Даследчыкі расказалі, як не даць пажарам знішчыць дзікую прыроду Палесся

ад 6 чэрвеня 2023 года

Новае даследаванне паказала, што папярэдзіць маштабныя пажары на Палессі можа аднаўленне натуральнага гідрарэжыму.

Пажарышчы на Тураўскім балонні. Фота Максіма Бялоцкага

Пажарышчы на Тураўскім балонні. Фота Максіма Бялоцкага

Пажары ў дзікай прыродзе – нармальная з’ява. Яны дапамагаюць некаторым тыпам лясоў аднаўляцца. Калі слой лясной падсцілкі ў сасняку робіцца такім тоўстым, што маладым дрэўцам няма як укаранець, працэс натуральнага аднаўлення практычна прыпыняецца.

На дапамогу прыходзяць пажары: сухое дрэва можа загарэцца ад маланкі. Арганіка, якая накоплівалася гадамі, раскладаецца агнём вельмі хутка і ператвараецца ў пажыўныя рэчывы для новых раслін. Большая частка натуральных лясных пажараў займае невялікую плошчу. Пасля пажару малады лес хутка падымаецца на ўзбагачанай пажарам глебе. Розныя ўчасткі лесу гараць з рознай інтэнсіўнасцю, таму пасля пажару лес можа стаць нашмат больш разнастайным, чым раней.

Аднак пры недастатковай вільготнасці пажары могуць перарастаць у вельмі вялікія, разбуральныя для экасістэм. Яны могуць быць небяспечныя і для здароўя ды жыцця людзей, а папярэджваць і тушыць пажары ў спякотныя і засушлівыя перыяды – вельмі затратна. 

Самыя сур’ёзныя і складаныя для тушэння пажары на Палессі адбываюцца акурат у асушаных поймах рэк, на асушаных тарфяніках або парушаных балотах.

У даследаванні “Ландшафтныя пажары непрапарцыйна ўздзейнічаюць на тарфянікі, паплавы і ліставыя лясы ўмеранага пояса з высокай прыродаахоўнай каштоўнасцю, але толькі ва ўмовах нізкай вільготнасці”, апублікаваным на галоўнай сусветнай платформе рэцэнзаванай навуковай літаратуры ScienceDirect у траўні 2023 года, паказана, што аднаўленне водна-балотных угоддзяў можа паменшыць імавернасць разбуральных пажараў на вялікіх плошчах.

Брытанскі траст па арніталогіі сабраў каманду навукоўцаў з Вялікабрытаніі, Канады, Новай Зеландыі і Беларусі, дзе апошнюю прадстаўляў Дзмітрый Грумо, дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі.

Вучоныя картаграфавалі і прааналізавалі буйныя пажары, што адбываліся на Палессі на працягу 19 гадоў. Для вывучэння прычын і ўзроўню распаўсюджанасці буйных пажараў выкарыстоўваліся спадарожнікавыя здымкі, што знаходзяцца ў свабодным доступе. 

Карта пажараў на Палессі з даследавання

Карта пажараў на Палессі з даследавання

Аўтары даследавання выявілі, што з 2001 па 2019 год на Палессі адбылося пяць пажараў на плошчы больш як 100 квадратных кіламетраў (так званыя “мегапажары”). Асабліва часта Палессе гарэла ўвесну і ўвосень.

Пачыналіся пажары пераважна там, дзе вяскоўцы выпальвалі палеткі перад пачаткам і пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ. Менавіта сезонныя палы – частая прычына пажараў на суседніх тарфяніках і паплавах, дзе агонь пагражае рэдкім відам і прыводзіць да высокіх выкідаў вугляроду ў атмасферу.

Выпрацаваныя тарфянікі і палеткі на месцы некалі асушаных балот – надзвычай пажаранебяспечныя аб’екты. Сухі торф лёгка пачынае тлець, але патушыць тарфяны пажар вельмі складана.

Самыя вялікія пажары палалі ў ліставых лясах, наносячы вялізную шкоду стараўзроставым дубровам, якія знаходзяцца пад аховай. Яны аднаўляюцца пасля пажараў цяжэй за іншыя віды лясоў.

Агулам за даследаваны перыяд пажары рознага маштабу закранулі пятую частку асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Палесся. У той жа час гарэлі толькі 8% тэрыторый, што не знаходзяцца пад аховай.

Адзін з буйных пажараў – плошчай 97 км2  – адбыўся ў Чарнобыльскай зоне адчужэння, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС захоўваецца высокі ўзровень радыеактыўнага забруджвання. Пажары ў гэтай частцы Палесся могуць мець асабліва сур’ёзныя наступствы для здароўя людзей.

У Беларусі плошча асушаных тарфянікаў перавышае 1,5 млн га. Гэта значыць, што практычна кожны горад краіны патэнцыйна знаходзіцца ў зоне рызыкі пры гарэнні тарфянікаў. І адзінае эфектыўнае рашэнне ў барацьбе з тарфянымі пажарамі – забалочванне дэградаваных тарфянікаў.

Паводле wildpolesia.org


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: