Апошнія вядомыя калоніі сусліка ў Беларусі перададзены пад ахову

ад 3 чэрвеня 2022 года

У траўні 2022 года Нясвіжскі райвыканкам прыняў нарэшце рашэнне аб перадачы пад ахову чатырох апошнiх месцаў пасялення рабога сусліка, якія заставаліся па-за аховай.

Рабы суслік. Фота Паўла Лычкоўскага

Рабы суслік. Фота Паўла Лычкоўскага

Пад ахову былі перададзены дзве невялікія калоніі каля вёскі Цагельня, а таксама другая па колькасці звяркоў у Беларусі калонія каля вёскі Сейлавічы. Акрамя гэтага, пад ахову ўзяты яшчэ 15,1 га асноўнай калоніі каля вёскі Юшавічы, якія заставаліся па-за аховай. Зараз у Юшавічах будзе ахоўвацца 96,8 га.

На сённяшні дзень мы маем шэсць перададзеных пад ахову калоній, якія знаходзяцца ў Нясвіжскім і Капыльскім раёнах, плошчай 138, 94 га, – паведаміў эксперт Юрый Янкевіч, удзельнік экспедыцый па пошуку рабога сусліка. – Па выніках нашых улікаў, праведзеных ва ўсіх вядомых жылых калоніях, колькаснасць сусліка складае каля 5000 звяркоў.

Экскурсия на сусликов

Суслік. Фота Андрэя Юлдашава

Першая нясвіжская калоні суслікаў была аддадзена пад ахову ў студзені 2020 года. Тады яшчэ дзейнічала першая рэдакцыя тэхнічнага кодэкса ўсталяванай практыкі, дзе прапісаны магчымыя меры па забаронах / рэкамендацыях па дзейнасці для захавання “чырванакніжных” відаў. Таму на большай частцы юшавіцкай калоніі згодна з ТКП забаронена “парушэнне глебавага покрыва, за выключэннем падсеву траў без пераворвання”. Пасля гэтага амаль два гады ўлады і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ніяк не пагаджаліся браць на сябе якія-небудзь абмежаванні па ахове новых калоній суслікаў: маўляў, мы цярпім страты ад гэтых суслікаў, ні рапс, ні кукурузу нельга пасадзіць, якія выгаднейшыя, чым трава, ні нават перазалужыць нельга, каб трава расла лепей. Быў прапанаваны і абмеркаваны варыянт, калі раз на пяць гадоў у перыяд спячкі звяркоў на кожнай траціне калоніі дазваляецца неглыбокая пераворка да 17 см глыбіні, што дазволіць палепшыць травастой і для кароў і для суслікаў і ў выпадку неабходнасці перайсці суслікам на суседнія не развораныя ўчасткі.

У пачатку 2022 года ў сілу ўступіла новая рэдакцыя ТКП, з якой новыя абмежаванні і ўвайшлі ў прынятыя зараз ахоўныя абавязацельствы на трох невялікіх і частцы юшавіцкай калоніі. На апошняй, на розных участках, зараз будуць дзейнічаць два рэжымы аховы. Вынікі іх можна будзе параўнаць і скарэктаваць ахоўны рэжым у больш эфектыўны бок у выпадку неабходнасці.

Улічваючы, што палова калоній знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, неабходна распрацоўка дадатковых мер па іх умацаванні,  і перадача ўсіх калоній пад ахову дае надзею, што папуляцыя рабога сусліка ў Беларусі будзе ўратавана.

Што гэта за звярок

Рабы суслік знаходзіцца пад строгай аховай Бернскай Канвенцыі, уключаны ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды як від, блізкі да пагрозы знікнення, а таксама ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Суслята. Фото Александра Винчевского

Сусляняты. Фота BirdLife International

Гэта стэпавы від, жыве калоніямі на сухадольных участках з невысокай лугавой расліннасцю. На зіму закрываецца ў норах і ўпадае ў спячку.

У часы СССР з суслікам у Беларусі актыўна змагаліся. Чым толькі яго не труцілі: серавугляродам, цыяністым каліем, стрыхнінам… Лавілі звяркоў і ў пасткі ды петлі, норы залівалі вадой. Суслікі гінулі ад інтэнсіўнага глыбіннага разворвання глебы. Аднак нават пасля ўсяго гэтага ў пачатку 1970-х гадоў у нашай краіне яшчэ было болей за 100 паселішчаў рабога сусліка.

Але сельская гаспадарка працягвала развівацца: паўсюднае вырошчванне монакультур з ужываннем угнаенняў, пестыцыдаў і гербіцыдаў, сучасная тэхніка для разворвання зямлі – усё гэта і без адмысловага “палявання” на суслікаў прыводзіла да іх гібелі. У дадатак і былыя выганы, на якіх любяць сяліцца гэтыя грызуны, пачалі зарастаць або разворвацца, бо ўсё менш людзей трымаюць кароў.

У 2010-х у Беларусі былі вядомыя толькі адзінкавыя калоніі суслікаў, ды і тыя з часам усе зніклі. Дзякуючы мэтанакіраваным пошукам, якія праводзіліся ў 2019-2020 гадах у межах экалагічнай ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” пры падтрымцы ЕС, ПРААН і Мінпрыроды, атрымалася знайсці апошнія калоніі і частку аддаць пад ахову. Сярод іх і адна з найбуйнейшых у Еўропе – там жыве больш за 4000 суслікаў. Зараз і рэштка калоній атрымала афіцыйны ахоўны статус.

Телеграм


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: