life і МТС, ці чуеце?

Кажаны

Многіх лятучых насякомых вабяць вулічныя ліхтары: казуркі прымаюць іх за нябесныя агні і завісаюць над імі, пакуль не стомяцца. Некаторыя кажаны прыстасоўваюцца да гэтага і кормяцца такімі лёгкадасяжнымі насякомымі, але іншыя кажаны пазбягаюць святла – магчыма, каб самім не стаць лёгкай здабычай для соў.

Каб вызначыць уплыў святла на кажаноў, у амерыканскім нацпарку “Гранд Тэтoн” правялі эксперымент: замест звычайных белых лямп у ліхтарах на паркоўцы паставілі такія, якія могуць мяняць святло з белага на чырвонае кожныя некалькі дзён. Пад ліхтарамі вучоныя размясцілі пасткі-варонкі, у якія падаюць насякомыя. Акрамя таго, яны пазначылі кажаноў лёгкімі радыёперадатчыкамі, якія дазваляюць сачыць за перамяшчэннем гэтых звяркоў.

Журналіст Эд Ёнг, які прысутнічаў пры пераключэнні святла на чырвонае, так апісаў свае ўражанні:

Спачатку паркоўка пачала выглядаць трывожнай, быццам з фільма жахаў. Але паступова вочы прывыклі, і чырвоныя адценні перасталі здавацца такімі драматычнымі і зрабіліся амаль прыемнымі. Я гляджу ўгору і заўважаю, што пад лямпамі збіраецца менш насякомых. Гляджу яшчэ далей і бачу паласу Птушынага шляху, якая перасякае неба. Да болю прыгожае відовішча, якога я ніколі раней не бачыў у Паўночным паўшар’і.

Насякомыя

Штучнае асвятленне прываблівае насякомых і робіць унёсак у глабальнае скарачэнне іх колькасці. Многія насякомыя, якія збіраюцца вакол вулічных ліхтароў, будуць з’едзеныя або памруць ад знясілення ў гэтую ж ноч. Тыя, што паляцяць на святло фар, загінуць ад сутыкнення з машынай.

фотарксис насекомых

Насякомыя, прывабленыя святлом ліхтара. Фота Classiccardinal, Wikimedia Commons

У 2014 годзе эколаг Ева Кноп зрабіла эксперымент і паставіла вулічныя ліхтары на сямі швейцарскіх лугах. Паводле яе даследавання, на асветленых лугах у параўнанні з тымі, якія заставаліся ў цемры, уночы кветкі наведвала на 62% менш насякомых-апыляльнікаў і кожная расліна дала ў сярэднім на 13% менш пладоў, нягледзячы на тое, што ўдзень пчолы і матылькі наведвалі іх, як звычайна.

Святлодыёдныя свяцільні найбольш экалагічна прымальная крыніца начнога асвятлення на вуліцах – яны не толькі спажываюць у сярэднім менш энергіі, чым іншыя тыпы лямпачак, але і менш уплываюць на жыццё насякомых.

У наступным матэрыяле мы раскажам пра шумавое забруджванне і яго ўплыў на дзікую прыроду.

Паводле Эда Ёнга, theatlantic.com


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: