У 2023 годзе нашы спецыялісты шукалі невядомыя месцы з чырванакніжнікамі, якія патрэбна аддаць пад ахову дзяржаве. Але сэнс аддаваць усё новыя і новыя месцы пад ахову ёсць толькі тады, калі ахова эфектыўная. Каб даведацца пра стан ахоўных участкаў з чырванакніжнікамі ў 2024 годзе мы падключыліся да маніторынгу такіх участкаў. Ёсць від – добра, няма – знайсці прычыну і вінаватых і дабіцца пакарання.

У 2024 годзе эксперты кампаніі “Дзікая прырода” праманіторылі захаванасць 196 месцаў з чырванакніжнікамі ў Іванаўскім, Пінскім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Столінскім, Шчучынскім і Гродзенскім раёнах.

Акрамя гэтага яны знайшлі новыя месцы, дзе жывуць ці растуць віды з Чырвонай кнігі і падрыхтавалі 143 пашпарты і ахоўныя абавязкі. Пачалася працэдура перадачы ўсіх дадзеных месцаў пад ахову.

Вось як праходзілі экспедыцыі.

У канцы красавіка наш спецыяліст Юрый Янкевіч зрабіў вялікую экспедыцыю ў Іванаўскі, Ганцавіцкі і Пінскі раёны. Амаль 10 дзён ён правёў у лясах і на балотах, правяраючы ахоўныя месцы з чырванакніжнікамі.

Юрась дзіка мерз, але гэта яго не спыняла: справа аховы прыроды для яго надзвычай важная. Камароў было столькі, што лезлі ў рот, але Юрась усё адно змог расказаць, як ідуць справы і што ўдалося знайсці.

Амаль усе месцы вырастання чырванакніжных раслін, якія правяраў Юрый, пацвердзіліся. Не пацвердзіліся толькі адзінкавыя ўчасткі, якія перадаваліся пад ахову яшчэ ў 1990-х: за гэты час умовы асяроддзя змяніліся і відавы склад раслін таксама.

А вось з жывёламі сітуацыя адваротная: у большасці правераных месцаў тых чырванакніжных відаў, якія некалі там пражывалі, цяпер не было.

Але прырода засталася некранутай, і ў многіх такіх месцах Юрый знайшоў іншыя чырванакніжныя віды.

Частка правераных месцаў знаходзіцца ў межах заказнікаў “Ярута”, “Завіш’е”, “Ізін” у Пінскім раёне, “Обрава” ў Іванаўскім, “Падвялікі мох” у Ганцавіцкім. Для ўсіх іх Юрый знайшоў і новыя ўчасткі з чырванакніжнікамі.

У выніку для некаторых участкаў рэжым аховы павысіцца.

Усяго Юрый праверыў 71 ахоўны ўчастак і выявіў 49 новых месцаў з чырванакніжнікамі.

Вось што ён расказаў пра новыя месцы з рэдкасцямі ў Іванаўскім раёне:

Знайшоў парэлу пласкалістую – мох такі, рэдка ў нас сустакаецца, на паўднёвым захадзе нават і не ведаю, ці былі месцы, дзе ён расце. Для Іванаўскага раёна гэта дакладна першая такая лакацыя. З іншых відаў – лілея кучаравая, асака ценевая – таксама першае месца для Іванаўскага раёна. Венерын чаравічак пачынае з’яўляцца, новыя тэрыторыі выявіў. Сёння 2 гнязды шэрага жураўля знайшоў на прыгожых балотах.

А ў Ганцавіцкім раёне наш спецыяліст знайшоў новую вялікую папуляцую медуніцы вузкалістай са ста раслін. А яшчэ — вялікія ўстойлівыя папуляцыі лілеі кучаравай на астравах шыракалісцевых лясоў. Бачыў на Ганцавіччыне і барадатую кугакаўку, але, на жаль, гнязда знайсці не атрымалася.

Барадатая кугакаўка. Фота Юрыя Янкевіча

Барадатая кугакаўка. Фота Юрыя Янкевіча

На нізінных балотах Пінскага раёна з самага цікавага – вярба лапландская. У цэлым гэтыя балоты вельмі парадавалі – яны схаваныя глыбока ў лесе і добра захаваліся.

Вярба лапландская. Фота Юрыя Янкевіча

Вярба лапландская. Фота Юрыя Янкевіча


Затым Юрый абследаваў Драгічынскі раён. Большая частка месцаў, якія трэба было праверыць — на знакамітым балоце Званцы, яшчэ частка — на Спораўскім. 

У гэтым раёне ён праверыў 49 ахоўных месцаў і знайшоў 21 новае месца з чырванакніжнікамі. 

Асабліва радуюць знаходкі месцаў гнездавання рэдкіх птушак: вялікі грыцук (большой веретенник), вялікі кулён (большой кроншнеп), два такавішчы дубальта. А яшчэ Юрый адзначыў валасяніцу-белашыйку (мухоловку-белошейку), якая стала новым відам для заказніка. 

Пры праверцы ахоўных месцаў з чырванакніжнікамі прыкладна пятая частка не пацвердзілася. Гэта звязана са зніжэннем узроўню грунтавых вод і са зменай расліннасці (сукцэсіяй). Балота зарастае трыснягом і хмызняком.

Вады вельмі мала на Званцы для траўня, – кажа Юрый. – Я ў свой час хадзіў тут па балоце падчас улікаў вяртлявай чаротаўкі, і вады было па калена. А цяпер усяго 10-15 см.

Зарастанне ўчасткаў вымушае птушак адкрытых балот перамяшчацца ў іншыя месцы. Тэрмінова патрэбны план дзеянняў па кіраванні водным рэжымам і падтрымцы экасістэмы балота.

Пасля Юрый Янкевіч выправіўся ў Шчучынскі раён. Хоць часам дажджыла, працы гэта не перашкодзіла. З шаснаццаці месцаў пражывання і вырастання рэдкіх відаў пацвердзіліся амаль усе. Часам асяроддзе мяняецца, напрыклад, мяняецца тып лесу або ўчасткі зарастаюць мохам або дываном з ландышаў, і рэдкія віды накшталт арнікі горнай знікаюць.

З новых месцаў, якія знайшоў Юрый, самыя цікавыя – гэта тры лакацыі лішайніка лабарыя лёгачная. Згадкі ў літаратуры пра гэты від у раёне ёсць, але канкрэтных лакацый даўно не было вядома.

Яшчэ знайшоў мох парэла пласкалістая – хутчэй за ўсё нават новы від для гэтага раёна, – кажа Юрый. – Лішайнік менегацыя прадзіраўленая таксама рэдкі від.

А што па жывёлах? Юрый знайшоў невядомае гняздо малога арляца і пацвердзіў два гнязды чорных буслоў. 

А здзівілі і асабліва парадавалі яго родзічы барсука Яся, што ў нас на лагатыпе. У Шчучынскім раёне ёсць барсучыны гарадок, на які ахоўны пашпарт быў аформлены яшчэ ў 2008 годзе. І так пашчаслівілася, што гэтае месца пражывання барсукоў за столькі гадоў захавалася. Ахова спрацавала. Цяпер там ужо вялікі гарадок.

Усяго Юрый знайшоў для Шчучынскага больш за 30 новых месцаў з чырванакніжнікамі. І некалькі даволі добрых біятопаў – такіх цэльных участкаў дзікай прыроды, якія вельмі важна захаваць: яны і як біятопы вельмі шыкоўныя, і як месцы пражывання і вырастання для рэдкіх відаў.

Спадабалася, што мы працавалі сумесна з лясгасам і начальнікам інспекцыі Мінпрыроды, – падзяліўся Юра. Яны вельмі дапамагалі і з транспартам, і дзесьці з начлегам, і ў прынцыпе вельмі спагадлівыя былі. Дзякуй ім, што ішлі насустрач. Мы з імі на месцы выязджалі, я ім паказваў гэтыя ахоўныя віды, каб яны разумелі, што і навошта ахоўваць, што шукаць і дзе яно расце.

У Гродзенскім раёне Юрый праверыў каля 20 месцаў з чырванакніжнікамі – і амаль усе рэдкія віды на месцы. Не пацвердзіліся толькі вельмі старыя месцы з барсукамі і чорным буслам.

Пры гэтым іншыя пяць барсучыных гарадкоў па-ранейшаму населеныя.

Сярод правераных месцаў вельмі многа з рэдкімі імхамі, напрыклад, тартэла звілістая і брыум прыбярэжны. У Гродзенскім раёне – адзіныя ў Беларусі вядомыя перададзеныя пад ахову месцы, дзе яны растуць. Такія імхі-кальцэфілы часта растуць на старых фартыфікацыях, бо там прысутнічае кальцый.

Таксама падчас экспедыцыі мы вылучылі рэдкі біятоп для перадачы пад ахову – лясы на ярах. Плошча гэтага біятопу — каля 8 гектар.

Наш спецыяліст Юрый Квач падчас сёлетніх экспедыцый абыходзіў Карэліцкі раён. Там ён праверыў каля 60 месцаў з чырванакніжнікамі – і амаль палова з іх былі барсучыныя. Юрый Квач сказаў, што нідзе такой шчыльнасці барсукоў не бачыў.

У раёне шмат яроў, якія акурат любяць барсукі. Яны робяць норы на схілах, і пры гэтым паблізу павінна быць вада.

Акрамя барсучых гарадкоў, у раёне пераданы пад ахову месцы з вераб’іным сычыкам, шэрым жураўлём, драчом, стронгай і рыбцом, сярод чырванакніжных раслін – з прыгожай і вельмі рэдкай для Беларусі кветкай валжанкай, баранцом звычайным, лілеяй кучаравай і пальчатакарэннікам майскім.

Валжанка. Фота Юрыя Квача

Валжанка. Фота Юрыя Квача

Ландшафт з ярамі цікавы і прыгожы, але ж складаны для абследавання. Тым больш там вельмі густыя зарасці, праз якія цяжка прабірацца, а хадзіць даводзілася і ў спёку.

З ахоўных месцаў амаль усе пацвердзілася. Непацверджаных усяго тры – тры барсучыныя і гняздо вялікага арляца.

А яшчэ знайшліся новыя месцы з чырванакніжнымі раслінамі – валжанкай і мядзведжай цыбуляй.

Дзікія экспедыцыі часта праходзяць у суровых умовах: то спёка, то дождж, то камары, то непралазныя гушчары — але як без гэтай працы захаваць дзікую прыроду?

Хочаш падтрымаць важную і нялёгкую справу? Далучайся да “Дзікага клуба” – прыбытак ад яго ідзе на ахову прыроды Беларусі.