Птушкай 2022 года выбрана патрыётка Палесся, паляшучка – белая сініца (рус. – белая лазоревка) – невялікая прыгожая пеўчая птушка, якая жыве ў нас толькі на Палессі. Яна змяніла леляка – птушку 2021 года.
Што ж гэта за птушка? 10 фактаў пра яе.
Відэа Дзмітрыя Якубовіча
Нацыянальная кампанія “Птушка года” праводзіцца з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.
Павел Пінчук, арнітолаг нацыянальнага парку “Прыпяцкі”:
Асноўныя пагрозы для белай сініцы – меліярацыя пойм палескіх рэк і забалочаных лясоў, веснавыя палы ў поймах. Яшчэ адна з пагроз – недахоп месцаў гнездавання праз вырубку старых дрэў, акрамя таго, шмат птушанят гіне ў гнёздах, якія недастаткова абаронены ад драпежнікаў (у першую чаргу ў вёсках – ад катоў). Выраб адмысловых сінічнікаў мог бы дапамагчы ў павелічэнні папуляцыі птушкі 2022 года. Акрамя таго, біялогія гэтага скрытнага віду кепска даследавана ў Беларусі, як і ва ўсім арэале. Кальцаванне дапаможа атрымаць больш інфармацыі пра перамяшчэнні белых сініц.
Цягам года арнітолагі будуць адлоўліваць і пазначаць белых сініц каляровымі кольцамі. Паназіраць за працэсам кальцавання можна будзе ў Тураве на першай у Беларусі станцыі кальцавання. Глядзі ўважліва на ногі сустрэтых князькоў – ці няма там кольца? – і фатаграфуй іх!
Каб удакладніць трэнды беларускай папуляцыі князькоў, у Палессі плануецца правесці адмысловыя ўлікі ў месцах іх гнездавання і закласці маршруты для будучага маніторынгу. Магчыма, атрымаецца даць новую ацэнку колькасці віду ў краіне.
Узімку ў межах кампаніі з дапамогай леснікоў і школьнікаў плануецца зрабіць і развесіць сотні дамкоў для белай сініцы на Палессі. Ляток у такіх дамках павінен быць 28 мм – далучайся! Вясной спецыялісты і аматары-птушкары правераць, хто пасяліўся ў гэтых сінічніках.
Ты таксама можаш зрабіць сінічнік для князька ці для іншых відаў сініц.
Табе спатрэбіцца:
дошка таўшчынёй 2 см, шырынёй 14 см і даўжынёй 127 см;
шрубы па дрэве 4,0*50 – 16 штук;
шрубакрут;
фрэза або пёравы свердзел дыямэтрам 28 мм, каб выразаць ляток;
антысептык (неабавязкова).
Распілуй дошку на часткі паводле схемы. Ні ў якім разе не габлюй унутраныя сценкі і падлогу сінічніка: яны павінны быць шурпатымі, каб птушаняты маглі выбрацца на волю.
Злучы часткі шрубамі так, як паказана на малюнку.
Пакрый гатовы сінічнік антысептычнай вадкасцю.
Павесь сінічнік на дрэве (для князька – у пойме палескай ракі, для іншых відаў – у двары або парку), прыматаўшы дротам на вышыні 1,5-2,5 метры так, каб дамок быў крыху нахілены ўперад, ад ствала. Так птушанятам будзе лягчэй выбрацца адтуль. Вешай сінічнік не з паўднёвага боку, каб птушаняты не загінулі ад перагрэву. Развеску дамкоў трэба рабіцьяк мага раней, да 15 красавіка.
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
Бацькі, настаўнікі – далучайце дзетак! Стварайце разам з імі ў сваё задавальненне, публікуйце вынікі сваёй працы ў сацсетках, пашырайце веды пра птушку года і дапамагайце дзікай прыродзе!
Творчая акцыя “Князёк – гаспадар Палесся”
Зрабі малюнак з птушкай года або яе скульптуру з традыцыйных або любых падручных матэрыялаў у вобразе князя сініц (прынца ці караля), гаспадара Палесся. Выкладзі фота свайго твору ў сацсеткі з хэштэгам #птушкагода2022.
Акцыя здароўя “Князёк – 2022″
Упрыгож маску, якая дапамагае прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19, выявай птушкі 2022 года. Зрабіць гэта можна любым даступным спосабам: малюнак адмысловымі фарбамі, вышыўка і да т. п. Выкладзі сваё фота ў масцы свайго твору ў сацсеткі з хэштэгам #птушкагода2022.
Акцыя для настаўнікаў: сцэнар для пазакласных заняткаў у сярэдніх школах пра белую сініцу.
У акцыі дзве опцыі сцэнароў:
– заняткі для пачатковых класаў;
– заняткі для сярэдніх i старэйшых класаў.
Сцэнар павінен змяшчаць інфарматыўную і прыродаахоўную частку аб птушцы года. Пры магчымасці, найлепшы сцэнар будзе выкарыстаны як дапаможнік для сярэдніх школ г. Мінска для правядзення пазакласных заняткаў у верасні-кастрычніку 2022 года.
Сцэнары дасылайце на электронны адрас ptushkahoda@wildlifebelarus.org не пазней за 31 траўня 2022 года з паметкай “Сцэнар”. У лісце абавязкова пазначыць, на якую ўзроставую катэгорыю разлічаныя заняткі (пачатковая школа або старэйшыя класы). Найлепшыя сцэнары будуць распаўсюджаныя па школах.
Даведка: У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц. 2021 год праходзіў пад крыламі леляка.
Spelling error report
The following text will be sent to our editors: