Як пачалася рэкордна позняя міграцыя нашых вялікіх арляцоў?
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 11 кастрычніка 2023 года
Як справы ў нашых вялікіх арляцоў (больших подорликов)? Гэты сезон міграцыі для іх незвычайны. Чым – расказаў арнітолаг Валер Дамброўскі.
З дапамогай фотапастак ці назіранняў у полі мы здолелі даведацца, што арляцы Ціхан, Пярун і Юзефіна, у якіх не працуюць перадатчыкі, увесну 2023 вярнуліся з выраю і на працягу сезона добра сябе пачувалі.
А вось самец Баравец з Чарнобыльскай зоны, відавочна, загінуў, бо так і не з’явіўся на сваёй тэрыторыі.
Увогуле за 2017-2023 гады загінула чатыры арляцы, перасталі працаваць тры перадатчыкі. Такім чынам, маем ужо “толькі” 17 актыўных дэвайсаў. Але гэта не такі ўжо кепскі вынік. Такая колькасць птушак безумоўна падорыць яшчэ шмат цікавай і важнай для разумення біялогіі віду інфармацыі.
На сённяшні дзень амаль усе беларускія вялікія арляцы нарэшце пачалі міграцыю на поўдзень. Сёлета гэта здарылася значна пазней, чым у папярэднія гады. Увесь верасень трымалася цёплае, нават спякотнае надвор’е. Асноўная маса птушак скарысталася гэтым, каб даўжэй пабыць на сваіх гнездавых участках, каб лепей падгадаваць птушанят ды самім падхарчавацца перад дальняй дарогай.
Такім чынам, большасць арляцоў дачакалася першай хвалі халоднага паветра, якая прыйшла ў Беларусь толькі 1 кастрычніка. Менавіта 1 і 2 кастрычніка пачалі міграцыю 9 з 17 арляцоў, памечаных перадатчыкамі.
Яшчэ адна птушка далучылася да міграцыі 6 кастрычніка, калі краіну накрыла канкрэтная восеньская непагадзь з дажджамі.
Але ёсць адна самка па мянушцы Ждана, якая дагэтуль харчуцецца на палях Століншчыны, нібыта не звяртаючы ўвагі на шалёны вецер, холад і дождж. Яна ўжо пабіла свой асабісты рэкорд ад 2020 года (9 кастрычніка). Паглядзім, што будзе далей.
Увогуле, для нашых вялікіх арляцоў сёлета мы назіраем самы позні пачатак міграцыі за ўвесь перыяд даследаванняў з 2017 года. Звычайна вялікія арляцы масава адляталі ў пачатку апошняй дэкады верасня. Да кастрычніка затрымліваліся адзінкі, і тое не кожны год.
Як заўсёды, ёсць і выключэнні. Напрыклад, самцы Рад і Джо пачалі міграцыю раней звычайнага. Сёння Рад ужо амаль дабраўся да мяжы Паўднёвага Судана, дзе ён штогод зімуе.
Лідары ранняга адлёту штогод змяняюцца. З чым гэта звязана, пакуль што не зразумела. Большасць астатніх арляцоў зараз ляціць праз розныя краіны Міжземнамор’я. Здаецца, што ў нашых мігрантаў пакуль усё ідзе добра.
Сачы за міграцыяй вялікіх арляцоў анлайн
Вялікі арлец – від, якому пагражае глабальнае знікненне. Пазычым нашым вандроўнікам добрага падарожжа на зімоўку!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: