У вёсцы на мяжы Клецкага і Нясвіжскага раёна ўжо другі год назіраюць чорнага бусла. Звычайна гэтая “чырванакніжная” птушка трымаецца падалей ад людзей і гняздуецца ў лясах.
Летась чорны бусел прыляцеў у вёску 25 красавіка і першыя пару дзён проста сядзеў на электрычным слупе, расказала жыхарка вёскі Вікторыя Коржак.
А потым ён пачаў зганяць з гнязда пару мясцовых буслоў. Тыя спрабавалі будаваць гняздо на суседнім слупе, але чорны прылятаў і бурыў гняздо. У канцы вёскі ён таксама не даў ім зладзіць гняздо. Спрабаваў выгнаць з гнязда і пару белых буслоў у суседняй вёсцы, але не атрымалася: працаўнікі фермы яго прагналі.
Вясной і цэлае лета да нас прыляталі і белыя буслы, і чорны, але гняздо ніхто не віў, – кажа Вікторыя. – Сядзелі на таполях, на слупах, на дахах дамоў. Птушанят не вывелі.
Пры гэтам у красавіку і траўні яна назірала “заляцанні” чорнага бусла да белай бусліхі: ён то хадзіў следам за ёй па полі, то падлятаў да яе на гняздо. Самка ж ні з чорным, ні з белым справы мець не хацела: белага адганяла ад гнязда, ад чорнага адлятала.
На 9 траўня летась прыляцела 13 белых буслоў – гаворыць Вікторыя. – Яны хадзілі па полі, кружылі над гняздом і над нашымі хатамі. Некаторыя сядалі на гняздо, клекаталі. І вось прыляцеў чорны, пачаў іх на полі хапаць за лапы, шчыпаць за хвасты. На фоне іх ён быў смешны: яны былі важныя, велічныя і асабліва не звярталі на яго ўвагі, проста спрабавалі збочыць, але яго не чапалі. Аднойчы ў жніўні зляцелася 25 буслоў, паселі каля возера на сухіх таполях, якія падтачылі бабры. Дык чорны прыляцеў і іх прагнаў. Ён тут самы важны і нікога не падпускае на гэтай тэрыторыі. Мы ніяк не маглі зразумець, чаму белыя не могуць даць яму адпор, прагнаць яго.
Павел Пакуль, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі па арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, які займаецца вывучэннем чорных буслоў, патлумачыў, што пакуль дакладна невядома, чаму птушка не баіцца людзей. Не выключана, што яна з заапарка або ператрымкі. Напрыклад, каля Львова ёсць вялікі рэабілітацыйны цэнтр, дзе дапамагаюць у тым ліку чорным буслам, ёсць невялікія цэнтры і ў Беларусі.
Птушка, хутчэй за ўсё, маладая, лічыць Павел. Маладыя прылятаюць якраз у пачатку траўня, у той час як дарослыя – у канцы сакавіка – пачатку красавіка.
А вось тое, чаму гэты бусел ганяе белых, можна патлумачыць проста, – паведаміў Павел. – Белыя буслы – каланіяльныя, а чорны – тэрытарыяльны. Чорныя буслы захопліваюць тэрыторыю і абараняюць яе, праганяюць супернікаў. У белага ж бусла нават няма такой устаноўкі – абараняць сваю тэрыторыю, таму нападкі чорнага яны пакідаюць без увагі.
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
Сёлета чорны бусел вярнуўся крыху пазней, 30 красавіка. Зноў пачалася яго барацьба з белымі бусламі. На людзей ён увагі не звяртае, хіба калі падыдуць метраў на 100. Летась мясцовыя жыхары яго крыху ганялі, але цяпер ужо звыкліся.
Ён нібыта ўцягвае галаву ў плечы і выдае вельмі цікавыя гукі, быццам пішчыць спалоханым дзіцячым голасам: “чылі-чылі-чылі”, – падзялілася назіраннем Вікторыя. – Арнітолагі кажуць, што ў чорнага бусла няма голасу ці ён вельмі ціхі. Але мы чуем яго папіскванне нават у хаце і з вялікай вышыні таксама. У нас тут многа птушак ля возера, назіраем за імі з дзецьмі, але гэта нешта незвычайнае!
Арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі заўважае:
Чорныя буслы трохі адаптаваліся да людзей. Цяпер іх рэгулярна можна ўбачыць на рыбгасах і вакол іх. Хоць мы і не ведаем дакладных прычын такіх паводзін гэтага чорнага бусла, сітуацыя, калі гэты рэдкі від можна ўбачыць пасярэдзіне вёскі – унікальная нават для Беларусі.
Залетась адбылася цікавая гісторыя пра глушца, які таксама аблюбаваў вёсачку на Палессі і “пасябраваў” з мясцовымі жыхарамі.
Тэкст: Алеся Башарымава