?>
Апошнія навіны

Госця з поўначы: на Аўгустоўскім канале пад Гродна зазімавала аляпка

January 26 2021

Рэдкую для Беларусі птушку 24 студзеня заўважыла Ганна Лобач.

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Ганна запосціла сторыз з незнаёмай для сябе птушкай у Інстаграм. Арнітолагі падказалі, што ёй удалося сфатаграфаваць птушку, за якой штогод марна “ганяюцца” вопытныя бёрдвочары.

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

У Беларусі аляпка – рэдкая госця, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе. З моманту апошняй рэгістрацыі гэтай птушкі ў Беларусі прайшло 8 гадоў!

Мы паехалі прагуляцца на Аўгустоўскі канал – расказала Ганна. – У мяне заўсёды з сабой бінокль, я ўважліва сачу дзе што лётае, і тут такая незвычайная птушка, я яе ні разу не бачыла, хаця мы шмат падарожнічаем. Птушка пералятала з каменьчыка на каменьчык – здавалася, знаходзіла нешта смачнае. Яна была там хвілін 40, пакуль мы гулялі вакол. Яна вельмі цікава лётае – рух палёту нагадвае зімародка. Заўсёды цікава даведацца, як называецца птушка, таму я заўсёды раблю сторыз. Калі мне падказалі, што я выпадкова заўважыла від, які не надта часта ў Беларусі можна пабачыць, я ўзрадавалася, што мне так пашанцавала.

Мяркуецца, што да нас аляпкі прылятаюць зімаваць са Скандынавіі і краін Балтыі з наступленнем там працяглых маразоў. Гэтая вераб’іная птушка смела кідаецца ў ледзяную ваду, бегае па дне, збірае насякомых і іншых бесхрыбетных. Хто хаця б раз у жыцці не хацеў бы яе паназіраць ужывую?

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца!

На месцах гнездавання аляпка трымаецца чыстых горных рэчак. Прылятаючы да нас на зімоўку, яны шукаюць падобныя ўмовы: адкрытыя ўчасткі хуткаплынных невялікіх неглыбокіх рэчак з камяністымі водмелямі. Большасць назіранняў гэтага віду была зроблена каля Гродна, дзе ў 1990-я гады на рацэ Ласосне некалькі птушак зімавалі штогод. Але пасля 2000 году аляпак тут не бачылі. Магчыма, у сувязі з цёплымі зімамі птушкі пачалі ленавацца ляцець так далёка на поўдзень і зазімавалі бліжэй да месцаў гнездавання. Але тут прыйшло сібірскае надвор’е. Суворыя маразы тыдзень назад падштурхнулі некалькі каманд птушкароў выправіцца на пошукі аляпкі на рацэ Ласосне ў Гродна, а адна з каманд нават аб’ехала ўсе патэнцыйныя месцы на Міншчыне і Віцебшчыне, але марна. Аляпка чакала аматараў птушак на канале пад Сапоцкінам!

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Аляпка. Фота Юрыя Шашэнькі

Перадапошні раз гэтую птушку бачылі ў 2012 годзе на рацэ Ула ў Лепелі, і пра гэтую сустрэчу студыя Aves зняла прыгожае відэа.

Можа, і на тваёй рэчцы сёлета зімуе аляпка?

Тэкст: Алеся Башарымава

Вам может быть интересно

Статьи по теме

Скролл

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: