Заказнік рэспубліканскага значэння “Балота Мох” з’яўляецца адначасова Тэрыторыяй, важнай для птушак, “Цікіны Астравы”. Тут яшчэ 20 гадоў таму адзначалася 10 пар чорнага бусла і 5 пар скапы – дзякуючы гэтым відам і была выдзелена ТВП.
Якая сітуацыя з бусламі і скопамі цяпер, да нядаўняга часу было невядома.
Пасля даждыстых выходных выглянула сонца, а таму ўжо ў панядзелак і аўторак, 31 траўня і 1 чэрвеня, за ўсімі, хто падняўся ў неба над балотам, уважліва сачылі адначасова некалькі пар вачэй. “Узначальвалі” групы назіральнікаў арнітолаг Дзяніс Кіцель і Аляксандр Рак, спецыяліст па драпежных птушках з Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
Згодна з методыкай улікаў, трэба заняць месца з добрым аглядам на 360 градусаў у час не пазней за 10 гадзін ранку. Менавіта тады зямля награваецца, раса пачынае выпарацца і ўтвараюцца “тэрмікі” – паветра, якое падымаецца вертыкальна. Вось гэтымі патокамі абавязкова скарыстаюцца пярнатыя драпежнікі і птушкі накшталт чорнага бусла. Махаць крыламі – затрачваць энергію, а лунаць на “тэрміку” – амаль з нулявымі стратамі.
Часу з 10 да 14 гадзін драпежніку хапае, каб высачыць з неба здабычу, схапіць яе і прынесці птушанятам. Калі прастаяць на адным месцы не менш за чатыры гадзіны, можна вызначыць большасць драпежнікаў мясцовасці.
За два дні назіранняў на балоце былі заўважаны канюхі-мышаловы, асаеды, балотныя луні, шулякі-карагольчыкі, а таксама адзін арлан-белахвост, тры скапы і тры чорныя буслы. Апошнія тры – прадстаўнікі Чырвонай кнігі Беларусі.
Мінулай зімой некалькі экспедыцыйных выхадаў па пошуку гнёзд не далі вынікаў. Таму трошкі пазней адбылася яшчэ адна экспедыцыя, падчас якой было пабудавана чатыры штучныя платформы для скапы, а таксама знойдзена адно натуральнае гняздо.
Пасля ўлікаў вырашылі даведацца, ці спадабаліся платформы скопам. З чатырох платформ дзве аказаліся занятымі скапой! А вось натуральнае гняздо, нягледзячы на добры стан, птушкі не занялі.
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
Адзін з удзельнікаў паходаў на балота, Уладзімір Жабёнак, яшчэ вясной адзначыў, што скопы ізноў з’явіліся над ягонай сядзібе. Назіранні паказалі, што гэта самец з адной з пар, што заняла платформу, пабудаваную сябрамі РГСС. Такім чынам, на балоце сёлета жыве як мінімум дзве пары скоп.
Хочаш у вандроўку па балотах? Выбірай гіда!
Складаней з чорнымі бусламі. Мясцовыя кажуць, ёсць адно гняздо, арнітолагі таксама падазраюць наяўнасць другой пары, але, на жаль, дацягнуць да ранейшага паказніка ў 10 пар пакуль немагчыма.
Тэкст, фота, відэа: Дзяніс Кіцель