Вясна прыляцела ў Беларусь ужо ў сярэдзіне каляндарнай зімы

ад 17 студзеня 2023 года

Апошнія зімы (за рэдкім выключэннем) у Беларусі немагчыма называць ранейшымі, бо асабліва на захадзе краіны снег не ляжыць усе зімовыя месяцы, а вадаёмы калі і пакрываюцца ільдом, то часам толькі пад канец снежня.

Ды ўжо ў студзені вада ў поймах некаторых рэчак разліваецца амаль як вясной. Усё гэта блытае не толькі птушак, але і нас, калі мы хочам адназначна сказаць пра пачатак вясновай міграцыі на нашай тэрыторыі.

Здымак шэрых жураўлёў Дзмітрыя Шыманчука, зроблены 15.01.2023 г. у Свіслацкім раёне.

Здымак шэрых жураўлёў Дзмітрыя Шыманчука, зроблены 15.01.2023 г. у Свіслацкім раёне.

Справа тут у тым, што сярод птушак-мігрантаў існуюць дзве вялікія групы.  Каб вызначыць час вяртання або адлёту, яны выкарыстоўваюць розныя прыродныя сігналы. 

Прадстаўнікі першай групы відаў называюцца дальнія (ці далёкадыстанцыйныя) мігранты, іх яшчэ называюць пералётнымі птушкамі. Звычайна яны зімуюць у іншай кліматычнай зоне, чым гняздуюць. Гэта значыць, што калі яны гняздуюць у нас ва ўмеранай кліматычнай зоне, то ляцяць зімаваць у Міжземнамор’е (малінаўка, сокал-пустальга), у субтропікі (шэрая леска, поплаўны лунь, вясковая ластаўка), ці ў тропікі (белы бусел, усе крычкі і рыбачкі) і экватарыяльную зону (чорны свіргуль, зязюля) Афрыкі, а некаторыя нават Азіі (малая валасяніца, звычайны чаромашнік, жаўтагаловая пліска).

Пералётныя птушкі наўрад ці ведаюць што такое наша зіма (і былая “сапраўдная”, і нават цяперашняя), таму што адлятаюць ад нас задоўга да яе магчымага пачатку. Гэта адбываецца ў канцы лета або ўвосень. Галоўны сігнал да восеньскай міграцыі ў дальніх мігрантаў – скарачэнне светлай часткі сутак.

‘Крытычная’ працягласць дня ў розных відаў можа быць розная, таму розныя віды і адлятаюць у розны час. Падобным чынам на месцы зімоўкі пэўнае павелічэнне працягласці дня ёсць сігналам да пачатку вясновай міграцыі, сэнс якой – вярнуцца на патэнцыйныя месцы гнездавання ў час, калі там ужо ёсць ці параўнальна хутка наступяць умовы для пачатку размнажэння. Чым раней вернешся – тым большыя шанцы заняць найлепшае месца для гнездавання, а ў відаў без пастаяннага партнёра – знайсці найлепшага з іх.

Здавалася б, што працягласць дня і ночы ў тыя ж даты не змяняецца, і таму пералётныя птушкі павінны адлятаць і вяртацца ў тыя ж даты, што і тысячагоддзі таму. Але ў сапраўднасці і гэтыя віды прыстасоўваюцца да больш кароткіх і лагодных зім і вяртаюцца, хаця і паступова, усё раней. Для тлумачэння гэтага ёсць розныя тэорыі.

Аднак, што не менш цікава, некаторыя (хутчэй адзінкавыя ці вельмі нешматлікія) асобіны далёкіх мігрантаў пачалі заставацца зімаваць у нас ці ў тым самым умераным клімаце недалёка ад Беларусі. Гэтым яны дадаткова заблытваюць карціну пачатку вясновай міграцыі (напрыклад, белыя буслы, балотныя луні, лескі-чарнагалоўкі ці малінаўкі).

Другая ж група мігрантаў – самая складаная да вызначэння дакладнага пачатку вясновай міграцыі ў іх. Яе прадстаўнікі называюцца бліжнімі (ці блізкадыстанцыйнымі) мігрантамі і звычайна зімуюць у той самай кліматычнай зоне, што і гняздуюць. Гэта значыць, што калі яны і адлятаюць ад нас, то не далей за краіны Заходняй Еўропы. Для іх сігналам да пачатку (часам нават непрацяглай і параўнальна недалёкай) міграцыі, у асноўным, ёсць даступнасць ежы і ўмовы надвор’я. Калі надвор’е пагаршаецца так, што ежы перастае хапаць для выжывання, бліжнія мігранты адлятаюць туды, дзе могуць зімаваць, а потым або вяртаюцца з паляпшэннем надвор’я, або застаюцца на месцы зімоўкі да сталага пацяплення і павелічэння працягласці дня. Апошняе дазваляе больш часу прысвяціць пошуку ежы – калі гэта неабходна.

Да гэтай групы птушак адносяцца шэрыя жураўлі, шэрыя гусі, канюхі-мышаловы, сокалы-пустэльгі, чорныя дразды, шэрыя і вялікія белыя чаплі, лыскі ды іншыя. З кожным годам не толькі ўсё большая колькасць асобін гэтых відаў застаецца зімаваць у нас (з вядомых прычын часцей на захадзе краіны), але і пачынаюць вяртацца – пры неадпаведна цёплым зімовым надвор’і – вельмі рана, таму што месцы пастаяннай іх зімоўкі ўсё больш і больш прасоўваюцца на ўсход, бліжэй да нашых меж. І такім чынам фактычна пачынаюць вясновую міграцыю – як і адбылося сёлета.

Гэтай зімой – як дарэчы і ў некалькі апошніх папярэдніх зім – шэрыя жураўлі, шэрыя гусі і некаторыя іншыя бліжнія мігранты ў невялікай колькасці адзначаліся на паўднёвым захадзе Берасцейшчыны. Аднак надзвычай цёплы, з тэмпературным рэкордам, пачатак новага года змяніў сітуацыю найперш таму, што сотні, калі не тысячы птушак гэтых і іншых відаў, якія зімавалі на захад ад нас найперш у Польшчы, пачалі перамяшчацца на ўсход. Ужо ў першай палове студзеня былі адзначаны параўнальна вялікія групы шэрых жураўлёў і розных відаў гусей, якія ляцяць ва ўсходнім кірунку і на поўдзень ад Белавежскай пушчы, і на яе поўначы. Адсутнасць снегу ў апошнія дні і вялікія разлівы невялікіх рэчак толькі спрыяюць актыўнай міграцыі, таму што звычайна гэтыя віды прыпыняюцца на так званай ‘лініі снегу’ і чакаюць, пакуль ён растане, перш чым ляцець далей.

Вось што паведамляе Вадзім Пракапчук, арнітолаг з Брэста, пра вынікі першай яўнай хвалі міграцыі блізкадыстанцыных мігрантаў на 14 студзеня, паводле сваіх і іншых назіранняў:

На ўмоўным участку паміж Камянюкамі і Брэстам сёння ў розных месцах былі адзначаны больш за дзесяць вялікіх і сярэдніх чарод гусей на палетках: шэрыя, гусі-гуменніцы і адна групка белалобых гусей. А ў раёне Брэста – шэрыя жураўлі і 4 кнігаўкі! Дарэчы, гэта не стала нейкай нечаканасцю, бо 3 студзеня ў пойме ракі Лясная ля вёскі Вугляны на Камянеччыне ўжо былі адзначаныя 40 шэрых гусей, больш за 30 гусей-гуменніц, 3 вялікія белыя чаплі, 9 шэрых жураўлёў.

Ляцелі гусі і жураўлі на другім тыдні студзеня, па словах Дзмітрыя Шыманчука, птушкара з Гродна, і ў Свіслацкім раёне на Гарадзеншчыне:

Першага шэрага жураўля я пачуў 4 студзеня, а ўначы з 13 на 14-га актыўна ляцелі гусі. Калі ж я ад’язжаў з Ціхаволі ў Гродна, на ўскрайку вёскі зняў жураўлёў”.

Птушкі прадказваюць раннюю вясну. Але не трэба забываць, што ўсе пералічаныя вышэй віды, нават кнігаўкі (якія звычайна зімуюць у Францыі) – гэта блізкадыстанцыйныя мігранты. І калі нешта пойдзе на так, яны адляцяць на столькі сотняў кіламетраў на захад, колькі будзе трэба, каб там чакаць сапраўдную вясну. Таму на пытанне – “А як будзе з вясной у лютым?”, Вадзім Пракапчук з усмешкай адказвае: – “Убачым ужо ў лютым”.

Да канца каляндарнай зімы можна самастойна, не выходзячы з хаты ці кватэры, кругласутачна назіраць за тым, што адбываецца з птушкамі і звярамі поймы ракі Лясная ТУТ. А таксама на свае вочы ўбачыць працяг сёлетняй ранняй вясновай міграцыі.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для “Птушкі штодня

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: