?>
Апошнія навіны

Даследаванне: звычайныя віды птушак Еўропы становяцца ўсё больш рэдкімі

November 17 2021

Новае даследаванне птушак, якія гняздуюцца ў краінах ЕС, паказвае, што кожная шостая птушка за амаль 40-гадовы перыяд была страчана. У цэлым, з 1980 года колькасць птушак зменшылася прыблізна на 600 мільёнаў асобін.

Дамавы верабей

Дамавы верабей. Фота Мікалая Вараб’я

Значная частка гэтых страт – вынік істотнага скарачэння колькасці звычайных і распаўсюджаных відаў птушак, а найбольшае падзенне папуляцыі назіраецца ў дамавога вераб’я – яго стала на 247 мільёнаў асобін менш, за ім ідуць жоўтая пліска – на 97 млн, шпак на 75 млн і палявы жаўрук – на 68 млн асобін менш.

Палявы жаўрук. Фота Мікалая Вараб'я

Палявы жаўрук. Фота Мікалая Вараб’я

Навукоўцы з групы еўрапейскіх супрацоўнікаў з RSPB, BirdLife International і Чэшскага арніталагічнага таварыства прааналізавалі даныя 378 з 445 відаў птушак, якія гняздуюцца ў краінах ЕС.

З 1980 па 2017 год, паводле ацэнак аўтараў, агульнае скарачэнне папуляцыі складае ад 17% да 19%, што прыраўноўваецца да страты ад 560 да 620 мільёнаў асобных птушак. Фактычна за гэты перыяд было страчана каля 900 мільёнаў птушак, аднак пры гэтым колькасць некаторых відаў павялічылася на 340 мільёнаў. Вялікую долю гэтых страт складаюць вельмі вялікія скарачэнні невялікай колькасці звычайных відаў, і тое ж самае датычыць павелічэння.

Фіёна Бёрнс, старшы навуковы супрацоўнік RSPB па ахове прыроды і вядучы аўтар даследавання:

У наступным годзе Канвенцыя ААН аб біялагічнай разнастайнасці збярэцца, каб абмеркаваць будучыню глабальнай біяразнастайнасці і прадумаць, як прадухіліць выміранне відаў і дапамагчы іх аднаўленню. Наша даследаванне – трывожны званок аб вельмі рэальнай пагрозе знікнення многіх відаў, і мы настойваем на тым, што на першым плане любых глабальных планаў павінна стаяць ахова дзікай прыроды. Нам патрэбныя пераўтваральныя дзеянні ва ўсім грамадстве, каб разам змагацца з прыроднымі і кліматычнымі крызісамі. Гэта азначае павелічэнне маштабу і амбіцый бяспечнай для прыроды сельскай гаспадаркі, аховы відаў, устойлівага ляснога і рыбалоўства, а таксама хуткае пашырэнне сеткі ахоўных тэрыторый.

Больш за ўсё пацярпеў некалі паўсюдны дамавы верабей. З 1980 года ён страціў 50% сваёй папуляцыі, усяго 247 мільёнаў птушак. Папуляцыя палявога вераб’я таксама скарацілася на 30 мільёнаў птушак. Змены ў сельскагаспадарчай палітыцы і кіраванні закранулі абодвух, аднак колькасць дамавых вераб’ёў у гарадах таксама скарацілася. Прычыны гэтага няясныя, але могуць быць звязаныя з недахопам корму, распаўсюджваннем малярыі птушак або наступствамі забруджвання паветра.

Пры параўнанні папуляцый па асяроддзі пражывання найбольшыя агульныя страты заўважаныя сярод птушак сельскагаспадарчых угоддзяў і лугоў. Шырока прызнана, што змены ў сельскагаспадарчай практыцы, абумоўленыя палітыкай, выклікаюць рэзкае змяншэнне колькасці дзікай прыроды. Калі разглядаць групы, то далёкія мігранты, такія як пячураўка-будаўнічок і жоўтая пліска, і кулікі, такія як кнігаўка і хрустан, таксама скарацілі свае папуляцыі больш, чым іншыя групы.

Чибис

Кнігаўка. Фота Таццяны Раманавай

Алена Клванава, кіраўнік праекта PECBMS і кіраўнік аддзела міжнароднага маніторынгу і даследаванняў Чэшскага арніталагічнага таварыства:

Гэта даследаванне падкрэслівае важнасць доўгатэрміновых праграм грамадзянскай навукі, якія праводзяцца дзесяцігоддзямі на ўсім кантыненце. Атрымаць такі вялікі неацэнны набор даных можна было толькі дзякуючы няспынным намаганням каардынатараў нацыянальных схем маніторынгу і тысячам добраахвотных палявых работнікаў, якія падлічваюць птушак кожны сезон размнажэння стандартызаваным спосабам амаль у трыццаці еўрапейскіх краінах. Вынікі могуць дапамагчы грамадскасці, а таксама адказным палітыкам зразумець, што звычайныя птушкі не могуць быць звычайнымі назаўсёды, калі мы не прымем ніякіх мер па захаванні.

Далучайся да праграмы маніторынгу звычайных відаў у Беларусі

Асноўнае зніжэнне колькасці птушак адбывалася на працягу 1980-х і 1990-х гадоў, у апошняе дзесяцігоддзе яно запаволілася. У ЕС Дырэктыва аб птушках і Дырэктыва аб месцах пражывання забяспечваюць прававую абарону прыярытэтных відаў і месцаў пражывання і павышаюць іх ахову.

У якасці прыкладу, папуляцыі сямі відаў драпежных птушак павялічыліся за апошнія дзесяцігоддзі пасля ўзмацнення аховы і скарачэння выкарыстання пестыцыдаў і пераследу, а таксама ў выніку ўкаранення мэтавых праектаў па аднаўленні папуляцый. Без такіх мер колькасць многіх відаў скарацілася б нашмат істотней.

Тым не менш, цяперашняе даследаванне, як і папярэднія, падкрэслівае істотную нядаўнюю страту біяразнастайнасці. Змяншэнне колькасці звычайных і распаўсюджаных птушак паказвае, што праца па захаванні ўсё яшчэ патрэбная, прычым больш маштабная. Востра стаіць патрэба ў захаванні палявых птушак і дальніх мігрантаў.

Жоўтая пліска. Фота Мікалая Вараб'я

Жоўтая пліска. Фота Мікалая Вараб’я

Ганна Станева, кіраўнік прыродаахоўнага аддзела BirdLife Europe: 

Звычайныя птушкі становяцца ўсё больш рэдкімі у асноўным таму, што тэрыторыі, ад якіх яны залежаць, знішчаюцца людзьмі. Прырода выціснутая з нашых сельгасугоддзяў, мораў і гарадоў. Урады ўсёй Еўропы павінны ўсталяваць юрыдычна абавязковыя мэты па аднаўленні прыроды, інакш наступствы будуць сур’ёзнымі, у тым ліку для нас як віду.

Страта звычайных і распаўсюджаных відаў наносіць шкоду экасістэмам і іх функцыям, а таксама, магчыма, прадастаўленню экасістэмных паслуг, ад якіх залежыць чалавецтва. Дамінаванне звычайных відаў азначае, што змены ў іх папуляцыях могуць мець сур’ёзныя наступствы для здароўя нашых экасістэм.

Даследаванне было складзена з выкарыстаннем дадзеных Пан’еўрапейскай агульнай схемы маніторынгу птушак Еўрапейскага савета па ўліку птушак і абавязковай справаздачнасці краін-членаў ЕС у Еўрапейскую камісію ў адпаведнасці з Дырэктывай ЕС па птушках.

Тэкст: birdlife.org, пераклад Алесі Башарымавай

ВКонтакте

Вам может быть интересно

Статьи по теме

Скролл

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: