Топ-5 пагроз для птушак, які можа цябе здзівіць
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 26 лістапада 2018 года
Знікненне пагражае кожнаму восьмаму віду птушак. Якія ж асноўныя фактары прыводзяць да гэтага?
Магчыма, яны значна адрозніваюцца ад таго, што ты думаеш. Тваёй увазе – пяць найбольш сур’ёзных пагроз для птушак і захады, якія робяцца для барацьбы з імі.
Часам вельмі проста ўбачыць, што шкодзіць птушкам, асабліва калі гэта адбываецца навідавоку на тваім двары. Кот з птушкай у зубах ці сутыкненне з машынай на аўтастрадзе. Аднак найбольш важныя пагрозы не так лёгка ўбачыць, і маюць яны хутчэй ускосны характар.
Ад гэтага яны не робяцца менш значнымі. Апошні даклад BirdLife International Стан птушак свету 2018, сведчыць пра тое, што пад пагрозай знікнення знаходзіцца кожны восьмы від птушак, а ў 40 % відаў, якія налічваюць больш за 10 000 асобін, колькасць змяншаецца. Непакоіць тое, што сярод птушак, якія трапілі ў групу рызыкі, ёсць і такія добра знаёмыя віды, як атлантычны тупік Fratercula arctica, белая сава Bubo scandiacus, звычайная туркаўка Streptopelia turtur. Асноўная прычына, як кажа галоўны рэдактар выдання Трыс Элінсан, – гэта “заўсёды дзейнасць чалавека”. Але ж разам з тым адсюль вынікае і тое, што мы можам імкнуцца змяніць гэтыя фактары.
Праблема: больш як траціна сушы планеты выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Мы часта ўяўляем фермерскую гаспадарку як ідылічны прыродны краявід; але пашырэнне і інтэнсіфікацыя фермерства ўплывае на 74 % відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Гэта не толькі разбурае жыццёва неабходныя месцы для іх пражывання, што асабліва датычыцца трапічных рэгіёнаў, але і распаўсюджвае некаторыя атрутныя для птушак пестыцыды. Нядаўняе даследаванне ў ЗША высветліла, што прадстаўнікі белагаловай вераб’інай стрынаткі Zonotrichia leucophrys праз пестыцыды, вядомыя як неанікатынаіды, страцілі чвэрць масы цела і запасу тлушчу. Гэта адмоўна ўплывае на іх выжыванне падчас міграцыі.
Вырашэнне: на шчасце, магчыма весці фермерскую гаспадарку такім чынам, што экалагічная бяспека не будзе супярэчыць падтрыманню матэрыяльнага дабрабыту чалавека. Напрыклад, BirdLife Камбоджы, некамерцыйная арганізацыя, дапамагае мясцовым фермерам вырошчваць няшкодны для прыроды язмінавы рыс. Пры ўмове ўстрымлівання фермераў ад ужывання пестыцыдаў альбо гербіцыдаў, палявання і знішчэння лясоў, іх прадукцыя купляецца па самым высокім кошце.
Праблема: дзве траціны птушак жывуць у лясах, таму лесанарыхтоўка – гэта вялізная праблема для птушак. Шмат якія віды не могуць жыць па-за межамі лесу і няздольныя лётаць паміж асобнымі яго фрагментамі, што засталіся пасля высечкі. Нарыхтоўка лесу вядзецца дзеля сусветнай патрэбы ў драўніне, паперы. Лясы знішчаюць таксама для расчысткі зямель для вырошчвання таварных культур і здабывання біяпаліва.
Вырашэнне: BirdLife прыкладае шмат намаганняў, каб выправіць сітуацыю. Мы бяром удзел у амбіцыйнай праграме “Трыльён дрэваў”, паводле якой плануецца пасадзіць, абараніць і ўзнавіць трыльён дрэваў да 2050 г. Мы таксама каардынуем Праект кіравання лесам у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, які прадугледжвае выкарыстанне мабільнага дадатка, каб даць магчымасць мясцовым жыхарам адсочваць і кіраваць уласнымі трапічнымі лясамі.
Праблема: Усе мы чулі пра інвазійныя віды, але мала хто ўсведамляе, якую шкоду яны чыняць птушкам. На працягу апошніх пяцідзесяці гадоў такія чужаніцы, як пацукі і мышы, адказныя за знікненне 70 % птушак. Птушкі на аддаленых астравах асабліва адчувальныя да гэтай пагрозы, таму што амаль не мелі дачыненняў з прыроднымі драпежнікамі.
Вырашэнне: BirdLife вызначыла 88 астравоў па ўсім свеце, дзе птушкі знаходзяцца ў групе вялікай рызыкі, якую чыняць інвазійныя сысуны. Калі іх знішчэнне там будзе паспяховым, гэта дасць магчымасць абараніць каля 55 відаў птушак, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Мы пачалі ўжо барацьбу за такія віды, як даўгадзюбы пярэсты голуб Ptilinopus huttoni на востраве Рапа-Іці, мікранезійская сорная курыца Megapodius laperouse на атоле Каянгел.
Праблема: незаконнае паляванне і адлоў птушак могуць за кароткі час выклікаць рэзкае зніжэнне папуляцыі. Адзін з самых жахлівых прыкладаў – шлемадзюбаваяптушка-насарог Rhinoplax vigil. У 2015 г. гэтая яркая птушка перайшла з катэгорыі патэнцыйнай пагрозы ў катэгорыю крытычнай пагрозы, пасля таго як пачалося актыўнае паляванне на яе цвёрдую каску “чырвонай слановай косці”, якая набыла вялікую папулярнасць.
Вырашэнне: адзін з асноўных шляхоў стрымлівання гэтай небяспекі – змяненне ці ўзмацненне дзейных законаў. На гэты момант 155 відаў птушак знаходзяцца пад аховай СІТЕС, канвенцыі аб незаконным гандлі дзікімі жывёламі і раслінамі. Некалькі партнёраў BirdLife таксама змагаюцца з незаконным гандлем у сваіх краінах. У Італіі Protezione Uccelli выкарыстоўвае дроны для адсочвання незаконнага адлову. У гандлёвых сетках Бразіліі працуюць адмысловыя “тайныя” супрацоўнікі для спынення адловаў малога гіяцынтавага ара (Anodorhynchus leari).
Праблема: змяненне клімату негатыўна ўплывае амаль на чвэрць відаў птушак, якія даследаваліся на глабальным узроўні. Ужо змяняюцца цыклы міграцыі і вывядзення птушанят. Нядаўняе даследаванне высветліла, што з прычыны больш цёплай вясны ў Вялікабрытаніі максімальная колькасць вусеняў цяпер з’яўляецца раней, а таму падчас вывядзення птушанят корму для іх гадавання не хапае.
Вырашэнне: “Сетка Тэрыторый, важных для птушак” партнёраў BirdLife вылучае найважнейшыя прыродныя тэрыторыі, якія маюць вялікае значэнне не толькі для птушак. Так, расліннасць многіх з такіх рэгіёнаў паглынае лішак вуглякіслага газу з атмасферы і дапамагае змяншаць праявы змянення клімату.
Маргарэт Сэса Хокінс, birdlife.org
Пераклад Алены Раманоўскай
Падзяліся артыкулам у сацсетках: