Аксамітны сезон у Міёрскім краі
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 5 кастрычніка 2020 года
Восень – час, калі птушкі лятуць на поўдзень, а беларусам варта павандраваць на самую поўнач Беларусі, у Міёрскі (Мёрскі) раён. Там у гэты час для турыстаў сапраўдны аксамітны сезон!
Дзякуючы праекту “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізоўваўся Міёрскім райвыканкамам, АПБ і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, гэтыя мясціны прыцягваюць усё больш увагі турыстаў.
Расказваем, чым гатовы здзівіць Міёрскі край і што трэба не прапусціць у восеньскай вандроўцы на поўнач краіны.
У жніўні і верасні на мясцовыя балоты і палі злятаюцца тысячы шэрых жураўлёў, каб падсілкавацца перад доўгай дарогай у вырай. Гэтыя “чырванакніжныя” птушкі звычайна трымаюцца падалей ад чалавека. Але ўвосень у наведнікаў Міёршчыны ёсць выдатная магчымасць паназіраць за імі, ды яшчэ ў такой колькасці! Відовішча ўражвае настолькі, што многія вяртаюцца сюды зноў і зноў, каб пабачыць вялізныя чароды грацыёзных птушак на палях і ў паветры, паслухаць іх цудоўныя сумныя крыкі. Экскурсіі на жураўлёў ладзяць заказнік “Ельня” (дырэктар Іван Барок) і гаспадар аграэкасядзібы “Жураўліная Ельня” Андрэй Літвінаў.
Прыроднае хараство гэтых мясцін таксама заварожвае.
Нашы балоты прыгожыя ў любую пару года, – кажа мясцовая захавальніца дзікай прыроды Кася Казачонак, якая таксама водзіць экскурсіі на балоты. – Восенню вельмі прыгожа цвіце верас, лес размалёўваецца яркімі фарбамі, балота шчодра частуе журавінамі, брусніцамі, грыбамі. Бабіным летам ідзеш раніцай па балоце, і ўсё пераліваецца: кругом карункі павуціння, і на ім кроплі вісяць. У гэты час вельмі многа птушак – пералётныя гусі і жураўлі збіраюцца ў чароды, гул стаіць – цікава паслухаць, як яны лятуць. Я лаўлю рыбу на донку і цэлую ноч магу сядзець на возеры, а на світанні люблю слухаць, як жураўлі прачынаюцца і пачынаюць зноў курлыкаць, гулёкаць, а пасля пералятаюць на поле і кормяцца.
Восень – сезон збору журавін. Міёрскі раён славіцца найбуйнейшымі ў Беларусі запасамі гэтых балотных ягад. Мясцовыя аграэкасядзібы прапаноўваюць не толькі пазнавальныя вандроўкі па балоце і назіранні за птушкамі, але і збор ягад.
Менавіта жураўлям і журавінам, якімі славіцца Міёршчына, прысвечанае мясцовае экалагічнае свята. Яно праводзіцца ў Міёрах кожны верасень з 2012 года. Свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” – квінтэсенцыя мясцовых восеньскіх скарбаў і цікавостак. На ім можна набыць не толькі свежых ягад толькі-толькі з балота, але і самых розных журавінавых прысмакаў: морс, журавінавы хлеб і слодычы. Экалагічныя гульні і майстар-класы для дзяцей і дарослых дораць цікавы досвед. Для ўдзельнікаў свята арнітолагі ладзяць бясплатнае назіранне за жураўлямі.
Міёры вартыя таго, каб прабыць там не адзін дзень. Спыніцца можна ва ўтульных аграэкасядзібах, якіх у раёне ў апошні час з’яўляецца ўсё больш: ёсць попыт турыстаў, якія адкрываюць для сябе нязведаны паўночны куток Беларусі. Багата і іншых варыянтаў, дзе адпачыць: гатэлі, санаторый “Расінка”, база адпачынку “Актам”, дамы паляўнічых і рыбаловаў і кемпінг “Мярэя”.
Любіш чэленджы? Тады выпраўляйся на вуліцу Дзяржынскага ў Міёрах і адшукай дом № 18 з муралам у выглядзе дывана-маляванкі. Знайдзі на ім 10 славутасцяў раёна і наведайце іх усе! У якасці падказкі – іх спіс:
А якая вандроўка без сувеніраў на памяць? Майстры Міёршчыны робяць іх сваімі рукамі з экалагічных матэрыялаў: воўны, раслін, гліны. Брошкі, магніты, бірулькі, кашалькі, фірмовыя міёрскія пернікі – усё гэта непаўторныя маленькія скарбы, якія будуць нагадваць пра вандроўку. А некаторыя майстры і гаспадары аграэкасядзіб нават праводзяць майстар-класы для тых, хто хоча самастойна зрабіць свой уласны сувенір.
Некалькі карысных спасылак, каб было прасцей запланаваць вандроўку ў Міёрскі раён:
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: