Лебедзі на зімоўцы: калі і як дапамагаць?

ад 14 снежня 2017 года

Апошнімі гадамі ў буйных гарадах Беларусі, асабліва ў Мінску, на зіму застаецца ўсё больш птушак пералётных відаў. Увагу жыхароў найперш прыцягваюць вадаплаўныя птушкі: яны заўжды навідавоку.

Лебедзь на лёдзе. Фота Сяргея Яраховіча

Лебедзі-шыпуны і качкі-крыжанкі застаюцца ў затоках, на рэчках і каналах, якія з маразамі пакрываюцца лёдам. Яны робяцца малаактыўнымі, і неабыякавыя людзі пачынаюць за іх турбавацца.

ЧАМУ БУСЛЫ НЕ ЗЛЯТАЮЦЬ НА ЗІМОЎКУ?

Штодня людзі паведамляюць: “Лебедзь хутка ўмерзне ў лёд!”,  “Качкам няма дзе плаваць, палонка зацягваецца лёдам!”, “Птушкі зусім не рухаюцца, хутка, відаць, памруць…”

Лебедзь на снезе. Фота даслала Ірына Лятняк

Што ж рабіць, калі вы бачыце лебедзя ці качку ў такім становішчы?

Адказ: не турбавацца самому і не турбаваць птушак! Калі ў птушкі няма відавочных пашкоджанняў, не трэба нічога рабіць. Яна не ўмерзне ў лёд. Яна не скалее ад марозу: у качак і лебедзяў слой тлушчу вельмі тоўсты і выдатна абараняе іх ад маразоў. Але, вядома, энергію ўзімку ім даводзіцца берагчы. Якраз таму яны і сядзяць нерухома. Яны не аслаблі, а проста ашчаджаюць энергію – а значыць, і гэты самы слой тлушчу. Таму не трэба прымушаць іх рухацца, іначай яны хутка згаладнеюць і пачнуць мерзнуць.

Дарэчы, карміць вадаплаўных птушак таксама не трэба! Яны выдатна знойдуць сабе корм нават узімку. Дзікія птушкі павінны заставацца дзікімі. Калі яны прывучаюцца атрымліваць корм ад чалавека, то разлічваюць на яго і страчваюць навыкі самастойнага пошуку ежы. А гэта небяспечна, бо ў самыя сцюдзёныя маразы чалавек сядзіць дома, яму ўжо не да таго, каб ісці карміць качак ды лебедзяў.

Лебедзі ўзімку. Фота Крысціны Храмянковай

Падкормка будзе дарэчы, толькі калі ўдарылі ўстойлівыя маразы з тэмпературай каля мінус 15 градусаў. Але не давайце вадаплаўным птушкам хлеб і батон: іхная стрававальная сістэма для такой ежы не прызначаная. Такі корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў. Гэта вельмі небяспечна! А для птушанят асабліва, бо ў іх могуць быць праблемы з развіццём.

ЦІ ДОБРА КАРМІЦЬ КАЧАК ХЛЕБАМ?

Падкарміць лебедзяў і качак можна аўсянай кашай ці крыху адваранымі аўсянымі крупамі, ячменем або пшаніцай.

А яшчэ важна ведаць, што калі ўмовы робяцца неспрыяльнымі, лебедзі і качкі лёгка знаходзяць новыя вадаёмы і пералятаюць туды. Нават калі гэтыя вадаёмы знаходзяцца за сто кіламетраў.

 

А што рабіць, калі ўбачылі траўмаваную птушку?

Калі вы ўбачылі птушку з відавочнай траўмай (напрыклад, вы заўважылі кроў або ў птушкі вывернутае крыло ці выдзертыя пёры), то паведамляйце пра гэта ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды, Міністэрства па надзвычайных справах або міліцыю.

ЯК ДАПАМАГЧЫ ПАРАНЕНАЙ ПТУШЦЫ?

Самастойнае выняцце дзікіх птушак з прыроды забароненае. А часам і небяспечнае! Ні ў якім разе не выходзьце на лёд і ніколі не набліжайцеся да лебедзяў! Яны могуць сур’ёзна параніць, напрыклад, зламаць руку.

Лебедзь з ашыйнікам. Фота Макса Чарнова

Калі вы заўважылі лебедзя з ашыйнікам, не варта перажываць, што яна нешта начапіла на шыю і ёй гэта перашкаджае. Гэта кальцаваная птушка, і ашыйнік не замінае ёй. Яна можа свабодна рухаць шыяй, глытаць корм і дыхаць. Часта з-пад ашыйніка тапырацца пёры: яны выбіваюцца адтуль, калі лебедзь варочае шыяй, напрыклад, каб пачухацца. Некаторыя ад няведання прымаюць гэта за траўму шыі, але з птушкай насамрэч нічога небяспечнага няма.

Адрозніць ашыйнік ад выпадковага смецця проста: ашыйнік будзе вельмі простай правільнай формы, з кантрасным надпісам коду з літар і лічбаў: звычайна цёмнага колеру на аднатонным фоне, радзей — на фоне з некалькіх рознакаляровых “стужак”.

Телеграм


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: