У Беларусі новы заказнік – “Пойма Львы”
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 26 верасня 2023 года
Нядаўна ў Беларусі з’явіўся новы заказнік, над стварэннем яго працавалі нашыя сябры і калегі, – “Пойма Львы”. Ён знаходзіцца ў Столінскім раёне.
Пойма Львы – надзвычай важнае месца як для вялікага арляца, якому пагражае глабальнае знікненне, так і для нацыянальнага “чырванакніжніка” – палявога луня. Тут таксама зарэгістравана вялікая раслінная разнастайнасць – 25% відаў флоры Беларусі.
Летам Льва – невялікая рака, але пойма месцамі дасягае ўшырыню 4,5 км, якія вясной заліваюцца разводдзем. Тут сфармаваліся добрыя ўмовы для рэдкіх відаў. Заказнік – важнае месца для водна-балотных птушак падчас веснавой міграцыі.
Цяпер на гэтай тэрыторыі забаронена вясновае паляванне на водна-балотных птушак, суцэльныя рубкі, стварэнне плантацый і вальераў, выкарыстанне хімікатаў.
Плошча заказніка, створанага на частцы аднайменнай тэрыторыі, важнай для птушак, – 2.400 га. Спачатку планаваўся заказнік плошчай усяго 800 га, але сумесная праца акадэмічных вучоных і грамадскіх прыродаахоўнікаў Германіі і Беларусі дазволіла пераканаць мясцовыя ўлады пашырыць яго. Застаўся і яшчэ патэнцыял для пашырэння.
Новы заказнік мясцовага значэння суседнічае з рэспубліканскім заказнікам “Альманскія балоты” і служыць для яго дадатковай буфернай зонай. Тэрыторыя заказніка як важны экалагічны калідор даўно ўключана ў нацыянальную экалагічную сетку, з’яўляецца аб’ектам Смарагдавай сеткі, перспектыўнай Рамсарскай тэрыторыяй.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: