Гага: з усіх мораў абрала Мінскае
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 16 лістапада 2020 года
Не, мы не пра культавую спявачку. Падчас Адкрытага восеньскага чэмпіянату па фотабёрдынгу, які адбыўся 7 лістапада, удзельнікі сфатаграфавалі незвычайную для нашай краіны птушку!
Звычайная гага для Беларусі надзвычай рэдкая госця і адзначаецца тут не кожны год. Арнітолагам вядомыя толькі адзінкавыя залёты гэтай марской качкі.
Найбліжэйшае месца, адкуль яна магла да нас заляцець – гэта ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Першая рэгістрацыя віду ў нас была ў 1983 г. Апошнімі гадамі гаг сустракаюць часцей. Магчыма, гэта звязана з павелічэннем колькасці бёрдвочараў – аматараў назіраць за птушкамі. Іх таксама называюць птушкарамі.
На Мінскім моры (!) самка гагі трымаецца ўжо больш як тры тыдні, – расказаў арнітолаг Сямён Левы. – І для многіх бёрдвочараў гэтая птушка стала першай гагай, якую яны сустрэлі ў жыцці. Акрамя таго, другая гага цяпер плавае ў Маларыцкім раёне.
Святлана Савіцкая, адна з удзельніц чэмпіянату па фотабёрдынгу, якой удалося сфатаграфаваць гагу, расказвае:
Я даведалася пра тое, што на Мінскім моры плавае гага, праз чат птушкароў «Ціў-ціў!». Самі мы б наўрад ці яе заўважылі, ды яшчэ здалёк у шэры дзень на шэрай вадзе. Самкі гагі па афарбоўцы крыху нагадваюць качку-крыжанку, а вось самца пазнаць было б лягчэй. Гэта новы для мяне від, пабачыла яго ўпершыню.
Святлана актыўна назірае за птушкамі ўжо два гады, і гага стала 143-й у яе асабістым спісе відаў.
Вядома, што гагі жывуць да 37 гадоў, а знакамітыя ў асноўным гагачым пухам, які мае найменшую цеплаправоднасць сярод пуху любых птушак. Ім і цяпер набіваюць цёплую вопратку жыхароў паўночных рэгіёнаў, палярнікаў, альпіністаў і касманаўтаў. Самка вышчыпвае яго з грудзей і брушка, каб ацяпліць гняздо. Промысел пуху дагэтуль існуе ў Ісландыі і Нарвегіі, дзе частку пуху адзін раз забіраюць падчас наседжвання, а пасля вываду птушанят забіраюць усё, што засталося.
Гагі ныраюць на глыбіню да 20 м і кормяцца рачкамі і малюскамі. Гэтыя птушкі не баяцца холаду і на зімоўку часта злятаюць у раёны больш паўночныя, чым месцы гнездавання – абы было неглыбока і мора не было скаванае лёдам.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: