Не шуміце: дзікая прырода ў стрэсе

ад 19 ліпеня 2022 года

Зямля становіцца ўсё больш шумным месцам. Гукі могуць распаўсюджвацца на вялікія адлегласці, праходзіць праз цвёрдыя перашкоды і здольныя ператварыць нават ідылічныя пейзажы ў непрыдатныя для жыцця мясціны.

У мінулым матэрыяле мы расказалі пра светлавое забруджванне. Навукоўцы склалі яго карту, якая з дапамогай спадарожнікаў адлюстроўвае ўзровень гэтага забруджвання на нашай планеце.

Гук, у адрозненне ад святла, спадарожнікі зафіксаваць не могуць, таму навукоўцам даводзіцца рабіць аўдыязапісы ў розных лакацыях тэрыторый, для якіх яны складаюць карты гукавога забруджвання.

У ЗША гэтым займаецца аддзел прыродных гукаў і начнога неба Службы нацыянальных паркаў. Навукоўцы з гэтага аддзела запісалі калі 1,5 мільёна аўдыяфайлаў на 500 лакацыях па ўсёй краіне. Яны вызначылі што дзейнасць чалавека павялічвае ўдвая ўзровень фонавага шуму ў 63% ахоўных прыродных тэрыторый ЗША, а ў 21% – аж у 10 разоў! Фактычна, тое, што можна было б пачуць на адлегласці 100 метраў, цяпер магчыма пачуць толькі на адлегласці 10 метраў.

Паводле навукоўцаў, галоўныя крыніцы антрапагеннага шумавога забруджвання – самалёты, аўтамабілі, здабыча нафты і газу, горная прамысловасць і лясная гаспадарка. Нават самыя, здавалася б, далёкія ад гарадоў і заводаў месцы знаходзяцца пад акустычным прэсам.

шумавое забруджванне

У гарадах праблема яшчэ горшая, і не толькі ў ЗША. У 2005 годзе дзве траціны еўрапейцаў знаходзіліся ў навакольным шуме, які адпавядаў бы няспынным дажджам.

Гэта цяжкія ўмовы для жывёл, якія камунікуюць з дапамогай крыкаў і песень. Навукоўцы высветлілі, што шумныя раёны ў Лейдэне ў Нідэрландах прымушаюць вялікіх сініц спяваць на вышэйшых частотах, каб гарадскі шум не заглушаў іх. Салаўі ў Берліне мусяць спяваць гучней, каб прабіцца праз навакольны гул.

Гарадскі і прамысловы шум можа таксама змяніць рытм птушыных песень, негатыўна паўплываць на складанасць іх крыкаў, перашкодзіць птушкам знайсці пару. Акрамя таго, у шумным асяроддзі складаней высачыць па гуку здабычу, як і складаней своечасова пачуць набліжэнне драпежніка і ўратавацца ад гібелі.

У 2012 годзе ў Айдаха навукоўцы правялі эксперымент і пабудавалі ў адным з месцаў адпачынку пералётных птушак “дарогу-прывід”: усталявалі з дынамікаў калідор даўжынёй каля 800 метраў, а дынамікі прайгравалі зацыкленыя запісы дарожнага трафіку. Траціна птушак пазбягала гэтага месца. Астатнія трацілі больш часу на тое, каб за шумам не падпусціць да сябе драпежніка, і менш часу – на пошук ежы. Гэтыя птушкі набіралі менш вагі і заставаліся слабейшымі перад складанай міграцыяй. Эксперымент выразна паказаў, што нават адзін толькі шум, без віду аўтамабіляў і паху выхлапаў, – вялікі стрэс для птушак. І да падобных высноў прыйшлі сотні іншых даследаванняў.

Шум можа ўплываць на цэлыя экасістэмы. Амерыканскія эколагі заўважылі, што ў лясах Нью-Мехіка хмызняковыя сойкі Вудхаўза пазбягаюць шуму кампрэсараў, якія выкарыстоўваюцца пры здабычы газу. Як нашы сойкі дапамагаюць лясам, распаўсюджваючы жалуды і насенне іншых дрэў, так і сойкі Вудхаўза граюць вельмі важную ролю ў распаўсюджванні насення мясцовых відаў соснаў. Адна птушка можа закапаць тысячы семян за восень! Але паколькі сойкі пазбягаюць шумных месцаў, там вырастае ў чатыры разы менш сасновых саджанцаў, чым у ціхіх месцах.

Улічваючы, што гэтыя сосны – аснова мясцовых экасістэм і гэты від адзін забяспечвае ежай і служыць прытулкам для соцень іншых, і для карэнных амерыканцаў таксама, то страта 75% дрэваў з’яўляецца катастрофай.

Пра светлавое і шумавое забруджванне не гавораць так шмат, як, скажам, пра забруджванне пластыкам ці пестыцыдамі. Але калі пластык і пестыцыды яшчэ доўга будуць атручваць экасістэмы і жывёл, нават калі заўтра спыніць іх вытворчасць, то праблему празмернай ілюмінацыі і шуму можна вырашыць адразу і эфектыўна.

Калі пачалася пандэмія каранавірусу, у многіх краінах здарыліся лакдаўны. Практычна не лёталі самалёты, не ездзілі машыны, не выходзілі ў мора круізныя лайнеры, не ладзіліся фестывалі, людзі сядзелі па дамах. У выніку ў многіх месцах стала нашмат цямней і цішэй.

Зменшыць светлавое і шумавое забруджванне магчыма пры дастатковай матывацыі людзей. Улетку 2007 года ў адным з нацпаркаў Каліфорніі правялі эксперымент: расклеілі таблічкі, якія абвяшчалі адну з самых папулярных частак парку ціхай зонай і заклікалі людзей адключыць тэлефоны і размаўляць цішэй. Гэтая простая мера без усякага прымусу дазволіла знізіць узровень шуму ў парку на тры дэцыбелы, што адпавядае змяншэнню колькасці наведнікаў на 1200 чалавек.

Вядома, для больш сістэмнага эфекту патрэбныя больш маштабныя крокі. Ціхія тратуары з порыстай паверхняй могуць паглынаць шум машын, гукапаглынальныя бар’еры – змякчыць шум транспарту і прамысловасці. Можна абмежаваць транспартны рух праз важныя прыродныя тэрыторыі або зрабіць там больш строгія абмежаванні па хуткасці.

І, вядома, кожны можа зрабіць нешта па сваіх сілах: знізіць хуткасць на лясных дарогах, не равець маторам аўто або матацыкла, замяняць паездкі на аўто паездкамі на веласіпедзе або пешымі прагулкамі, адмовіцца ад піратэхнікі.

Паводле Эда Ёнга, theatlantic.com


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: