Зараз актыўна ідзе міграцыя птушак. Гэта не толькі магчымасць паназіраць за імі на пралёце, але і ўспомніць пра пагрозы, якія іх чакаюць на доўгім шляху.
Самую поўную актуальную ацэнку стану пералётных птушак утрымлівае даклад “Стан мігруючых відаў у свеце”, выпушчаны Канвенцыяй па мігруючых відах у 2024 годзе.
80% відаў жывёл, уключаных у Канвенцыю, складаюць птушкі – 962 віды.
134 з іх – пад глабальнай пагрозай знікнення.
48% відаў пералётных птушак маюць тэндэнцыі да скарачэння папуляцый, і толькі 13% – да росту.
У Дадатку ІІ да Канвенцыі пералічаны птушкі, для аховы якіх патрэбны міжнародныя меры. Папуляцыі каля траціны з гэтых відаў скарачаюцца.
Папуляцыі пералётных птушак, уключаных у Канвенцыю, з 1970 года павялічыліся ў сярэднім на 11%, аднак у асобных відавых групах і геаграфічных рэгіёнах сітуацыя адваротная. Напрыклад, у Паўночнай Амерыцы колькасць птушак-мігрантаў знізілася на 2,5 мільярды асобін.
Свежы аналіз выявіў 107 відаў пералётных птушак пад пагрозай знікнення і блізкіх да пагражальнага, якіх патэнцыйна могуць уключыць у Канвенцыю для дадатковай аховы. Сярод іх 49 трубканосых (альбатросы, качуркі, буравеснікі) і 34 вераб’іныя віды.
У выжыванні пералётных птушак стратэгічную ролю граюць ключавыя тэрыторыі біяразнастайнасці (КТБ). Большасць КТБ, каля 9000, вылучана менавіта для аховы гэтых відаў. Гэта месцы, дзе яны прыпыняюцца падчас міграцыі, каб адпачыць і падсілкавацца.
На жаль, нягледзячы на экалагічную значнасць, многія КТБ не ахоўваюцца ў рамках афіцыйных структур. У Еўропе 66% КТБ маюць ахову. І нават тыя, што пад аховай, не пазбягаюць усё большага антрапагеннага ціску: паляванне, рэкрэацыя, сельская гаспадарка, водакарыстанне.
Крыніца: BirdLife International
Загалоўнае фота: вялікія грыцукі, Уладзімір Бондар, Магілёўскі раён