Паглядзіце, якая мілата! Малюнкі пераможцаў конкурсу “Туркаўка і яе суродзічы”
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 12 мая 2023 года
Напярэдадні Сусветнага дня пералётных птушак біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта падвёў выніку конкурсаў малюнкаў і школьных выстаў, прысвечаных птушцы года.
Школьнікі і выхаванцы дзіцячых садкоў павінны былі намаляваць звычайную туркаўку і яе суродзічаў (іншых галубоў, якія жывуць у Беларусі – клінтуха, кольчатую туркаўку, вялікага і шызага галубоў), не забываючы пра відавыя адрозненні. Самай малодшай з пераможцаў усяго 4 гады!
Установы адукацыі маглі паўдзельнічаць у конкурсе выстаў з гэтымі малюнкамі. Пры вызначэнні пераможцаў ацэньвалася месца размяшчэння выставы, яе арыгінальнасць і колькасць наведвальнікаў.
У журы конкурсу ўвайшлі арнітолаг, намеснік дэкана біялагічнага факультэта БДУ Віталь Сахвон, арнітолаг, мастак Аляксандр Міцянін, арнітолаг Карына Федарынчык.
Прац на конкурс прыйшло шмат, таму ацэньваць было нялёгка, – кажа Аляксандр Міцянін. – Асабліва мне спадабаліся з мастацкага пункту гледжання працы ў катэгорыі 7-11 гадоў. Дзеці падышлі да справы творча: іх працы аказаліся насычаныя, запоўненыя – не проста аб’ект, а аб’ект у нейкім асяродку, з дэкаратыўнасцю, расліннасцю.
1 месца заняла сярэдняя школа № 9 г. Слуцка, арганізатар – Жанна Аляксандраўна Валетка.
Выставу правялі ў холе школы, прычым было арганізавана шэсць тэматычных лакацый – «Туркаўка і яе суродзічы» і асобныя лакацыі, прысвечаныя кожнаму віду галубоў. На выставе працавалі 10 экскурсаводаў-навучэнцаў, сябраў клуба «Слуцкія салавейкі».
Дадатковыя актыўнасці для дзяцей праводзіліся ў гульнявой зоне. Шасцёра “Слуцкіх салавейкаў” былі адказнымі за правядзенне гульняў і ўручэнне сувеніраў.
Такі маштабны інтэрактыўны фармат дазволіў прыцягнуць на выставу шмат дзяцей і дарослых. Яе наведалі 492 навучэнцы школы, 42 педагагічныя работнікі, 12 тэхнічных работнікаў, 17 выхаванцаў дзіцячых садкоў і іх бацькі.
2 месца заняла сярэдняя школа № 137 г. Мінска імя Пятра Машэрава, арганізатар – Ірына Веніямінаўна Бірына-Паўлава, педагог дадатковай адукацыі.
Малюнкі размясцілі на вялікіх вокнах у школьным холе. Выставу наведала 600 чалавек!
3 месца ўзялі яслі-сад № 28 упраўлення сацыяльнага развіцця і ЖКГ ААТ “Беларуськалій”, арганізатар – выхавацель па выяўленчай дзейнасці 1 катэгорыі Анжэла Аляксандраўна Кудлакова.
Дзеці падрыхтавалі не толькі малюнкі, але і калажы, і самаробных птушак, а таксама знайшлі падчас прагулкі ў двары ясляў-саду месца гнездавання вялікага голуба – сваяка птушкі года!
Віншаванні пераможцам і дзякуй усім удзельнікам!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: