Ці добра карміць качак хлебам?
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 29 студзеня 2019 года
Многія аматары птушак упершыню адчулі радасць ад стасункаў з дзікай прыродай, калі частавалі качак хлебам у мясцовым парку ці на сажалцы.
Магчыма, ім падалося, што гэта добры і экалагічна бяспечны спосаб пазбавіцца ад старога і чэрствага хлеба. Але насамрэч хлеб для качак – нездаровая і патэнцыйна небяспечная ежа.
Хлеб і блізкія да хлеба прадукты (крэкеры, чыпсы, пышкі, сухарыкі, шматкі са збажыны, папкорн) – добрыя крыніцы вугляводаў, але качкі, гусі, лебедзі і іншыя птушкі атрымліваюць мала калорый ад іх спажывання. Фактычна, хлеб для птушак – гэта нездаровая ежа. Падобна да таго, як чалавеку кепска харчавацца выключна цукеркамі, так і качкам шкодна есці зашмат хлеба. Гэта можа прывесці да залішняй вагі, разладжання страўніка і іншых праблемаў.
Калі карміць качак хлебам вельмі рэдка – раз на некалькі месяцаў – вялікай шкоды не будзе. Але многія людзі кормяць качак значна часцей. І калі ўлічыць разам усіх тых, хто з самых добрых намераў корміць качак хлебам, атрымаецца, што птушкі харчуюцца выключна нездаровай ежай. Людзі з высокім узроўнем экалагічнай свядомасці не будуць частаваць качак хлебам ці падобнымі прадуктамі, каб пазбегнуць праблемаў, звязаных з высокім утрыманнем у іх вугляводаў.
Хлеб можа не толькі прывесці качак да атлусцення, што замінае ім лётаць і ратавацца ад драпежнікаў, але і выклікаць іншыя сур’ёзныя праблемы:
Дзікія качкі і іншыя вадаплаўныя птушкі могуць пражыць больш доўгае і здаровае жыццё пры ўмове, што будуць харчавацца натуральнай ежай: воднымі раслінамі, насеннем і бесхрыбетнымі – а не тым, што кідаюць ім людзі, кіруючыся самымі добрымі памкненнямі.
Лебедзі на зімоўцы: калі і як дапамагаць?
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
Калі ў вас ёсць 5-10 хвілін – паназірайце за паводзінамі качак пад мастом каля гасцініцы “Юбілейнай” ці ніжэй дамбы Камсамольскага возера ў Мінску. Крыжанкі ў прыродзе не павінны даваць нырца. Але беларускія качкі вывучыліся здабываць ежу са дна і на 10-20 секундаў могуць занырнуць, каб адарваць ад дна смачных малюскаў дрэйсэн. Пакуль ёсць адкрытая вада, і без вашай дапамогі яны не загінуць.
Але калі вы ўсё ж хочаце пачаставаць качак – а гэта можа падарыць вам і дзеткам цудоўныя ўражанні – хлебу ёсць шмат альтэрнатыўных варыянтаў. Найлепшай ежай для качак будзе раздробленая кукуруза, ячмень, авёс ці аўсяныя шматкі, іншыя крупы ці зерне, парэзаная гародніна.
Для многіх людзей карміць качак значыць не толькі стасавацца з прыродай, але і пазбаўляцца ад старога, чэрствага хлеба. Але пазбавіцца ад яго можна і іншым чынам, напрыклад:
Вядома, найлепшае выйсце – увогуле не выкідаць хлеб. Яго можна доўга трымаць свежым у лядоўні ў поліэтыленавым пакеце ці замарозіць і трымаць да таго часу, калі ён спатрэбіцца. Аматары птушак могуць складаць меню такім чынам, каб не выкідаць хлеб і не ствараць сабе спакусы пакарміць качак ды іншых птушак хлебам.
Меліса Майнц, thespruce.com, пераклад Алены Раманоўскай
Фота Аляксандра і Марыі Вінчэўскіх
Падзяліся артыкулам у сацсетках: