Ляда ў крыланавым лесе
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 28 лютага 2023 года
Беларускія арляцы пачалі міграцыю з месцаў зімоўкі. Як і раней, адной з першых арлоў, пазначаных перадатчыкамі, сваё доўгае падарожжа пачала Ляда – самка-гібрыд вялікага і малога арляцоў.
Вялікі арлец – від, якому пагражае глабальнае знікненне. У Беларусі адна з найвялікшых у Еўропе папуляцый, але гэта ўсяго каля 160 пар. Часам вялікія арляцы ўтвараюць пары з малымі арляцамі.
Ляда кожны год зімуе ў Замбіі на невялічкім кавалачку зямлі, плошчай усяго каля 3 кв. км. Яе штодзённыя перасоўванні паміж дзвюма часткамі лесу складаюць усяго 2 км.
Каб зразумець, што дазваляе птушцы існаваць доўгі час у такіх сціплых умовах, спатрэбілася добра паглыбіцца ў Інтэрнет. На шчасце, гэты кавалачак тэрыторыі Замбіі выявіўся даволі знакамітым для знаўцаў прыроды. Тут быў створаны нацыянальны парк “Касанка” для аховы мясцовай біяразнастайнасці. У фаўне парку можна адзначыць шэраг відаў лясных антылоп, блакітную малпу, каля 400 відаў птушак. Аднак неўзабаве высветлілася, што на тэрыторыі парку штогод адбываецца адно з найвялікшых відовішч дзікай прыроды Афрыцы, якое збірае мноства турыстаў з усяго свету.
З сярэдзіны кастрычніка да канца снежня туды прылятаюць больш за 10 мільёнаў (!) пальмавых крыланаў (Eidolon helvum). Усе яны для адпачынку аддаюць перавагу асобнаму багністаму лесу плошчай каля 2 га, што стварае, як гавораць, найвялікшую шчыльнасць сысуноў у свеце.
Дарэчы, пальмавыя крыланы – гэта даволі буйныя прадстаўнікі атраду рукакрылых. Маса дарослых асобін дасягае 350 г, размах крылаў – больш за 70 см. Падчас адпачынку крыланы шчыльнымі шэрагамі абседжваюць галіны дрэў, якія гнуцца і нават ломяцца пад цяжарам жывёл.
Не дзіўна, што велізарная колькасць крыланаў прываблівае мноства драпежнікаў, якія амаль напоўніцу пераходзяць на харчаванне гэтай лёгкадаступнай ежай. Паласавацца крыланамі прылятаюць афрыканскія арлы-шулякі ды баявыя арлы, сокалы-кабцы, каршуны і шмат іншых. Акрамя таго, ёсць кракадзілы, змеі ды нільскія вараны, якія пільна сочаць, ці не зваліцца каторы недарэка на зямлю.
А што ж наша Ляда? Ці мае яна дачыненне да гэтай прыроднай феерыі? Высветлілася, што мае! Менавіта ў крыланавы лес яна і лётала кожны дзень на працягу амаль усёй зімоўкі. А прылятае яна ў Замбію ў канцы кастрычніка, акурат у час прыбыцця рукакрылых.
Няма сумневу, што яна, як і шмат іншых мясцовых драпежнікаў, жыве за кошт гэтай дзіўнай і не да канца зразумелай прыроднай з’явы – масавай канцэнтрацыі крыланаў у адным месцы. Хто б мог падумаць! Ляда жыве побач з намі на Сярэдняй Прыпяці, нічым не вызначаецца сярод дзясяткаў іншых арляцоў, яе суседзяў. Але адначасова яна з’яўляецца тым звяном, што звязвае нас з найцікавейшымі падзеямі ў маштабах сусвету. А колькі яшчэ таямніц хаваюць іншыя нашы “звычайныя” арляцы? Можна толькі здагадвацца.
Тэкст: Валер Дамброўскі
Падзяліся артыкулам у сацсетках: