Домікі для птушак варта вешаць увосень, тады вясной іх лепш займаюць птушкі. Зараз у асартыменце універмагаў і крам гаспадарчых тавараў можна ўбачыць прыгожыя шпакоўні і сінічнікі. На жаль, часам за прыгажосцю хаваецца нядбайнасць вытворцы, і птушыны домік можа ператварыцца ў брацкую магілу для птушанят. Тлумачым, як пазбегнуць фатальнай памылкі.
Купляючы шпакоўню або сінічнік, трэба пераканацца, што пярэдняя сценка знутры шурпатая, а не гладкая, – раіць Аляксандр Вінчэўскі. – Яна не павінна быць выгаблеваная, і тым больш не павінна быць пакрыта лакам. Гэта трэба для таго, каб подлеткі маглі ўскараскацца да адтуліны-лятка па сценцы. Калі сценка будзе гладкай, яны будуць саслізгваць і апынуцца ў пастцы, дзе могуць і загінуць, калі бацькі страцяць надзею дачакацца іх вылету і перастануць карміць.
З гэтай жа прычыны домікі для птушак трэба вешаць так, каб яны віселі не вертыкальна, а крыху пад нахілам ад ствала дрэва, бо па стромай сценцы птушанятам караскацца складаней. Дарослыя пры наведванні дамка актыўна выкарыстоўваюць крылы, а ў птушанят такога спрыту яшчэ няма. Не спадзявайся на птушак: яны не заўсёды самі могуць выбраць правільны домік. Увесну канкурэнцыя за дуплы вельмі вялікая, а многім птушкам іншага шанцу загнездаваць можа і не выпасці.
Яшчэ адна распаўсюджаная памылка пры вырабе шпакоўняў – гэта палачка пад лятком. Яна не патрэбная. Калі ты купіў_ла шпакоўню з такой палачкай, лепш яе спілаваць. Птушкам, якія паселяцца ў дамку, яна без патрэбы, а вось драпежнікам можа стаць прысадай, ім будзе лягчэй дастаць насельнікаў доміка.
Ляток у доміку павінен быць як мага вышэй да даху: некаторыя птушкі не зоймуць неглыбокі домік, а калі хтосьці і зойме – птушанят з дамка лёгка дастануць не толькі каты, але і воранавыя птушкі. Не набывайце домікі з лятком пасярэдзіне пярэдняй сценкі.
Не купляйце домікі з ДВП, ДСП, фанеры – яны недаўгавечныя, дэфармуюцца, вылучаюць таксіны. Тонкая сценка не абараняе кладку і вывадак ад холаду, а ў гарачае надвор’е яны могуць загінуць ад спёкі. Выбірай домікі, якія зроблены з дошак таўшчынёй 1,5-2,5 см.
Калі хочаш, каб кватаранты вашай хаткі збіралі насякомых на вашым участку – вешай на дачы сінічнікі. Шпакі ў адрозненне ад сініц могуць жыць калоніямі, але насякомых збіраюць за сотні метраў ад гнязда.
Запомні гэтыя простыя правілы і падзяліся са сваімі знаёмымі!
Тэкст: Алеся Башарымава