У апошні дзень 2022 года дзве мінскія птушкаркі Аксана Суторміна і Марына Дзенясюк знайшлі ў парку даўгахвостую кугакаўку (длиннохвостую неясыть) – сапраўдны цуд пад Новы год.
Яны акурат выправіліся шукаць саву, але мэтай іх быў вераб’іны сычык, якога там нядаўна бачылі.
Пасля марных пошукаў наш імпэт крыху сціх, але пры паўторным абыходзе мы пачулі шалёныя, адчайныя крыкі соек, – расказала Аксана. – У памяці ўсплылі шмат разоў чытаныя парады заўсёды звяртаць увагу на шум птушак, якія могуць праганяць соў. А што, калі… Мы тут жа пакіравалі на гук і ўбачылі, як дзве сойкі са страшнымі крыкамі пікіруюць на маленькую сасну. А на фоне сасны – стракаты сілуэт. З мяне вырваўся шэпт: “Кугакаўка!”
Птушка стала першай савой і 86-м відам для Аксаны, а для Марыны – 137-м. Дзякуючы дзяўчатам і іншыя птушкары змаглі пабачыць рэдкі для Беларусі від.
Даўгахвостая кугакаўка ў Мінску. Фота Аксаны Сутормінай
Чаму сава заляцела ў горад – дакладна невядома, але, хутчэй за ўсё, гэта звязана з пошукам грызуноў. Даўгахвостая кугакаўка – лясная птушка і звычайна пазбягае людных мясцін.
Даўгахвостая кугакаўка – уключаны ў Чырвоную кнігу рэдкі для Беларусі від, жыве на поўначы краіны. Гэтая буйная сава з размахам крылаў да 140 сантыметраў. Яна адметная доўгім хвастом, які добра відаць, калі сава сядзіць на дрэве.
Цікавы факт: даўгахвостая кугакаўка так адважна бароніць сваё гняздо, што можа параніць драпежніка ці нават чалавека.
Калі ласка, праяўляй павагу і беражлівыя адносіны да птушак пры назіранні: не фатаграфуй з успышкай, не падыходзь блізка, не шумі і не турбуй птушку (нават дзеля прыгожых кадраў).