Ці можаш ты ўявіць нашу планету без птушак? У Сусветны дзень навакольнага асяроддзя расказваем пра карысць, якую яны прыносяць, – а яна не абмяжоўваецца эстэтычнай каштоўнасцю.
Птушкі граюць важную ролю ў функцыянаванні экасістэм планеты, наўпрост уплываючы на здароўе чалавека, эканоміку і вытворчасць прадуктаў харчавання, а яшчэ – на мільёны відаў іншых жывых істотаў на планеце.
Не будзе перабольшваннем сказаць, што без птушак мы былі б вымушаны прадзірацца праз суцэльны пласт бесхрыбтовых. Нядаўняе даследаванне сведчыць, што птушкі могуць з’ядаць іх да 400-500 млн тон за год. У Кітаі харчаванне малога свіргуля Apus nipalensis на 2/3 складаецца са шкоднікаў сельскай гаспадаркі, а ў лясах абодвух амерыканскіх кантынентаў вечаровы амерыканскі дубанос Hesperiphona vespertina гераічна змагаецца з імклівым ростам колькасці ліставёрткі, што можна ацаніць у 1820 долараў/км2. Карысць ад птушак настолькі значная, што дамкі для птушак ужо зрабіліся неабходным атрыбутам барацьбы са шкоднікамі па ўсёй Еўропе.
Калі мы думаем пра апыленне раслін, адразу ўзгадваюцца пчолы і матылькі, але птушкі, напрыклад, касачовыя і медасосавыя, таксама робяць вялікі ўнёсак у апыленне раслін, асабліва высока ў гарах ці ў месцах з гарачым кліматам. Да прыкладу, у Паўднёвай Афрыцы амаль чвэрць відаў шалфеяў апыляецца птушкамі. Такія кветкі слаба пахнуць, а птушкі знаходзяць кветкі, больш арыентуючыся на вонкавы выгляд, чым на пах. Тое, што птушкі апыляюць расліны, наўпрост закранае і нас: амаль 5 % раслін, якія людзі ўжываюць у ежу ці для вырабу лекаў, апыляецца птушкамі. І калі птушкі знікнуць, гэта можа прывесці да катастрафічных вынікаў: Трыццаць адзін від гавайскіх званочкаў знік пасля знікнення птушак, якія іх апылялі.
Грыфы, якія лунаюць у небе, – могуць выклікаць прадчуванні. Але іх стараннасць і хуткасць, з якой яны прылятаюць (звычайна на працягу гадзіны з моманту смерці), – вельмі каштоўныя рысы. Можа прайсці некалькі дзён, пакуль рэшткі знойдуць іншыя жывёлы, напрыклад, здзічэлыя сабакі ці пацукі, якія, аднак, спрыяюць распаўсюджванню такіх смяротных захворванняў, як шаленства і сухоты. Карысць, якую прыносіць адзін грыф за сваё жыццё, можна ацаніць у 11600 долараў. У выніку рэзкага памяншэння колькасці грыфаў і сіпаў у Азіі, колькасць здзічэлых сабак у Індыі за апошнія 20 гадоў дасягнула 5.5 млн, што выклікала выбух заражэння шаленствам, ад якога памерлі 47300 чалавек.
З дапамогай памёту птушкі разносяць насенне. Яны вяртаюць расліны ў разбураныя экасістэмы і нават заносяць насенне праз мора на новыя тэрыторыі. Менавіта птушкі дапамаглі стварыць той свет раслін, у якім мы жывем. Такія птушкі як туі Prosthemadera novaeseelandiae пасеялі 70 % раслін у лясах Новай Зеландыі. Яшчэ больш важную місію выконвае мікранезійскі імператарскі голуб Ducula oceanica, найбуйнейшая птушка на архіпелаге Палау. Гэта асноўны распаўсюднік насення на ўсёй тэрыторыі архіпелагу.
Лясы, лугі і балоты ўплываюць на жыццё людзей, якія жывуць нават за сотні кіламетраў: яны паглынаюць вуглярод, спрыяюць устойлівасці клімату, насычаюць паветра кіслародам і пераўтвараюць забруджвальныя рэчывы ў пажыўныя. Але без птушак многія эксістэмы проста не маглі б існаваць. Птушкі падтрымліваюць крохкую раўнавагу паміж раслінамі і траваеднымі, паміж драпежнікамі і здабычай. Яскравы прыклад – саланчаковыя балоты на паўднёвым усходзе ЗША, якія зараслі спарцінай далікатнай, што фільтруе ваду і захоўвае ўзбярэжжа ад марской эрозіі. Балотныя слімакі Littoraria irrorata з задавальненнем харчуюцца спарцінай, і калі б не было крыўкоў, вялікіх кулёнаў і зуйкоў, гэтыя малюсенькія слімакі, з’еўшы ўсю расліннасць, пераўтварылі б балоты ў гразевыя пляжы.
Птушкі, асабліва марскія, граюць вызначальную ролю ў кругазвароце пажыўных рэчываў і дапамагаюць угнойваць марскія экасістэмы, напрыклад, каралавыя рыфы. Марскія птушкі пралятаюць сотні кіламетраў, каб знайсці ежу ў акіяне, і, вяртаючыся, пакідаюць пласты гуана (памёту) у месцах гнездавання. Гуана трапляе ў акіян і ўгнойвае навакольныя мясціны, у тым ліку каралавыя рыфы. Даследаванне выспаў Чагас паказала, што здараецца ў выпадку парушэння гэтага працэсу. На выспах, дзе няма інвазійных відаў драпежнікаў, якія палююць на марскіх птушак, каралавыя рыфы разрастаюцца хутчэй, а рыба вырастае большых памераў, чым на выспах, населеных пацукамі.
Адкрыцці, пачынаючы з тых, што звязаныя з тэхналогіяй палёту, і заканчваючы маланкай, якая паўтарае бародкі пер’я, сведчаць аб тым, што птушкі натхнялі людзей на працягу стагоддзяў. Некаторыя з гэтых адкрыццяў мелі вялізнае значэнне: даследаванне ўюркоў, якое праводзіў Ч. Дарвін на Галапагоскіх выспах, падцвердзілі ягоныя здагадкі пра эвалюцыю шляхам натуральнага адбору. Але птушкі не проста падказваюць ідэі, яны граюць больш значную ролю: птушкі – гэта індыкатары стану здароўя планеты. Жывучы паўсюль і хутка рэагуючы на змены ў навакольным асяроддзі, яны папярэджваюць нас аб сур’ёзных праблемах, напрыклад, аб змяненні клімату.
Jessica Law, birdlife.org
Пераклад з ангельскай мовы Алены Раманоўскай