Птушыная зіма: анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы пачала новы сезон

ад 2 снежня 2022 года

Шостую зіму запар сайт “Птушкі штодня” прапануе ўнікальную для Беларусі магчымасць – утульна седзячы у цёплай хаце, офісе ці на занятках, глядзець за актыўным зімовым жыццём нашых дзікіх суседзяў у рэжыме LIVE.

Ёсць спадзеў, што змена месца размяшчэння камеры дазволіць убачыць і ўжо знаёмых па мінулых стрымах, і новыя віды птушак і звяроў наваколля Белавежскай пушчы.

Спрэчка соек. Скрыншот мінулагодняга стрыма.

Кругласутачны фармат дазволіць назіраць і за дзённай актыўнасцю пераважна птушак, і за начным жыццём пераважна звяроў. Як і ў мінулыя разы, сталоўка для дзікіх жывёл з разнастайным пачастункам знаходзіцца ў ваколіцах невялічкай пушчанскай вёсачцы Вугляны, што на Камянеччыне. Месца, дзе ўсталявана камера, ўяўляе сабой невялічкую паляну паміж нізінным балотцам, сасновым і вольхавым лесам. Якраз тут праходзіць звярыны пераход, ды і чародкі вераб’іных карыстаюцца гэтым калідорам.

 

І калі ў мінулыя зімы падчас трансляцыі можна было назіраць амаль выключна за птушкамі (за выключэннем трансляцый на беразе ракі Лясной, дзе сваёй прысутнасцю ў кадры радавалі і бабры, і выдры, і норкі, і лісы, і янотападобныя сабакі), то сёлета, магчыма, удасца ўбачыць каля сталоўкі і іншых звяроў (прынамсі, казуль, аленяў, зайцоў, лісаў, а можа і яшчэ каго, і не раз). Спецыяльная падсветка і вочы звяроў, якія будуць “свяціцца” ў адказ, дапамогуць заўважыць іх у цёмны час сутак. Менавіта ў гэтым месцы, з вопыту мінулагодніх трансляцый, ёсць шанец паназіраць за шэрай кугакаўкай і вушатай савой. Яны дастаткова хутка знаходзяць “новы зімовы рэстаран”, бо мышападобныя грызуны – іх патэнцыйная здабыча.

І калі на сталоўку і побач рэгулярна наведваюцца дробныя птушкі і грызуны, то з часам варта чакаць і тых, хто імі харчуецца: гэта не толькі совы, але і дзённыя драпежныя птушкі і драпежныя сысуны (куніцавыя).

На анлайн-кармушцы за зіму можна будзе пабачыць каля двух дзясяткаў птушак. Ужо ў момант тэхнічнага абсталявання пляцоўкі і выкладкі кармоў на яе прыляцелі вялікія сініцы, палявыя вераб’і, сарока і сойка. Сапраўдная зіма яшчэ наперадзе, таму і відаў, і птушак, якія “знойдуць” тут ежу і будуць прылятаць пад’есці на сталоўку, будзе больш. Але цікавыя паводзіны і ўзаемаадносіны паміж рознымі відамі можна назіраць ужо цяпер.

Як і любая сур’ёзная справа, забеспячэнне штодзённай бесперапыннай трансляцыі ў рэжыме LIVE патрабуе адказнай каманднай працы. Шчыры дзякуй Вадзіму Пракапчуку, уладальніку сядзібы ў Вуглянах, з якой ладзяцца чарговыя назіранні птушак, і Аляксандру Мінічу, арнітолагу з Брэста, які мае шматгадовы паспяховы досвед не толькі з арганізацыі анлайн-трансляцый са сталовак для птушак, але і з гнёздаў сокала-пустальгі.

Важна, што дзякуючы серверу, карыстанне якім ізноў бясплатна забяспечыў “Элнет”, ёсць магчымасць глядзець стрым на сервісе YouTube. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе любому гледачу ‘адмотваць’ трансляцыю да 12 гадзін назад і самастойна шукаць цікавыя моманты з яе.

Вашы пытанні, каментары і скрыншоты таго, што адбываецца на сталоўцы, дапамогуць лепш разумець іншым гледачам, што цікавага або незвычайнага вы назіралі, а арнітолагам вызначыць від(ы) птушак і звяроў і растлумачыць асаблівасці іх паводзін. Каб мець магчымасць каментаваць падзеі, трэба зарэгістравацца на сайце “Птушкі штодня”.

Як дапамагчы анлайн-сталоўцы, чытайце тутЦікавага прагляду!

Тэкст: birdwatch.by

Скрыншот з сойкамі і відэа з шуляком-карагольчыкам, арланам-белахвостам і вушатай савой з мінулагодняй трансляцыі анлайн-сталоўкі

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: