Як правільна хадзіць у ягады? Чытай і збірай!

ад 31 ліпеня 2019 года

Разам з ляснічым Кашара-Альманскага лясніцтва Столінскага ляcгаса Аляксандрам Колбам, які працуе на Альманскіх балотах, мы склалі парады для ягаднікаў.

Што нельга рабіць у ягадах?

Паліць вогнішчы. Агонь і пажар — самая вялікая небяспека для лесу. Па статыстыцы пік пажараў прыпадае на пачатак верасня. Чаму? Гэта перыяд самай нізкай вады ў лесе. І пачатак сезона збору брусніц і журавін. «Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі — самае частае парушэнне ў нашым лясніцтве», — кажа Аляксандр Колб.

Кідаць акуркі і запалкі. Калі паліш — будзь пільны. Тушы любую крыніцу агню.

Карыстацца петардамі і іншай піратэхнікай.

Рабіць самастойныя шматдзённыя стаянкі ў недазволеных месцах.

Палохаць птушак і падыходзіць блізка (бліжэй за 200 метраў) да гнёздаў. Некаторыя птушкі ўжо не вернуцца ў гняздо, калі чалавек спалохаў яе ці падышоў блізка да гнязда. Птушаняты застануцца адны і, хутчэй за ўсё, загінуць. Заўважылі гняздо ў лесе? Не падыходзьце да яго і не размаўляйце гучна.

Пакідаць, закапваць ці паліць смецце.

Клюква на Ельне

Брусніцы. Фота Мікалая Чэркаса

Якую ваду піць у лесе?

Адказвае Максім Нямчынаў:

— Лепш за ўсё піць ваду, узятую з сабой. Ваду таксама можна браць у студнях ці калонках на спецыяльна абсталяваных стаянках у лесе і на балотах.

— Што рабіць калі такой вады няма, а стаянка ў лесе некалькі дзён?

Вада з верхавога (журавінавага) балота, якую можна выціснуць з моху ці ўзяць з балотных азёраў – іржавага колеру, стэрыльная, амаль дыстыляваная і мае мала соляў. Яна кепска спаталяе смагу, але піць яе сырой – бяспечна.

Вада ў лясных рэках і крыніцах можа быць небяспечнай з эпідэміялагічнага пункту гледжання. Яе трэба кіпяціць, каб пазбегнуць заражэння кішачнымі інфекцыямі. Але такая вада можа быць забруджаная пестыцыдамі і ўгнаеннямі. А ад гэтага нават кіпячэнне не дапаможа.

Што можна і трэба рабіць у лесе?

Збіраць ягады ў сезон. Напрыклад, сезон збору журавін пачынаецца напрыканцы жніўня — у пачатку верасня. Інфармацыю пра пачатак сезона можна даведацца ў мясцовым лясніцтве, адміністрацыі ахоўнай тэрыторыі, на сайтах мясцовых уладаў і ў раённай прэсе.

Забіраць смецце з сабой.

Карыстацца спецыяльна абсталяванымі стаянкамі. Чаму? Гэта бяспечна, таму што там можна хутка атрымаць дапамогу, туды пракладзеныя дарогі, там ёсць іншыя людзі, якія змогуць дапамагчы. Смецце вывозіць лясгас, ёсць прыбіральня. Гэта важна. Такія стаянкі, як правіла, абсталяваныя ў бяспечных для дзікай прыроды месцах.

Карыстацца для збору ягад дазволенымі прыладамі. З 2019 года можна збіраць ягады грабянямі — але! — паміж зубцамі павінна быць не менш за 5 мм.

Паведаміць у пажарныя службы ці лясніцтва, калі заўважылі агонь ці пажар. Тэлефон 101, 112.

Мець з сабой мабільны тэлефон і навігатар з запоўненай батарэяй, каб быць на сувязі і не заблукаць.

Колькі чалавек можа сабраць ягад за дзень? «Некаторыя збіраюць і па 50—60 кг, некаторыя па 10 кг», — кажа Аляксандр Колб.

АПБ в Одноклассниках

 

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: