У Беларусі новы від птушак? Высветліць дапаможа генетычны аналіз. Абноўлена
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 1 ліпеня 2022 года
Спіс птушак Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца ў сярэднім на 1-3 віды штогод.
Каб рэгістрацыі новых для краіны, некаторых залётных і рэдкіх відаў птушак cталі навуковымі фактамі, іх разглядае Беларуская арнітафаўністычная камісія (БАФК). Звычайна для яе рашэння дастаткова здымкаў або відэа адпаведнай якасці, часам – запісаў голасу ці мапы перамяшчэння птушкі са спадарожнікавым перадатчыкам над нашай тэрыторыяй. І вось упершыню для канчатковага вызначэння новага для краіны віду спатрэбіўся генетычны матэрыял.
У пятніцу, 13 траўня, Мікалай Варабей, арнітолаг і выдатны фота-анімаліст з Любані, спачатку пачуў, а потым змог сфатаграфаваць новы для краіны від – заходняга салаўя (Luscinia megarhynchos). Адбылося гэта ля вёскі Пагост, што ў Салігорскім раёне на Міншчыне.
Аднак праблема ў тым, што да звычайнага ў нас усходняга салаўя прыкладна з цэнтральна-ўсходняй часткі Польшчы дадаецца блізкі і параўнальна звычайны ў краінах Заходняй Еўропы заходні салавей. Арнітолаг Дзяніс Кіцель тлумачыць:
Від складаны [для вызначэння] і не такі адназначны. Есць шэраг артыкулаў пра гібрыдызацыю еўрапейскіх салаўёў – гэты факт таксама не трэба забываць.
Арнітолаг Наталья Карліонава дадае:
Один признак [даўжыня першага махавага першай ступені] не совсем соответствует критерию южного соловья. Записи песни и подробные фото были отправлены нашим коллегам из других стран, которые кольцуют этот вид. После некоторого времени нами были получены подтверждения, что это действительно южный соловей, а не восточный.
Дадаткова ў птушкі быў ўзяты генетычны матэрыял, які пасля параўнання з адпаведнымі пробамі ўсходняга і заходняга (южного – рус.) салаўёў павінен даць канчатковы адказ на праблему з вызначэннем віда салаўя з Салігоршчыны.
Мікалай Варабей, аўтар адкрыцця, расказвае падрабязнасці падзеі для сайта “Птушкі штодня“:
На рэдкіх птушак больш ўвагі я пачаў звяртаць з 2019 года, калі напрыканцы 2018 я сустрэў пiскульку і чырвонаваллёвых казарак.
Праходзячы ноччу/раніцай па дамбах вадасховішча і ракі Случ у раёне 5 гадзін, я звярнуў увагу, што адзін з салаўёў спяваў кароткімі фразамі. Ведаючы, што гэтым адрозніваюцца паўднёвыя салаўі, якія звычайна выкарыстоўваюць толькі 2-3 калены за раз, я пачаў чакаць яшчэ больш характэрнага высокачастотнага свісту ў крэшчэнда, які чуў толькі на аўдыёзапісах і ніколі ад ўсходніх салаўёў.
Чамусьці я быў упэўнены, што за пару хвілін гэтае калена павінна было праявіцца, і калі гэтага не адбылося, я пайшоў далей, засумняваўшыся. Падумаў, што, магчыма, у нашага звычайнага салаўя нейкія цяжкасці са спевам, таму што абарваныя ці скарочаныя варыянты яны могуць выдаваць, але я ніколі не чуў пры гэтым такой стабільнасці і разнастайнасці рэпертуару…
Калі ж вяртаўся назад у 7 гадзін, на тым жа месцы я амаль адразу пачуў у песні гэтага салаўя высокі свіст і ўсё стала нашмат цікавей! Сапраўды, на працягу дзвюх хвілін гэты свіст звычайна выяўляецца, часам, магчыма, радзей праз вялікія прамежкі паміж фразамі менавіта ў салаўя гэтага віду. Я спусціўся да кустоў і адразу адзначыў, што гэтая птушка больш утойная, чым звычайны салавей, і заўсёды выбірае месцы для спеваў за галінкамі, якія яе максімальна хаваюць. А падчас пералётаў кідаецца ў вочы яркі, амаль чырвоны верх цела. Пастаяўшы і паназіраўшы нейкі час, зрабіўшы некалькі здымкаў і аўдыёзапісаў, я пайшоў далей, моцна не цешачыся – была пятніца, 13-е усё ж такі)).
Калі генетычны аналіз вызначыць гэтую птушку як заходняга салаўя і гэта пацвердзіць БАФК, то від можа стаць 343-м для нашай арнітафаўны.
Заходні салавей – шырокараспаўсюджаны і звычайны від у краінах Заходняй і Паўднёвай Еўропы, паўночнай Афрыкі, на Каўказе, Блізкім Уходзе, у Турцыі, Іране і ад дэльты Волгі ў Расіі і Туркменіі на ўсход да Манголіі.
Заходні салавей у Польшчы –параўнальна звычайны гнездавальны від для заходняй і паўднёвай частак краіны, дзе, у адрозненне ад ўсходняга салаўя, займае больш сухія зараснікі і ўскрайкі лясоў. У ХІХ ст. быў распаўсюджаны пад Варшавай і нават пад Люблінам, аднак у 1960-70-я гады пад Варшавай ужо сустракалі толькі асобных самцоў, з паўднёвага ўсходу від знік яшчэ раней. З пачатку 1990-х гадоў пачаў рэгулярна сустракацца на пралёце і на гнездаванні і на ўсходзе Польшчы, у тым ліку зноў пад Люблінам і Седльцамі. Лічыцца, што з гэтага часу адбываецца павольная рээкспансія віду ва ўсходнім кірунку:
У Літве ўпершыню адлоўлены на станцыі кальцавання птушак “Вентэс рагас” у 1987 годзе, потым у 2001 і пазней больш рэгулярна (агулам адзначаны дзевяць разоў), у тым ліку і ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны недалёка ад нашых межаў.
Абноўлена: 1 ліпеня ў Фэйсбук-суполцы Клуб200 арнітолаг Наталля Карліонава паведаміла пра вынікі генетычнага аналізу. Салавей аказаўся гібрыдам у першым пакаленні, маці якога на 100% усходні салавей, а бацька на 99,9% належыць да віду заходні салавей. Дадзеныя генетычнага аналізу атрыманы ад супрацоўнікаў лабараторыі малекулярнай заалогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.
Выкарыстаныя крыніцы:
Tomiałojć L., Stawarczyk T. 2003 Awifauna Polski. Rozmieszczenie, liczebność i zmiany, PTPP “pro Natura”, Wrocław
Jusys et al. 2017 “NAUJI IR RETI PAUKŠČIAI LIETUVOJE”
Падрыхтаваў для сайта “Птушкі штодня” Дзьмітры Вінчэўскі
Падзяліся артыкулам у сацсетках: