У Беларусі выйшлі маркі з дзятламі
Абвестка,Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 31 мая 2022 года
24 траўня 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне пяць паштовых марак на тэму «Дзятлападобныя» з серыі «Птушкі Беларусі». Адпраў ліст сябрам або папоўні калекцыю!
Над маркамі, а таксама над спецштэмпелем, канвертам “Першы дзень” і карткамі для картмаксімумаў працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін і дызайнер Марына Віткоўская. У Беларусі можна пабачыць усе 10 відаў дзятлаў, якія сустракаюцца на еўрапейскім кантыненце. На марках выяўлены некаторыя з іх.
Жоўтагаловы дзяцел (трехпалый дятел) – адзін з самых дробных нашых дзятлаў. Уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Часцей за ўсё сустракаецца ў Віцебскай вобласці.
Круцігалоўка (вертишейка) атрымала назву за звычку падчас небяспекі імітаваць паводзіны змяі: шыпець, выцягваць шыю і круціць галавой. Гэта наш адзіны дзяцел, які адлятае на зімоўку.
Малы дзяцел (малый дятел) адметны памерам: ён крыху большы за вераб’я. У гнездавы сезон абірае поймы малых рэк, парослыя лісцевымі дрэвамі, а таксама змяшаныя лясы паблізу забалочаных участкаў.
Сярэдняму дзятлу (среднему дятлу) для жыцця патрэбныя лісцевыя пароды дрэў, можа гнездаваць у гарадскіх парках.
Сівая жаўна (седой дятел) атрымала назву дзякуючы цэрай афарбоўцы галавы. Сівую жаўну можна ўбачыць у вёсках, размешчаных недалёка ад лісцевага ці змяшанага лесу, там ён корміцца ў садах.
На кожнай марцы пазначаны ахоўны статус віду паводле Міжнароднага саюза аховы прыроды.
Пачатак серыі “Птушкі Беларусі” – маркі № 767–770, 1421–1426. Друк афсетны, поўнакаляровы, папера крэйдавая, гуміраваная. У аркушах памерам 132*97 мм па сем марак і адным купоне. Тыраж марак – па 35 тысяч кожнай.
Намінал кожнай маркі – М (перасылка за мяжу простай прыярытэтнай паштоўкі).
Маркі друкаваліся таксама ў малым аркушы – у ім па пяць марак. Памер малога аркуша 98х170 мм, яго тыраж – 10 тыс.
Таксама аддрукаваны малы аркуш без перфарацыі, тыраж 5 тыс.
На купоне малога аркуша – чорная жаўна (желна) – самы вялікі з нашых дзятлаў. Сустрэць гэты від можна ў самых розных месцах, уключаючы лесапаркі на ўскраінах вялікіх гарадоў.
На канверце Першага дня – вялікі дзяцел (пестрый дятел) – самы распаўсюджаны від дзятлаў, прыгожая стракатая птушка. Сустракаецца ва ўсіх тыпах лясоў, а таксама ў населеных пунктах.
Паводле belpost.by
Падзяліся артыкулам у сацсетках: