У заказніку “Налібоцкі” выявілі незаконную санітарную рубку
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 17 сакавіка 2023 года
У лютым 2023 года прайшоў суд па справе 2020 года, калі ў Налібоцкай пушчы вырубілі 1224 дрэвы. Дазвольныя дакументы на вырубку былі аформлены з парушэннямі, без абследавання лясных участкаў.
Лясгас сцвярджаў, што гэтыя дрэвы былі масава пашкоджаны хваробамі і ствалавымі шкоднікамі.
Аднак Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету прыйшла да высновы, што суцэльная санітарная рубка была незаконнай. Дрэвы былі жывымі і мелі біялагічную ўстойлівасць. Вырубілі “хворы” лес нават у ахоўных месцах пражывання і вырастання “чырванакніжных” відаў жывёл і раслін.
Замест аздараўлення лесу, была пашкоджана асабліва ахоўная прыродная тэрыторыя – рэспубліканскі заказнік “Налібоцкі”, унікальны дрэўны масіў – дом арляцоў, тэрыторыя, важная для птушак, міжнароднага значэння, аб’ект Смарагдавай і Нацыянальнай экалагічнай сетак.
Лясгас аштрафавалі на 367 344 беларускіх рублёў 46 капеек – на сёння гэта амаль 121,5 тысяча еўра. Гэты вырак застаўся ў сіле пасля абскарджвання першага прысуду.
Крыніца: Эканамічны суд Гродзенскай вобласці
Падзяліся артыкулам у сацсетках: