7 ліпеня 2021 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне шэсць паштовых марак на тэму «Сокалы» з серыі «Птушкі Беларусі». Адпраў ліст сябрам або папоўні калекцыю!
Над маркамі працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін і дызайнер Марына Віткоўская.
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
На палях марачных і малога лістоў, а таксама на купонах – лагатып АПБ.
У Беларусі сустракаюцца 6 відаў сокалаў. Тры віды з іх, у якіх самцы добра адрозніваюцца ад самак, апынуліся на марках серыі. Усе гэтыя віды сокалаў уключаны ў Чырвоную кнігу. Акрамя хуткай рэакцыі, з характэрных рыс можна адзначыць, што сокалы зусім не ўмеюць будаваць гнёзд і залежаць тут ад іншых птушак ці дапамогі чалавека.
Кожнаму віду прысвечаны дзве маркі: асобна самцу і самцы. У невялікіх сокалаў апярэнне адносна яркае, у кожнага віду адмысловы сілуэт.
Сокал-дрымлюк – рэдкі на гнездаванні ў Беларусі і аддае перавагу паўночным раёнам, аднак падчас міграцыі і зімоўкі птушак сустракаюць па ўсёй краіне. У самцоў адметная папялістая галава і спіна ў адрозненне ад самак і маладых птушак.
Сокал-пустальга ўжо 40 гадоў паспяхова асвойвае беларускія гарады, дзе займае нішы ў вышынных будынках. Колькасць птушак хутка расце. Птушкі на паляванні часценька завісаюць у адной кропцы. Самцы адрозніваюцца ад самак і маладых птушак папялістай афарбоўкай галавы і хваста.
Сокал-шулёнак – адзіны від з трох, які больш не гняздуе ў Беларусі. Раней сокалы-шулёнкі утваралі тут нават калоніі з дзясяткаў пар, аднак сёння гэты від можна сустрэць у нас толькі падчас міграцыі. Шулёнкі – самыя яркія з усіх нашых сокалаў, бо самцы маюць прыгожы чорны колер, які добра кантрастуе з чырвонымі лапамі.
7 ліпеня на Галоўным паштамце ў Мінску адбудзецца спецыяльнае гашэнне “Першы дзень”.
На кожным марачным аркушы па пяць аднолькавых марак і адзін купон з птушкай таго ж віду, але супрацьлеглага полу. На малым аркушы – па адной марцы кожнага віду. Наклад кожнай маркі – 40 тысяч асобнікаў.
Маркі маюць намінал “А” (перасылка простых лістоў масай да 20 г па Беларусі), “N” (міжнародная перасылка простай непрыярытэтнай паштоўкі), “M” (перасылка за мяжу простай прыярытэтнай паштоўкі), намінал “Р”, (перасылку міжнароднай прыярытэтнай простай пісьмовай карэспандэнцыі (лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў) масай да 20 г уключна), і “Н” (перасылка за мяжу непрыярытэтных лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў масай да 20 г уключна).