Шэсць птушанят – буслы здзівілі арнітолагаў

ад 11 ліпеня 2023 года

У Калінкавіцкім раёне пара буслоў вывела і здолела выкарміць шасцярых птушанят.

Звычайна ў буслянках мы бачым па двое-трое птушанят. Па шэсць буслянят у адным гняздзе бывае ў спрыяльныя гады. На Прыпяці ў некаторыя гады на дзве-тры сотні гнёздаў можна налічыць 10 буслянак з шасцю малымі.

Шэсць буслянят

Шэсць буслянят. Фота Андрэя Шэўчыка, Калінкавіцкі раён

У літаратуры трапляюцца выпадкі з сямю буслянятамі, але вельмі рэдкія.

Калінкавіцкае гняздо з буслянятамі знайшоў і сфатаграфаваў Андрэй Шэўчык.

Ірына Самусенка – даследчыца буслоў, загадчыца лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. Мы заспелі яе ў экспедыцыі па ўліках буслоў. Яна кажа, што ў Івацэвіцкім раёне, далёка ад Прыпяці, было ў асноўным па адным-два, часам па трое буслянят.

Ад гэтага года я не чакала шмат, таму здзівілася паведамленню пра шасцярых буслянят. Я чакала, што гэты год будзе як 2015-ты, калі больш за палову пар буслоў проста не мелі малых: мы нават радаваліся, калі сустракалі адзінкавыя выпадкі па 5 буслянят. Такіх выпадкаў было два ці тры на 2-3 сотні гнёздаў. Зараз едзем на Піншчыну – можа, там будзе больш буслянят. У Прыпяці была вялікая вада, нягледзячы на тое, што на палях суха.

Па Беларусі адзначаюцца рэкордна высокія тэмпературы, працяглыя перыяды без дажджоў: змены клімату даюць пра сябе ведаць. Але калінкавіцкія буслы здолелі знайсці ўдалае месца для гнездавання. Іх “ураджайнасць” паказвае, што ежы хапае і ім, і птушанятам.


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: