Дзесяцігоддзі без чалавека: аднаўленне дзікай прыроды ў Чарнобыльскай зоне спрыяе рэдкім відам птушак
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 7 сакавіка 2023 года
Даследаванне беларускіх і брытанскіх вучоных, апублікаванае ў пачатку 2022 года, падводзіць вынік доўгатэрміновага маніторынгу драпежных птушак у Чарнобыльскай зоне адчужэння.
Назіранні, якія доўжыліся 22 гады, ішлі паралельна з пасіўным некантраляваным аднаўленнем тэрыторый, пакінутых чалавекам. Атрыманыя дадзеныя сведчаць, што аднаўленне экасістэм дазваляе эфектыўна супрацьстаяць скарачэнню біяразнастайнасці.
Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе стала адной з самых страшных ядзерных катастроф у гісторыі. Гаворачы пра яе доўгатэрміновыя наступствы, часцей за ўсё маюць на ўвазе негатыўны ўплыў аварыі на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе, выкліканы моцным радыеактыўным забруджваннем.
Аднак ёсць як мінімум яшчэ адзін доўгатэрміновы эфект гэтай трагічнай падзеі, які часта застаецца па-за ўвагай: аварыя паклала пачатак унікальнаму прыкладу аднаўлення дзікай прыроды на тэрыторыі, якая яшчэ нядаўна інтэнсіўна засвойвалася людзьмі.
На тэрыторыі плошчай у 470 тысяч гектараў, якая была шчыльна заселена і інтэнсіўна выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы, чалавечая актыўнасць спынілася ў адзін момант. Жыхароў перасялілі, сельскагаспадарчыя ўгоддзі закінулі, меліяратыўныя каналы заблакавалі, каб папярэдзіць пажары і распаўсюджванне радыяцыі з вадой. Але адыход людзей зусім не азначаў, што жыццё ў гэтых мясцінах спынілася. Прырода скарыстала рэдкі шанец і пачала пакрысе адваёўваць тэрыторыі.
Больш за два дзесяцігоддзі вучоныя назіралі гэты працэс аднаўлення. Вынікі ўражваюць: з 1999 да 2017 года плошча водна-балотных угоддзяў у Чарнобыльскай зоне павялічылася на 680%, лясоў – на 14%. Зараз, праз больш як 30 гадоў пасля аварыі, гэтая мясцовасць стала падобнай да амаль натуральных прыродных тэрыторый на поўначы Беларусі ці поўдні Украіны з тыповымі сезоннымі паводкамі і абшарамі балот.
Даследаванне вялося на тэрыторыі плошчай у 147 квадратных кіламетраў, якая да аварыі актыўна выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы. За 22 гады назіранняў зарэгістравалі 13 відаў дзённых драпежнікаў, якія гнездавалі тут. За гэты час змяняўся і відавы склад птушак, і колькасць асобных відаў.
Так, выявілася, што за час даследавання вырасла колькасць вялікіх арляцоў, якія маюць статус глабальна пагражальнага віду: у 2019 годзе чатыры пары зафіксавана на даследаваным участку, а ўсяго ў беларускай частцы зоны адчужэння – як мінімум 13. На сёння Чарнобыльская зона – адзінае месца ў свеце, дзе колькасць гэтага віду расце.
Вялікі арлец прызнаны індыкатарам стану водна-балотных угоддзяў. Менавіта дэградацыя і страта такіх прыродных тэрыторый у свеце прывяла і прыводзіць да скарачэння папуляцыі гэтых птушак. Важна і тое, што вялікія арляцы вельмі адчувальныя да турбавання чалавекам: прысутнасць людзей дрэнна ўплывае на паспяховасць іх размнажэння. Даследаванне паказала, што павелічэнне плошчы водна-балотных угоддзяў разам з адсутнасцю антрапагеннага ўплыву паспрыяла росту колькасці гэтых рэдкіх птушак. Гэта значыць, што адноўленыя тэрыторыі дзікай прыроды могуць стаць выратавальнымі для гэтага віду.
Яшчэ адзін драпежнік, адчувальны да антрапагеннага ўздзеяння, – арлан-белахвост. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС гэтыя птушкі на тэрыторыі цяперашняй зоны адчужэння не размнажаліся і ўпершыню былі адзначаны ў 1992 годзе. Да 2010 года іх колькасць тут павялічылася да дваццаці пар.
У адрозненне ад вялікага арляца, арлан-белахвост – аселы від. Для яго крытычна важна, каб узімку хапала буйной здабычы. І тут на першы план выходзіць яшчэ адзін аспект аднаўлення дзікай прыроды на гэтай тэрыторыі: у зоне адчужэння вырасла колькасць вышэйшых драпежнікаў – у прыватнасці, ваўкоў,– а таксама іх здабычы – ласёў і аленяў. Дзякуючы гэтаму арланы-белахвосты ў халодную пару года забяспечаны падлінай, што дазваляе ім выжываць.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: