Каўкі аказаліся дэмакратычнымі птушкамі
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 10 чэрвеня 2022 года
Падчас зімоўкі каўкі збіраюцца на начлег вялікімі групамі ад сотняў да тысяч птушак у адным месцы. Нядаўняе даследаванне паказала: каб вырашыць, калі ўсім адляцець з месца начлегу, яны выкарыстоўваюць своесаблівы дэмакратычны працэс прыняцця рашэння.
Каманда навукоўцаў з University of Exeter, University of Cambridge (абодва – Вялікабрытанія) і Centre for Ecological Research and Forestry Applications у Барселоне (Каталонія) на розных месцах начлегу ў Корнуэле запісвала галасы птушак перад іх разлётам з самага ранку. Пасля дзякуючы камбінацыі прайгравання гэтых запісаў і рэальных ‘перамоў’ паміж птушкамі даследчыкі ўбачылі, што з дапамогай галасоў каўкі сапраўды здзяйсняюць своеасаблівае абмеркаванне і прымаюць рашэнне пра адлёт кансенсусам (“consensus decision-making”).
Пасля начлегу ў вялікай групе кожная з кавак можа мець трошкі розныя прэферэнцыі наконт таго, калі яна хоча адляцець. Яны могуць залежаць ад яе адчування голаду, – сказаў Alex Dibnah, які ачольваў правядзенне даследавання. – Тым не менш, для ўсіх карысна дасягнуць кансенсусу. Бо агульны адлёт з месца начоўкі мае яўныя перавагі для ўсіх птушак. Сярод іх большая бяспека ад драпежнікаў і доступ да інфармацыі пра месцы з даступнай ежай. Наша даследаванне паказала, што асобныя птушкі голасам прымаюць – або не – удзел у прыняцці рашэння і калі шум галасоў дасягае нейкага ўзроўня, каўкі пачынаюць масава пакідаць месца начлегу”.
Навукоўцы таксама знайшлі, што:
Цікава, аднак, што каўкі не заўсёды адлятаюць зранку ў вялікай колькасці і амаль адначасова. Калі ўзровень крыкаў птушак не ўзрастае так хутка, як трэба, і не дасягае патрэбнага ўзроўню, каўкі пачынаюць адлятаць у пошуках ежы паступова і невялікімі групамі.
Прафесар Alex Thornton з Exeter’s Centre for Ecology and Conservation наступным чынам пракаментаваў вынікі даследавання:
Гэта дапамагае нам зразумець, як сапраўды вялікія групы жывёл могуць каарадынаваць свае дзеянні, і гэта тое, што дагэтуль рэдка было апісана дэтальна. Таксама важна, што той шум, які ўтвараем мы, людзі, можа перашкаджаць у адэкватнай перадачы і ўспрыняцці гукавой інфармацыі ў розных сацыяльных групах дзікіх жывёл. Наступным крокам мы хочам даследаваць гэта.
Крыніца: Alex J. Dibnah et al, Vocally mediated consensus decisions govern mass departures from jackdaw roosts, Current Biology (2022) DOI: 10.1016/j.cub.2022.04.032
Паводле www.phys.org для сайта birdwatch.by падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Ірыны Самусенка
Падзяліся артыкулам у сацсетках: