Рэдкія віды Палесся атрымалі дадатковую абарону: 6500 гектар пад аховай
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 11 лістапада 2022 года
У 2022 годзе ў Лельчыцкім і Столінскім раёнах перададзена пад ахову 142 месцы пражывання і ўзрастання 42 рэдкіх відаў сысуноў, птушак, рэптылій, насякомых, павукоў, раслін і грыбоў. Сярод іх – вялікі арлец і белая сініца, барсук і арэшнікавая соня, балотная чарапаха і вялікі сплаўны павук, расянка прамежкавая і грыфала кучаравая.
Месцы, ад якіх залежаць рэдкія віды, выяўляюць падчас даследаванняў. Бывае, што знаходзяць іх і звычайныя грамадзяне. Але скласці пашпарт зможа толькі спецыяліст з адпаведнай кваліфікацыяй. У яго заносяцца звесткі пра выяўленае месца пражывання альбо ўзрастання рэдкага віду: фотаздымак, апісанне і каардынаты месца, колькасць асобін альбо раслін, стан папуляцыі, выдзяляецца ўчастак, на якім будзе абмежавана гаспадарчая дзейнасць.
Разам з пашпартам афармляюцца ахоўныя абавязацельствы. У іх пералічваюцца ахоўныя меры і вызначаецца адказны за іх выкананне – як правіла, землекарыстальнік.
Пашпарты і ахоўныя абавязацельствы накіроўваюцца ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а далей – у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету для праверкі і ўзгаднення, пасля чаго мясцовыя органы ўлады (райвыканкам) выносяць рашэнне аб перадачы пад ахову месцаў пражывання альбо ўзрастання рэдкіх відаў. За выкананнем ахоўных мер павінна сачыць Мінпрыроды.
Плошча ахоўнага ўчастка і ахоўныя меры не аднолькавыя для розных відаў.
Выжыванне балотнай чарапахі (Emys orbicularis) наўпрост залежыць ад захаванасці балот і рачных поймаў. Там, дзе яна пражывае, забаронена асушальная меліярацыя. Не дазваляюцца таксама працы, звязаныя з пашкоджаннем натуральнага глебавага покрыва і карыстаннем нетрамі – яны небяспечныя для кладак і чарапашанят. Асобныя меры прадугледжаны для водных аб’ектаў: іх нельга штучна заглыбляць і выпростваць, забаронена зліваць у іх сцёкавыя і дрэнажныя воды, здабываць ці знішчаць водныя расліны.
Лічынкі жука-рагача (Lucanus cervus) развіваюцца некалькі гадоў. Увесь гэты час яны жывуць у мёртвых дрэвах і харчуюцца спарахнелай драўнінай. Адна з асноўных пагроз для рэдкага насякомага – вырубка старых шыракалісцевых лясоў, асабліва дуброў, выдаленне ссохлых і паваленых ветрам дрэў. Там, дзе выяўлена месца пражывання жука-рагача, нельга таксама прымяняць хімікаты, паліць сухую расліннасць і адходы лесанарыхтоўкі.
“Чырванакніжны” беласпінны дзяцел (Dendrocopos leutocos) харчуецца галоўным чынам лічынкамі насякомых, якіх здабывае з-пад кары засохлых лісцевых дрэў. У мёртвых падгнілых дрэвах гэтыя птушкі будуюць сабе жытло. Таму на тэрыторыі, дзе яны гняздуюць, забаронена высякаць любыя дрэвы. Каб гэтыя рэдкія птушкі мелі спакой падчас гнездавання, з 1 сакавіка па 1 ліпеня на ахоўным участку забаронены паляванне і лесанарыхтоўка.
Фіялка тапяная (Viola uliginosa) мае даволі вялікі арэал у Еўропе, але колькасць віду паўсюдна скарачаецца. Балоцістая мясцовасць і поймы рэк, для якіх характэрныя сезонныя затапленні, – аптымальнае асяроддзе для гэтай расліны. Таму не дзіўна, што гэты від распаўсюджаны на Палессі. На ахоўных участках з фіялкай тапяной нельга асушаць тэрыторыю, выкарыстоўваць гусенічны транспарт і іншым чынам наносіць шкоду натуральнаму глебаваму покрыву. Весці высечку лесу можна абмежавана і толькі пры ўстойлівым снежным покрыве.
Ахоўныя пашпарты і абавязацельствы – адзін з самых важных і практычных спосабаў захаваць рэдкія віды, якія звычайна патрабуюць спецыфічных умоў для жыцця. Без такіх мер біяразнастайнасць прыродных тэрыторый рызыкуе моцна збядніцца: калі не будзе аховы, то месцы існавання рэдкіх відаў могуць быць лёгка знішчаны. Каб пазбегнуць гэтага, іх трэба рэгулярна выяўляць і перадаваць пад ахову.
У гэтым можаш дапамагчы і ты: калі знойдзеш у дзікай прыродзе жука-рагача, гняздо чорнага бусла, калонію шчурак-пчалаедак, нару барсука, венерын чаравічак, мядзведжую цыбулю ці іншыя рэдкія віды, сфатаграфуй і паведамі пра гэтыя месцы вучоным, звярнуўшыся ў НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах або ва ўніверсітэты, дзе ёсць факультэты біялогіі.
Паводле wildpolesia.org
Падзяліся артыкулам у сацсетках: