Буслы не зляцелі ў вырай. Трэба дапамагчы ці натуральны адбор?
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 1 верасня 2022 года
Надыходзіць восень. Пералётныя птушкі ляцяць на зімоўку – але не ўсе. Амаль кожны дзень да арнітолагаў звяртаюцца людзі, занепакоеныя лёсам буслоў, што да гэтага часу не адляцелі ў Афрыку зімаваць. Чаму некаторыя птушкі застаюцца ў Беларусі, як ім можна дапамагчы і ці трэба гэта рабіць? Расказвае арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі.
Аляксандр, гэта нармальна, што некаторыя буслы ўсё яшчэ не адляцелі?
Звычайна ў канцы жніўня апошнія белыя і чорныя буслы пакідаюць Беларусь і адпраўляюцца на поўдзень. Белыя збіваюцца ў вялікія чароды, а чорныя часцей за ўсё мігруюць паасобку. У апошнія выходныя жніўня я яшчэ назіраў у Беларусі і тых, і другіх. Дажджы могуць на некаторы час перашкодзіць іх адлёту, але птушкі рушаць у шлях, як толькі сонца нагрэе зямлю. Зімаваць у Беларусі застаецца толькі невялікая частка белых буслоў, хворых альбо прыручаных чалавекам.
Які лёс чакае гэтых птушак?
Птушкам голад страшнейшы ад холаду. Да таго ж зімы часта бываюць даволі цёплымі і мы штогод з розных куткоў Беларусі атрымліваем паведамленні пра буслоў, якія зімуюць. Звычайна яны добра перажываюць зіму на невялікіх незамярзальных рэчках, дзе ёсць магчымасць лавіць рыбу. Праўда, і зімой, і летам на буслоў палюе арлан-белахвост, таму зімоўка можа ўскладніцца не толькі надвор’ем.
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
Бацькі могуць паляцець і пакінуць у гняздзе птушаня-падлетка, якое не паспела навучыцца лётаць?
Птушаняты белых буслоў звычайна пакідаюць гняздо ў ліпені. Але ў гэтым жніўні арнітолагам не раз тэлефанавалі і пісалі з нагоды нялётных птушанят, якіх бацькі пакінулі ў гняздзе. Такія птушаняты без дапамогі дарослых загінуць.
Прычын, як так атрымалася, можа быць некалькі. Па-першае, у гэтым годзе была халодная вясна, таму некаторыя буслы пазней вывелі птушанят. Па-другое, пазнейшыя птушаняты маглі з’явіцца ў маладых пар, якія загнездаваліся позна. Па-трэцяе, праблема магла паўстаць і праз разбурэнне зімой гнёздаў буслоў на слупах ЛЭП. Буслы звычайна выкарыстоўваюць шматгадовыя гнёзды або пабудаваную ў мінулым годзе аснову. Калі ім даводзіцца вясной будаваць гняздо з нуля, вывадак можа аказацца познім і загіне.
А буслы не могуць проста паляцець пазней, калі ўсе птушаняты набяруцца сіл?
Па-першае, дарослыя буслы не захоўваюць сваяцкія сувязі з птушанятамі ў адрозненне ад, напрыклад, жураўлёў і гусей. Птушаняты бусла могуць міграваць асобна ад бацькоў – дарогу ў Афрыку яны ведаюць інстынктыўна.Па-другое, падчас працяглага пералёту белым буслам важна эканоміць энергію, таму яны амаль не машуць крыламі калі лятуць. Гэтыя птушкі падчас міграцыі залежаць ад ўзыходзячых патокаў паветра (тэрмікаў), якія ўзнікаюць у месцах, дзе сонца нагрэла зямлю. Птушкі знаходзяць такія месцы і, распластаўшы крылы, узнімаюцца спіральна ўверх разам з патокамі паветра. З верхняй кропкі ўся чарада плануе як мага далей на поўдзень, дзе зноў шукае тэрмік. Зразумела, што чым бліжэй да зімы, тым менш тэрмікаў і ў нас, і ў краінах Паўднёвай Еўропы, над якімі буслы ляцяць, і шанцы даляцець да Афрыкі зніжаюцца. Таму, вядома, чакаць тых, хто адстаюць, буслы не могуць і не будуць.
Ці варта забіраць птушак дадому?
З прыродаахоўнай пазіцыі беламу буслу як віду зараз нічога не пагражае. Штогадовая гібель сотняў гэтых птушак ад натуральных прычын не можа неяк пагоршыць становішча віда. Як абаронцы дзікай прыроды, мы лічым, што дапамагаць трэба галоўным чынам птушкам, якія пацярпелі праз чалавека, бо ў такім выпадку можа загінуць і моцны, здаровы бусел. З зоаабарончага пункту гледжання, вядома, шкада кожную асобную птушку, ды і сельскія жыхары самі звычайна імкнуцца выхадзіць аслабленых буслоў. Але ў выпадку з познімі птушанятамі можа атрымацца так, што позняе гнездаванне будзе запраграмавана ў іх у генах і перадасца іх буслянятам – такім чынам усе іх нашчадкі будуць асуджаныя на смерць.
А калі ўсё ж вельмі хочацца дапамагчы, што можна зрабіць?
Тых буслоў, што засталіся, можна падкормліваць размарожанай рыбай або мяснымі адходамі. Цёплае памяшканне ім не заўсёды патрэбна, калі птушка сытая і маразы не ніжэй за -15. Але калі птушка жыве на двары ці ў памяшканні неабходна аформіць акт канфіскацыі птушкі з дзікай прыроды ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Увесну яе можна будзе выпусціць на волю.
Ці ёсць нейкія ўстановы, куды можна звярнуцца па дапамогу для буслоў?
Я ведаю толькі Гродзенскі заапарк, прыватную прыродаахоўную ўстанову «Ахова прыроды» ў Асіповіцкім раёне і Цэнтр дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» пад Мінскам. Іх тэлефоны можна знайсці ў інтэрнэце.
Калі ты знайш_ла параненую птушку і хочаш ёй дапамагчы, прачытай памятку.
Гутарыла Аліса Матавілава.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: