Рэдкая красуня: у Брэсцкім раёне заўважылі чырвонаваллёвую казарку

ад 15 лістапада 2022 года

Міграцыя птушак працягваецца. А гэта значыць, што патрэбна глядзець на ўсе вочы, бо кожны можа сустрэць рэдкі від. На выходных у Брэсцкім раёне адзначылі рэдкую госцю – чырвонаваллёвую казарку (краснозобую казарку)!

Чырвонаваллёвая казарка. Фота: Francis C. Franklin, Dick Daniels, commons.wikimedia.org.

Чырвонаваллёвая казарка. Фота: Francis C. Franklin, Dick Daniels, commons.wikimedia.org.

Птушку заўважылі брэсцкія птушкары – Яўген Місіюк, Анастасія Сяргеева і Кацярына Крупянкова.

Чырвонаваллёвая казарка – птушка, якую я заўсёды марыў пабачыць, але да канца не верыў, што атрымаецца гэта зрабіць у Беларусі, – расказаў Яўген у сваім Telegram-канале “Прыгоды натураліста”. – Мары здзяйсняюцца. Праехаўшы за сёння некалькі вадаёмаў і не пабачыўшы нічога акрамя рыбакоў, якія, як апантаныя, круціліся ў лодках, мы вырашылі праверыць пруды, каля в. Дамачава Брэсцкага раёна. Нічога цікавага нам там ніколі не траплялася. А сёння ў гэтае пахмурнае надвор’е, прыклаўшы вока да акуляра трубы, я на секунду пабачыў гусей, а сярод іх… плавала казарка. У той жа момант яны схаваліся за сцяну трыснягу, а я размахваючы рукамі спрабаваў нешта невыразнае апавесці дзяўчатам. Пакінуўшы іх з трубой на гэтым месцы пільнаваць птушак, я з фотаапаратам кінуўся на другі бок возера, дзе праз нейкі час знайшоў дзве казаркі, якія мірна плавалі сярод шэрых і белалобых гусей. Праз нейкі час дзяўчаты далучыліся да мяне, і мы амаль да самага змроку назіралі за гэтымі птушкамі. Гэта мой 244-ты від птушак і трэці від казарак, які я назіраў у Беларусі.  

Чытай вялікае інтэрв’ю з Яўгенам Місіюком

Чырвонаваллёвая казарка сярод шэрых і белалобых гусей. Фота Яўгена Місіюка

Чырвонаваллёвыя казаркі гняздуюць у тундрах Заходняй Сібіры, зімуюць у Балгарыі і Румыніі. У Беларусі – рэдкі выпадкова залётны падчас міграцый від. 

Масавaя зімоўкa ў Балгарыi і Румыніi была адкрыта адносна нядаўна, у другой палове XX стагоддзя. Да гэтага казаркі зімавалі на ўзбярэжжы Каспійскага мора – у Азербайджане, Туркменістане і Іране, а таксама на берагах Персідскай затокі.

Чырвонаваллёвую казарку пазнаць лёгка (глядзі загалоўнае фота). Паляванне на яе забаронена.

 


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: