Свойскі кот у Польшчы атрымаў статус “інвазійнага чужароднага віду”
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 15 ліпеня 2022 года
Згодна з папярэднімі рашэннямі, прынятымі Еўрапейскім парламентам і Саветам Еўрасаюза і на аснове вызначэння, прынятага Польшчай пры стварэнні Базы дадзеных чужародных відаў, Інстытут аховы прыроды Польскай акадэміі навук прысвоіў свойскаму кату ў гэтай краіне статус інвазійнага інтрадуцэнта.
Свойскі кот (Felis catus) пачаў утрымлівацца ў якасці хатняй жывёлы на тэрыторыі вялікіх старажытных цывілізацый Блізкага Уходу прыкладна 10 тысяч гадоў таму. Для тэрыторыі Еўропы, у тым ліку Польшчы, нават калі б генетычныя і біялагічныя асаблівасці новавыведзенага віду драпежнікаў засталіся б за гэты час без зменаў, каты былі б чужародным відам.
Чужародным відам (= інтрадуцэнтам) лічыцца той від, прадстаўнікі якога праз дзейнасць чалавека аказаліся ў прыродным асяроддзі па-за межамі свайго прыроднага арэалу. Як мінімум частка гэтых відаў з цягам часу можа самастойна значна павялічыць сваю колькасць і плошчу распаўсюджання ў новых для сябе месцах і тады можа прызнавацца яшчэ і інвазійным відам.
Важна разумець, што інвазіі самі па сабе адбываюцца ў прыродзе і натуральным чынам і ў абарыгенных, радзімых відаў раслін і жывёл. А небяспечнымі для прыроды з’яўляюцца менавіта інвазійныя інтрадуцэнты, ці інвазійныя чужародныя віды. Адбываецца так таму, што ў новым для іх месцы адсутнічаюць ці моцна абмежаваныя іх прыродныя ворагі, хваробы і іншыя механізмы рэгуляцыі іх колькасці і распаўсюджвання. Акрамя гэтага, падобныя інвазійныя інтрадуцэнты часам ‘прыносяць’ з сабой свае хваробатворныя арганізмы, да якіх няма адпорнасці ў мясцовых відаў, чым выклікаюць іх дадатковае знікненне – акрамя непасрэднай канкурэнцыі і драпежніцтва з боку інтрадуцэнтаў.
Існуе вялікая і адназначная ў сваіх высновах маса навуковых публікацый, якая сцвярджае значнае негатыўнае ўздзеянне свойскіх коцікаў на абарыгенную біяразнастайнасць у розных краінах свету, у тым ліку – у Польшчы. Менавіта таму від трапіў у базу інтрадуцэнтаў як чужародны інвазійны від. Гэтае рашэнне адпавядае вызначэнню, прынятаму для базы Gatunki Obce w Polsce, якое павінна выкарыстоўвацца з 11.08.2021 г. згодна з законам пра чужародныя віды, а таксама з рашэннем Еўрапейскага парламенту і Савета Еўрасаюза Nr 1143/2014 ад 22.10.2014 у справе дзеянняў, якія папярэджваюць і абмяжоўваюць увоз і распаўсюджванне інвазійных чужародных відаў.
Нягледзячы на адназначныя довады пра значнае негатыўнае ўздзеянне свойскіх катоў на еўрапейскую прыроду, від не быў уключаны ў Спіс інвазійных інтрадуцэнтаў, якія ствараюць пагрозу для краін Еўрасаюза (у разуменні Рашэння UE 1143/2014), таму што не адпавядае некаторым крытэрыям, пералічаным у пункце 4(3) гэтага рашэння, якія для гэтага неабходныя. Праз тое, што свойскі кот як від масава ўтрымліваецца і разводзіцца ў гаспадарках чалавека і часта сустракаецца ў прыродным асяроддзі, малапраўдападобна, што яго ўключэнне ў ‘чорны спіс’ самых небяспечных інтрадуцэнтаў для Еўрасаюза магло б эфектыўна папярэдзіць, зменшыць ці мінімізаваць яго ўздзеянне на нашу прыроду (пункт 4(3e)). Дадаткова, згодна з пунктам 4(6) Рашэння, падчас прыёму ці актуалізацыі чорнага спісу, Еўрапейская камісія прымае да ведама між іншым і грамадска-гаспадарчыя аспекты ўключэння ў яго розных відаў інтрадуцэнтаў. Па гэтых прычынах свойскі кот і не быў уключаны ў чорны спіс самых небяспечных чужародных відаў.
На сённяшні дзень у базе інтрадуцэнтаў, якую афіцыйна вядзе Інстытут аховы прыроды Польскай акадэміі навук (Instytut Ochrony Przyrody PAN), знаходзяцца 1787 відаў чужародных для Польшчы відаў раслін, грыбоў і жывёл. Расліны, грыбы і жывёлы, прызнаныя інвазійнымі інтрадуцэнтамі, па магчымасці неабходна знішчаць, але ў выпадку атрымання спецыяльнага дазволу, можна вырошчваць (утрымліваць) у хатніх умовах.
Згодна з польскім заканадаўствам, уладальнікі жывёл – інвазійных інтрадуцэнтаў, якія маюць дазвол на яго ўтрыманне, павінны такі дазвол аднавіць да 19.12.2022 г., а тыя, якія яшчэ не маюць – атрымаць яго. Таксама можна перадаць коціка без дазволу на яго ўтрыманне асобе, якая такі дазвол мае, ці аддаць у прытулак для жывёл. Уладальнікі коцікаў павінны прыняць усе меры для таго, каб іх гадаванцы не маглі самастойна выходзіць за межы памяшкання, дзе іх трымаюць, і паляваць на дзікіх жывёл.
Парушэнне адпаведных правіл утрымання інвазійных чужародных відаў жывёл можа служыць падставай для адміністрацыйнага пакарання ўладальніка штрафам у памеры ажно да 1 мільёна злотых. Наступныя парушэнні могуць служыць падставай для распачынання крымінальнай справы.
Паводле www.iop.krakow.pl і www.se.pl для birdwatch.by падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Падзяліся артыкулам у сацсетках: