Драпежныя птушкі Еўропы гінуць ад свінцовага шроту паляўнічых у сваёй здабычы

ад 24 мая 2022 года

Паводле высноваў першага еўрапейскага даследавання па ўздзеянні свінцовай паляўнічай амуніцыі на розныя віды драпежных птушак, свінцовы шрот у забітых і параненых паляўнічымі жывёлах, якія становяцца здабычай драпежнікаў, атручвае іх.

маркут

Таму памеры іх папуляцый на нашым кантыненце яўна меншыя, чым маглі б быць.

Свінец, які трапляе ў арганізм арлоў, арланаў, каршуноў і іншых драпежных птушак пасля таго, як яны харчуюцца падлінай ці падранкамі пасля паляванняў чалавека, у залежнасці ад дозы або паступова прыводзіць да гібелі, або змяняе фізіялогію і паводзіны птушак.

Навукоўцы з Кембрыджскага ўніверсітэту (Вялікабрытанія) разам з калегамі з Leibniz Institute for Zoo and Wildlife Research (Leibniz-IZW, Германія) выкарысталі атрыманыя пачынаючы з 1970-х гг.  дадзеныя з 13 еўрапейскіх краін пра канцэнтрацыю свінцу ў печані больш як 3 тысяч знойдзеных мёртвымі драпежных птушак для разлікаў эфекту выкарыстання свінцовай паляўнічай амуніцыі на іх смяротнасць. Такім чынам атрымалася, што для 10 відаў толькі атручванне свінцом паляўнічага шроту з іх здабычы прывяло да адсутнасці прыкладна 55 тысяч асобін дарослых прадстаўнікоў атраду шулякападобных у небе Еўропы.

Падобна да грыфаў, іншыя віды драпежных птушак вялікіх і сярэдніх памераў таксама хаця б у зімовы час стараюцца выкарыстоўваць падліну ў якасці асноўнай ці значнай крыніцы ежы. Гэта арлы, арланы, каршуны. Іншыя віды – напрыклад, сокалы і шулякі-галубятнікі, могуць атрымаць ‘сваю порцыю’ свінцу, калі здабываюць падранкаў, падстрэленых, але не забітых паляўнічымі. Рэнтгенаўскія здымкі адлоўленых у прыродзе розных відаў дзікіх качак паказалі, што ў сярэднім да чвэрці жывых птушак маюць у сваім целе розную колькасць шроту – г.зн. некалі былі параненыя паляўнічымі. Зразумела, што такія асобіны і жывуць менш, і іх лягчэй здабыць драпежнікам.

Найбольшыя страты панеслі арлы і арланы, якія часцей харчуюцца падаллю (у тым ліку рэшткамі жывёл, якія загінулі падчас паляванняў чалавека), доўга жывуць (і так назапашваюць летальную дозу атруты), позна пачынаюць размнажацца і маюць няшмат патомкаў. Так, напрыклад, паводле разлікаў навукоўцаў, папуляцыя арлана-белахвоста (Haliaetus albicilla) меншая, чым магла б быць, на 14% толькі праз атручванне арланаў свінцом з паляўнічай амуніцыі ў іх ежы на працягу мінулага стагоддзя.

Разлічаныя негатыўныя эфекты на папуляцыі арла-маркута (Aquila chrysaetus) і белагаловага сіпа (Gyps fulvus) аказаліся блізкімі да сябе і арлана-белахвоста – яны адпаведна меншыя на 13% і 12%, чым тэарэтычна маглі б быць. Усяго ж атрымалася вызначыць ажно 10 відаў драпежнікаў, для якіх толькі свінцовы шрот зменшыў іх папуляцыі ў Еўропе як мінімум на 6%.

Для іншых відаў драпежных птушак, напрыклад, канюха-мышалова (Buteo buteo), еўрапейская папуляцыя без атручвання свінцом магла б быць большай на 1,5%. Здаецца, гэта не так і многа, але калі ўлічыць колькасць віду і яго шырокае распаўсюджанне на кантыненце, то гэта маглі б быць прыкладна яшчэ 22 тысячы дарослых птушак.

І хаця, як сцвярджаюць навукоўцы, у многіх краінах Заходняй Еўропы існуе лёгкадаступная замена шроту са свінцу і іншай паляўнічай амуніцыі, большасць паляўнічых яе ігнаруе.

У сваім папярэднім даследаванні навукоўцы з Кембрыджу знайшлі, што больш за 99% бажанаў, якіх выпускаюць у Вялікабрытаніі для паляўнічых, тыя забіваюць свінцовым шротам. І гэта нягледзячы на заклікі цалкам перайсці на выкарыстанне нетаксічнай для навакольнага асяроддзя амуніцыі да 2025 года.

Тое, што паляўнічыя выкарыстоўваюць свінцовую амуніцыю, азначае, што гэты паляванне ніяк не можа лічыцца ўстойлівым выкарыстаннем прыродных рэсурсаў да таго часу, пакуль прынамсі гэта зменіцца, – сказаў прафесар Rhys Green, галоўны сааўтар публікацыі па выніках даследавання і навуковец ва University of Cambridge і RSPB. – На жаль, заклікі да паляўнічых да добраахвотнай адмовы ад свінцу застаюцца цалкам неэфектыўнымі. Адпаведна з атрыманымі намі ацэнкамі, супраць атручвання драпежных птушак свінцом павінны быць прынятыя заканадаўчыя меры, аналагічна знішчэнню месцаў пражывання і атручванню ядамі на прынадах.

На сённяшні дзень толькі дзве еўрапейскія краіны, Данія і Нідэрланды, забаранілі свінцовы шрот. Данія мае планы ў найбліжэйшыя гады забараніць і выкарыстанне паляўнічымі свінцовых куляў. Акрамя гэтага, Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне забараніць выкарыстанне свінцовага шроту і іншай свінцовай амуніцыі для паляванняў, якія адбываюцца на водна-балотных угоддзях, і забарона ўступае ў сілу з гэтага года, нягледзячы на супраціўленне паляўнічага лобі.


Крыніца: The impact of lead poisoning from ammunition sources on raptor populations in Europe, Science of the Total Environment (2022). DOI: 10.1016/j.scitotenv.2022.154017

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для birdwatch.by

Здымак арла-маркута Сяргея Зуёнка


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: