На Мінскім моры заўважылі рэдкага госця з тундры
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 14 верасня 2022 года
Рэдкае назіранне – госць з тундры! Пласканосы плывунчык стаў зоркай беларускіх птушкароў.
Гэта ўсяго трэцяя рэгістрацыя віду для Беларусі. Раней яго назіралі ў 2013 годзе ў Чашніцкім раёне, тады птушка прабавіла пяць дзён на Лукомльскім возеры. А ў лістападзе 2014 года гэтага куліка назіралі на рыбгасе “Сакалова” ў Жабінкаўскім раёне.
Учора пласканосага плывунчыка заўважыў на Мінскім моры падчас роварнай прагулкі Канстанцін Дзеранчук.
Я пастаянна гуляю каля Яркава і назіраю, фоткаю, – расказаў ён. – Гадую птушак на кармушцы і раблю сінічнікі. Прыкладна з месяц назад дазнаўся ад бёрдвочараў у Яркава пра “Ціў-ціў”-чат. Дадаўся туды і некалькі разоў прасіў апазнаць від птушак. Пасля вырашыў, што вызначаць віды хучэй праз Інтэрнэт па фота. Так вызначыў і плывунчыка. Заўважыў яго падчас роварнай прагулкі, на якую бяру бінокль і назіраю на дамбе і на балоце Мінскага мора.
Самыя спрытныя птушкары ўжо ўбачылі птушку. – Я прыехала зранку у 6:50, – расказала птушкарка Іна Субоціна. – Здалёк убачыла, што хтосьці здымае у цемры некага. Гэта быў знаёмы птушкар. Плывунчык дачакаўся раніцы і бёрдараў, якія хацелі яго пабачыць!
Гэтая птушка зімуе ў адкрытым акіяне і мігруе таксама над морам. Яна рэдка залятае ўглыб мацерыка. У суседніх з Беларуссю краінах від таксама лічыцца рэдкім.
Плывунчыкі – асаблівыя кулікі, яны добра плаваюць. Толькі ў гэтай групы самкі больш прыгожыя за самцоў, б’юцца ў тундры паміж сабой за права пакінуць канкрэтнаму самцу свае яйкі і паляцець на поўдзень адпачываць. Уважліва назірай за птушкамі – магчыма, ты таксама знойдзеш рэдкі від!
У Telegram-чаце “Ціў-ціў” табе дапамогуць вызначыць птушку: t.me/ptushkachat.
Тэкст: Алеся Башарымава, фота t.me/wildlife_bel
Падзяліся артыкулам у сацсетках: