“Шчыра, страшна было”: птушкі па раскладзе і лясная шок-сустрэча ў вялікай гутарцы з Інай Субоцінай

ад 30 жніўня 2022 года

Любоў да дзікай прыроды і прага да адкрыццяў робяць жыццё насычаным і цікавым. У гэтым можна пераканацца на прыкладзе птушкаркі Іны Субоцінай.

Яна жыве ў Мінску, але падарожнічае па ўсёй Беларусі, зазіраючы ў самыя дзікія куткі. У такіх выправах здараюцца нечаканыя сустрэчы з людзьмі і жывёламі – часам забаўныя, а часам экстрэмальныя.

Іна Субоціна

Іна Субоціна

Птушыны слоўнічак

  • Арабок – рябчик
  • Глушэц – глухарь
  • Кнігаўка – чибис
  • Ляляк – козодой
  • Поплаўны лунь – луговой лунь
  • Слонка – вальдшнеп
  • Снежны падарожнік – (лапландский) подорожник
  • Сняжурка – пуночка
  • Чарналобы грычун – чернолобый сорокопут
  • Шыладзюбка – шилоклювка

Як і калі вы захапіліся назіраннем за дзікай прыродай?

З самага маленства, з трох гадоў. Я да школы расла ў бабулі, бо ў маці быў кароткі дэкрэтны адпачынак, мне было паўтара годзікі, і мяне аддалі ў вёску ў Мядзелскім раёне. Там была невялікая рэчка, і зімой я збягала з хаты, хавалася ў сумёты і назірала, як качкі ў палонцы плавалі, падабалася назіраць.

Таксама мяне бралі і дзядуля, і тата ў грыбы, у ягады з трох–чатырох гадоў, таксама паказвалі ўсіх звяроў, птушак, каторыя там былі. А першую сваю фотакамеру я купіла, калі мне было 14 гадоў. Я сама на яе сабрала грошы, зарабіла.

Гэта была мыльніца?

Так, гэта была мыльніца, гэта быў 1995 год. На той момант 110 даляраў была велізарная сума, бо зарплата ў бацькоў была амаль па 25-30 даляраў, а я за лета, гандлюючы грыбамі і ягадамі, назбірала 110. І купіла свой першы фотаапарат, самы просценькі. Цяпер у мяне ўжо чацвёртая па ліку камера.

У 2009 годзе я набыла тэлеаб’ектыў, каб здымаць птушак, але сістэмнасці не было: каго ўбачыла, таго і здымала. Я тады не ведала пра прыродаахоўныя арганізацыі, не мела ніякіх вызначальнікаў. А ў 2019 годзе я ўбачыла абвестку, што прыродаахоўнікі шукаюць валанцёра па кажанах з транспартам, я паглыбілася ў тэму дзікай прыроды, і для мяне адкрыўся цэлы свет птушкавання. Раней я не ведала, як і дзе шукаць розных птушак, у які час года, калі пералётныя вяртаюцца – усё рабіла наўздагад. А з 2019 года пачала шукаць і здымаць іх ужо з веданнем справы. Птушкі цяпер займаюць увесь вольны час.

Увосень 2019-га ў мяне нарадзіўся сын, і я трохі выпала з птушкавання, а вось у 2021 годзе я ўжо заняла другое месца ў Вялікім годзе. Я ўбачыла 250 відаў за год.

Вялікі год – спаборніцтва паміж птушкарамі, хто больш розных відаў птушак адзначыць за год у Беларусі.

Ваш сын яшчэ маленькі, але, можа, ужо спрабуе птушкаваць, як мама?

Так, ён ужо птушкаваў. Першае яго птушкаванне адбылося гэтай вясной. Калі ляцелі гусі, мы шукалі белашчокіх казарак. Мы ведалі, дзе яны ёсць, і паехалі туды. Мне не было з кім пакінуць сына, давялося браць  з сабой. І ён з намі цэлы дзень адптушкаваў, і белашчокіх казарак мы тады знайшлі.

А яшчэ мы з ім ездзілі на снежнага падарожніка, на сняжурак. Таксама знайшлі.

І як ён рэагуе? Уцягваецца ў працэс, не сумуе?

Уцягваецца. Калі прылятала канадская казарка ў Нясвіж, нас было чацвёра дарослых і мой сын Міша. Яму 2,5 гады на той момант было, і мы пайшлі з ім пехам. Калі шукаеш птушак, то ходзіш няхутка, але ён ні разу нават не паскардзіўся, не папрасіўся на ручкі. Больш як два кіламетры па Нясвіжскім парку маё дзіцё выхадзіла самастойна. Збіраў каменьчыкі, нейкія кветачкі. Не скардзіўся, не плакаў.

Добры прыклад для іншых бацькоў, каб заахвочвалі дзетак далучацца да дзікай прыроды.

Згодная. А мы таго разу ў парку белашчокую казарку не знайшлі і паехалі паглядзець па наваколлі. На адным вадаёме Наталля Косар заўважыла, што з травы тырчыць галава казаркі. Мы спыніліся, выглядзелі яе ў біноклі. У мяне нават ёсць забаўны фотаздымак з сынам, дзе ўсе нашы бёрдвочары стаялі і глядзелі на казарку, а я на тэлефон зняла сыночка, які стаіць на пярэднім плане, а на заднім можна разгледзець канадскую казарку.

Птушкары выглядаюць казарку. Міша на пярэднім плане. Фота Іны Субоцінай

Я спецыяльна так здымала, каб пры набліжэнні можна было разгледзець і птушку саму.

У набліжэнні. Бачыце ўверсе справа кропачку? Гэта казарка! 🙂

Раскажыце пра апошнія цікавыя назіранні. Якіх рэдкіх птушак атрымалася пабачыць?

Ёсць такая птушка як чарналобы грычун. Яна толькі ў некаторых населеных пунктах раней знаходзілася, у прыгранічнай зоне, а цяпер туды няма ўваходу. І нам давялося яе шукаць у іншым месцы. Звычайна я ініцыятар такіх вылазак, маршруты складаю, у нас дзявочая кампанія – нас тры дзяўчыны.

Адна група бёрдвочараў ездзіла, шукала – не знайшлі. А мы паехалі праз тыдзень пасля іх і знайшлі абсалютна ў новым месцы. У пятніцу мы выехалі і толькі ў нядзелю вярнуліся. Цэлыя суткі не маглі адшукаць: там, дзе нам падказалі, гэтай птушкі не аказалася. А ў нядзелю зранку знайшлі.

Чарналобы грычун. Фота Іны Субоцінай

Чарналобы грычун. Фота Іны Субоцінай

Праязджаючы праз новую вёску, у якой ніколі мы не былі, я заўважыла на правадах птушку. Спыняемся, глядзім – нешта падобнае. Ускідваю аб’ектыў – бачу ружовую грудку і чорны лоб. Кажу – гэта наш таварыш, трэба яго здымаць.

Чарналобы грычун.

Чарналобы грычун. Фота Іны Субоцінай

Мы яго пафатаграфалі, потым ён паляцеў у вёску, і я праз нейкі час пачула голас чарналобых грычуноў з боку вёскі. Я кажу, давайце паедзем паглядзім, можа, там ёсць другая птушка, бо павінна быць пара. І дакладна: прыязджаем у вёску – і там пара. У шлюбных адносінах: самка выпрошвала ежу, а самец злавіў нейкага жука, паглядзеў і з’еў сам, не падзяліўся з сяброўкай.

А што Вам найбольш цікава ў назіранні за птушкамі?

Знаходзіць птушак у новых месцах. Напрыклад, калі ў нейкае месца ніхто з птушкароў не ездзіў, але на мой погляд яно цікавае, там хтосьці можа быць, то я люблю проста пахадзіць там, паназіраць, хто там жыве, якія віды можна знайсці.

Знаходзіць птушак у новых месцах – самае цікавае

Вы ўжо некалькі гадоў вельмі актыўна птушкуеце. Ці назіраеце вы, што за апошнія гады з’явілася больш птушкароў у Беларусі?

У нас гэта толькі пачынаецца, і паспрыяў пашырэнню птушкавання COVID19, бо шмат межаў было закрыта, людзі не маглі нікуды выехаць на адпачынак і пазнаёміліся з такім прыемным заняткам як птушкаванне. У чаце птушкароў Беларусі “Ціў-ціў”, які я ў тым ліку мадэрую, больш за 1000 чалавек, але многія толькі чытаюць яго. Вось такіх, як я, птушкароў, якія актыўна ездзяць у пошукавыя экспедыцыі, чалавек 20, мабыць. Не ва ўсіх ёсць магчымасць паездзіць пашукаць.

Магчыма, у вас ёсць парады для тых, хто толькі пачынае цікавіцца птушкамі, назіраннем? З чаго пачаць?

Нават калі няма магчымасці выехаць у іншы рэгіён, у любым населеным пункце шмат розных мясцін, дзе ёсць птушкі. Гэта можа быць і вадаём, і прылесак, абы было жаданне пахадзіць і паназіраць. Але гэта трэба рабіць зранку, калі птушкі найбольш актыўныя, бо ў абедзенны час яны ўсе будуць хавацца ад спякоты ў цень, і вы іх проста не ўбачыце. А бліжэй да вечара можна паназіраць іншых птушак.

Я зараз* валанцёру ў Налібоцкай пушчы, і над нашымі будынкамі кожны вечар лётаюць слонкі, а таксама прылятаюць тры лелякі. Я ведаю, у які час адкуль прылятаюць лелякі, і калі прыязджалі знаёмыя і хацелі ўбачыць леляка, то смяяліся, калі я сказала, што ў 22.18 прыляцяць два лелякі – і яны сапраўды прыляцелі роўна ў гэты час. Ва ўсіх атрымалася зрабіць здымкі. А праз 10 хвілін прыляцеў трэці.

Ляляк у палёце

Ляляк прыляцеў па раскладзе. Фота Іны Субоцінай

Я некалі чытала ў фатографкі Таццяны Раманавай пра тое, як ёй даводзілася вычэкваць птушак, каб зрабіць добры здымак, часам стоячы па пояс у вадаёме, і паступова яна заўважыла, што расклад у птушак літаральна распісаны па хвілінах.

Так і ёсць! Дарэчы, я сёлета таксама стаяла ў вадзе па пояс і здымала кулікоў на Тураўскім лузе. У мяне ёсць камбінезон з ПВХ, у якім можна зайсці ў глыбокія месцы.

Птушкарам часам даводзіцца і па вадзе пахадзіць, каб зрабіць цікавае назіранне ці добры кадр

Я паназірала і знайшла міграцыйны напрамак, па якім кулікі лятуць з адной часткі балоння на другую – усе па адным маршруце. І я стала ў гэтых ботах і здымала. І ў такім выглядзе мяне знайшлі бёрдвочары з Мінска, мы потым пазнаёміліся, яны ўжо па чаце “Ціў-ціў” ведалі маё імя. Так знаёмствы і адбываюцца.

Аднойчы лазіла ў Чыжоўцы па нейкай канаве, птушак здымала, вылажу – уся ў камуфляжным аддзенні, у бандане, – а перада мной стаіць малады мужчына з біноклем. Паглядзеў на мяне, павіталіся, ён кажа: “Вы, напэўна, Іна Субоціна”. А я пытаю: “А як вы мяне пазналі?” Кажа: “Я вашы чаравікі пазнаў”. Рэч у тым, што я не люблю фатаграфавацца з тварам, і звычайна на фота фігуруюць мае ногі ў гэтых чаравіках, напрыклад, выстаўленыя з палаткі. І ўрэшце настаў момант, калі мяне па іх пазналі. Вось такія прыкольныя здарэнні бываюць.

А бываюць і небяспечныя.

Раскажыце пра іх.

Я некалькі дзён таму хадзіла па лесе, мне трэба была фатаграфія арабка для Фотагода. Прыгледзела кавалак лесу, які падыходзіць для гэтай птушкі: калі б я была арабком, я б там жыла. І пайшла шукаць.

Фотагод – спаборніцтва птушкароў, у якім трэба за год сфатаграфаваць як мага больш відаў птушак у Беларусі.

Я арабка знайшла там за 20 хвілін, зрабіла здымак. Іду назад. Чую трэск галін. Паварочваюся – бяжыць самец казулі. Іх тут вельмі шмат. Іду далей. Зноў трэск галінак, але ўжо іншага характару. Я паварочваю галаву і бачу статак дзікоў. На мяне выходзіць самка з падрослымі парасятамі. І стаіць ад мяне на 12 метраў. Я бясшумна хаджу па лесе, і яна мяне не заўважыла.

Я азірнулася – сосны без адзінага сучка на іх, узлезці праблематычна. Калі б яна накінулася на мяне – у мяне было б абсалютна нуль шанцаў, пакалечыць бы магла лёгка, ёй было пару секунд да мяне перабегчы.

Яна глядзіць мне ў вочы. І першая думка была – бегчы няма куды, трэба здымаць. Я раблю першы кадр, але ўжо рука дрыганула, і першы кадр атрымаўся не зусім у той рэзкасці, як мне б хацелася.

Самка дзіка

Той самы першы кадр з самкай дзіка. Фота Іны Субоцінай

Шчыра, страшна было. А ўжо на другім кадры, калі яна павярнулася, можна разгледзець аж вока са зрэнкай кабаніхі.

Самка дзіка

Другі кадр з самкай дзіка атрымаўся ў большай рэзкасці – можна разгледзець зрэнку ў яе воку

Яна была так блізка! Рохнула на мяне два разы – пасварылася, што я ў яе на дарозе апынулася, трошкі адвярнулася і пад вуглом 30 градусаў ад мяне пайшла, і парасяты следам. А я стаю, не варушуся, каб іх не напудзіць, каб яны на мяне не накінуліся. Думаю, зараз яны пойдуць усе, а я паціху буду ўжо дамоў ісці. А яны ўсё ідуць і ідуць, ідуць і ідуць, не канчаюцца ніяк. Іх было ці то 12, ці то 15, шмат.

Гісторыя ўражвае. Трэба быць вельмі пільным у лесе, каб і птушак не спалохаць, і самому неспадзявана не трапіцца дзіку ці якому мядзведзю. Можна хадзіць і не здагадвацца, што яны ходзяць гэтай жа сцяжынай.

Так, я хацела знайсці глушца для Вялікага года, і мне трэба было прайсці тое месца, дзе ходзяць кабаны. Глушца я пачула, бо мне патлумачылі, на якім баку шукаць, – для Вялікага года дастаткова пазнаць птушку па голасе. Глушцы ў гэты час лінныя, мяняюць апярэнне і шукаюць больш зацішныя мясціны.

Падчас лінькі, мабыць, трэба асабліва асцярожна паводзіцца, каб не патурбаваць птушку?

Трэба заўжды сачыць, каб не спудзіць птушку, незалежна ад таго, лінька ці не лінька. Трэба і не ў ліньку так здолець падысці да птушкі, каб яна не хвалявалася. Калі ідзе лінька і птушка недзе хаваецца, то выганяць яе на адкрыты прастор дзеля здымку катэгарычна нельга. Усё адно ёй хочацца есці. Значыць, трэба дачакацца таго часу, калі яна выйдзе пакарміцца на ўскрайку ельніка, і сфатаграфаць, не турбуючы яе.

У нас знайшлі шыладзюбку з птушанятамі ў Гомельскай вобласці. Публікацыю ў групе Клуб200 спецыяльна прытрымалі на 5 дзён, каб трошкі падраслі птушаняты, каб іх не турбавалі.

Клуб200 – супольнасць птушкароў, сябры якога назіралі 200 і больш відаў птушак у Беларусі .

Праз тыдзень паехала я са сваёй кампаніяй, і ў нас атрымалася іх знайсці. Была сям’я шыладзюбак – двое дарослых  і двое птушанят – на невялікім вадаёме з кустамі на беразе. Мы фатаграфавалі іх праз тыя кусты, каб яны нас не бачылі і не турбаваліся. І выдатныя атрымаліся здымкі: як яны ходзяць, як купаюцца – яны, аказваецца, умеюць плаваць.

Шыладзюбка

Шыладзюбка. Фота Іны Субоцінай

Я паназірала – бацькі па розныя бакі стаяць, назіраюць за тым, што вакол робіцца, а птушаняты кормяцца. Калі ты фатаграфуеш, а птушкі займаюцца сваімі справамі, не турбуюцца – гэта выдатна.

А здымкі, якія ў мяне ў палёце зробленыя, – гэта калі шыладзюбкі адганялі лунёў: спачатку два балотныя – самец і самка – падляталі, а потым яны ганялі поплаўнага луня. То бок яны ўзляталі не ад таго, што мы іх турбавалі. Яны нават кнігавак ганялі!

Шыладзюбка ў палёце. Фота Іны Субоцінай

Шыладзюбка ў палёце. Фота Іны Субоцінай

І мы дакладна так, як прыйшлі па пшанічным полі, так і пад вуглом, каб нас не відаць было, і выйшлі адтуль. І тых, хто збіраўся ехаць паглядзець шыладзюбак, я прасіла: вялікая просьба не падыходзіць да вады, а фатаграфаваць праз кусты. Па здымках, якія я бачыла, усе прыслухаліся да маёй парады.

Дзякуй, гэта сапраўды вельмі важная парада. Добры птушкар не будзе турбаваць птушак. Раскажыце крыху пра сваё валанцёрства ў Налібоцкай пушчы, чым вы там займаецеся?

Я дапамагаю супрацоўніцы з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая займаецца вывядзеннем глушцоў у спецыяльным гадавальніку. На гэты момант тут 17 птушанятаў, якія вывеліся часткова ад глушыц, якія ўтрымліваюцца ў вальерах, а часткова ў інкубатарах.

Глушаня

Глушаня ў гадавальніку ў Налібоцкай пушчы. Фота Іны Субоцінай

Аднаму цяжка спраўляцца, трэба самая разнастайная дапамога: недзе штосьці парэзаць, паднесці. Я лавіла птушанятам жывы корм: жукоў, стракоз – яны гэта вельмі любяць. Да рук іх ніхто не прывучае, яны кантактуюць толькі з тымі, хто іх даглядае. Потым яны будуць перасяляцца ў іншы вальер, дзе яны будуць знаходзіцца па суседстве з дзікімі птушкамі, і там яны хутка дзічэюць.

Глушаня ў гадавальніку ў Налібоцкай пушчы. Фота Іны Субоцінай

Глушаня ў гадавальніку ў Налібоцкай пушчы. Фота Іны Субоцінай

Глушаняты выдаюць розныя спецыфічныя гукі. Калі задаволеныя, свісцяць на адзін манер, калі нешта просяць – па іншаму. Калі б я такое птушаня сустрэла адно ў лесе, я б не ведала, хто гэта такі, бо маленькі глушэц, калі яму месяц, вельмі падобны да курапаткі і памерам, і афарбоўкай. Хаця постаць, манера хадзьбы ўсё ж выдае глушца.

Што б вы пажадалі тым, хто толькі нядаўна зацікавіўся птушкаваннем?

Верыць у свае сілы і магчымасці, адкрыцця новых відаў для сваёй краіны. Усё атрымаецца!

Гутарыла Алеся Башарымава (*ліпень 2022 года)

Фота з архіву Іны Субоцінай

 

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: