Як беларускія арлы вяртаюцца з выраю

ад 14 красавіка 2022 года

Амаль усе вялікія арляцы, пазначаныя ў Беларусі перадатчыкамі, павярталіся дадому.

Вялікі арлец – від, якому пагражае глабальнае знікненне. У Беларусі гняздуецца 120-160 пар гэтых птушак, і гэта адна з самых вялікіх папуляцый у Еўропе. Таму арнітолагі стараюцца як мага лепш вывучыць гэты від і зразумець, як яго захаваць.

Большой подорлик.

Дарослы вялікі арлец. Фота Shimi Eni

Першымі прыляцелі птушкі, што зімавалі на Балканах, – спачатку самцы, потым самкі. Выключэннем, як і ў мінулыя гады, сталі Лана і Дзяніса, якія доўга не спяшаліся пакідаць свой грэцкі вырай. Цікава, што калі ўлічваць не даты вяртання, а працягласць міграцыі, то малюнак значна мяняецца. Самай павольнай становіцца Альжуся, якая дабіралася да свайго гнязда 28 дзён, а самай руплівай і хуткай – Ждана (7 дзён). Нават рэкардсмен па раннім вяртанні Блонд застаецца ззаду са сваімі трыма тыднямі дарогі. Усё залежыць ад тэрмінаў пачатку міграцыі, а яны ва ўсіх розныя.

Афрыканскія зімоўшчыкі прыляцелі даволі позна, у красавіку, усе без выключэння. Двое самцоў яшчэ знаходзяцца ў дарозе –  Дзімон у Румыніі, а Велута нават у Турцыі. Апошняму спатрэбіцца не менш за тыдзень, каб дабрацца да Беларусі. Магчыма, тады будзе пабіты рэкорд самага позняга вяртання вялікага арляца, пастаўлены Турам 17 красавіка 2019 года. Сумная старонка такога “дасягнення” – гэта амаль гарантаваная адсутнасць ці непаспяховае размнажэнне для такіх марудных птушак у гэтым годзе.

Сёлета арнітолагі не здолелі ўсталяваць фотапасткі на гнёздах арляцоў, як рабілі гэта ўжо колькі гадоў. Але насамрэч вялікай бяды ў гэтым няма. Справа ў тым, што па трэках арляцоў ужо добра відаць, што амаль палова з іх кінула леташнія гнёзды і пачала будаваць новыя. Чаму так здарылася, мы паспрабуем даведацца цягам летняга сезона.

Таксама вельмі цікава будзе назіраць за паводзінамі Дзімона, якога ў мінулым годзе выгналі з гнязда, ці за Элені, якая за два апошнія гады страціла двух самцоў. Жыццё працягваецца, нягледзячы на жудасныя падзеі навокал. Гэта азначае, што нас чакаюць новыя адкрыцці і проста цікавыя гісторыі з жыцця вялікіх арляцоў.

Валер Дамброўскі


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: