Фізкультура ў яйку: эмбрыёны птушак-паразітаў адзначыліся актыўнасцю

ад 17 лістапада 2021 года

Міжнародная каманда даследчыкаў знайшла, што эмбрыёны аблігатных гнездавых паразітаў рухаюцца падчас росту і развіцця значна больш, чым эмбрыёны іншых відаў птушак. Хутчэй за ўсё такія птушаняты вылупляюцца больш моцнымі і здольнымі актыўна шукаць і выкідваць з гнязда патэнцыйных канкурэнтаў – яйкі ці птушанят прыёмных бацькоў.

Зязюля і чаротаўка

Аблігатныя гнездавыя паразіты – параўнальна невялікая група прадстаўнікоў розных таксонаў, якія заўсёды падкідваюць свае яйкі ў гнёзды іншых відаў птушак для наступнай інкубацыі і выгадоўвання імі птушанят. Звычайна – але не заўсёды – эмбрыёнам гнездавых паразітаў да вылуплення патрэбна менш часу інкубацыі, чым яйкам віду-гаспадара гнязда. І для таго, каб загадзя знішчыць магчымую канкурэнцыю за ежу і ўвагу ад прыёмных бацькоў, птушаняты гнездавых паразітаў стараюцца адразу выкінуць з гнязда яйкі, а часам і іншых птушанят. Аднак для гэтага патрэбны не толькі іншы механізм актывацыі рухаў, які ў птушанят зязюлі, напрыклад, уключаецца са зніжэннем тэмпературы на гняздзе. Гэтае зніжэнне тэмпературы значыць, што дарослая птушка адляцела і можна бесперашкодна шукаць і выпіхваць з гнязда патэнцыйных канкурэнтаў. У большасці гнездавых птушанят рухі актывізуюцца, наадварот, з падвышэннем тэмпературы. Дык вось, птушанятам гнездавых паразітаў патрэбна яшчэ і шмат сілы, якая, хутчэй за ўсё, і развіваецца яшчэ ў яйку на стадыі эмбрыёна.

Падчас шматгадовых даследаванняў навукоўцы сабралі 437 яек ад 14 відаў птушак з розных краін і кантынентаў, сярод якіх былі яйкі і гнездавых паразітаў, і відаў са звычайным размнажэннем. Пасля яйкі змяшчаліся ў інкубатар і з дапамогай спецыяльнага бясшкоднага для эмбрыёнаў лазера праграма адсочвала рухі эмбрыёнаў. Аказалася, што ўсе эмбрыёны паразітычных відаў рухаліся значна больш, чым эмбрыёны непаразітычных відаў на апошніх стадыях іх развіцця:

Актыўнасць эмбрыёнаў птушак - гнездавых паразітаў

Крыніца: Stephanie C. McClelland et al, Embryo movement is more frequent in avian brood parasites than birds with parental reproductive strategies, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2021). DOI: 10.1098/rspb.2021.1137

Паводле www.phys.org для сайта birdwatch.by падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак птушанят зязюлі і балотнай чаротаўкі Сяргея Чарапіцы

https://www.facebook.com/wildlife.belarus


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: